Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС КАЖА, ШТО КНГ АБСЭ Ў МЕНСКУ БОЛЬШ НЯ МОЖА ДЗЕЙНІЧАЦЬ


Ул. інф.

На сёньняшнім брыфінгу ў Міністэрстве замежных справаў ягоны прэсавы сакратар Павал Латушка паведаміў, што МЗС атрымала ліст ад кіраўніцы Рабочай групы Парлямэнцкае Асамблеі АБСЭ Уты Цапф.

“У лісьце падкрэсьліваецца неабходнасьць працягу канструктыўнага дыялёгу групы з кіраўніцтвам краіны, які меў шматабяцальны пачатак у часе папярэдняга візыту сяброў групы ў лістападзе 2001 году”, — паведаміў спадар Латушка й заявіў, што Міністэрства замежных справаў надае вялікае значэньне пасьпяховай рэалізацыі згаданага візыту.

Паводле прэсавага сакратара МЗС, сярод галоўных тэмаў для абмеркаваньня Ута Цапф назвала пэрспэктывы супрацоўніцтва з Кансультацыйна-назіральнай групай АБСЭ ў Менску.

Тым часам кіраўнік МЗС Міхаіл Хвастоў сёньня ў інтэрвію дзяржаўнаму радыё зноў заявіў, што мандат КНГ АБСЭ неабходна перагледзець. Навіной жа стала меркаваньне спадара Хвастова пра тое, што ў межах ранейшага мандату група ня здольная дзейнічаць.

А што думае сама група — можа яна зараз працаваць у Беларусі ці не? Вось як адказаў на гэтае пытаньне палітычны дарадца Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі Эндру Карпэнтэр:

(Карпэнтэр: ) “Так, мы можам працаваць, таму што маем той самы мандат. Пакуль ён ня зьменены або ня спынены, ён сапраўдны паводле вызначэньня. Мы працягваем дзейнічаць з нашым першапачатковым мандатам, які ня быў ніякім чынам папраўлены”.

А прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка на пытаньне, ці будзе ягонае ведамства прапаноўваць дэлегацыі на чале з Утай Цапф абмеркаваць мандат групы АБСЭ ў Менску, адказаў гэтак:

(Латушка: ) “МЗС Беларусі не плянуе падымаць згаданае пытаньне аб мандаце КНГ АБСЭ ў Беларусі. У дадзены момант згаданае пытаньне вынесенае для магчымых кансультацыяў зь дзейным старшынём АБСЭ — пра ўпарадкаваньне мандату ды яго актуалізацыю. Гэтая прапанова вынесеная з той мэтай, каб у будучым не ўзьнікала сумневу ў адносінах да трактаваньня згаданага мандату. Калі ж Ута Цапф па ўласнай ініцыятыве падыме гэтае пытаньне, дык беларускі бок прадставіць сваю пазыцыю”.

Аднак Эндру Карпэнтэр з КНГ АБСЭ зазначыў:

(Карпэнтэр: ) “Усё абмеркаваньне мандату, любы перагляд ці зьмена будуць ажыцьцяўляцца ня тут у Беларусі, а ў рамках Сталай рады АБСЭ ў Вене”.

Міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў сёньня таксама заявіў наступнае: “Палітычна й эканамічна сытуацыя ў нашай краіне зьмянілася ў лепшы бок. Але АБСЭ не разумее, якіх мэтаў сама арганізацыя дабіваецца ў Беларусі”. Адначасова, на думку спадара Хвастова, галоўным ёсьць тое, што “група дзейнічае па просьбе ўраду краіны й ейныя дзеяньні ня мусяць выходзіць за рамкі пастаўленых задачаў”.

Прадстаўнікі АБСЭ зьвяртаюць увагу на гэтую супярэчнасьць — мэты нібыта незразумелыя, але задачы пастаўленыя, — ды адмаўляюцца камэнтаваць заяву міністра Хвастова.

А ён спадзяецца на тое, што зьмяніць мандат групы АБСЭ ў Менску яму дапаможа афіцыйная Масква. Як сказаў Міхаіл Хвастоў, “Расея — наш надзейны партнэр, які заўжды дапаможа”.
XS
SM
MD
LG