Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛУГІНА ПЕРАВЯЛІ З НАВІНАК У СЬЛЕДЧЫ ІЗАЛЯТАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

З псыхіятрычнага шпіталю ў Навінках Леаніда Калугіна перавялі зноў у сьледчы ізалятар. Гэта адбылося ўчора, прычым сваякоў былога дырэктара “Атлянту” зноў пра гэта не паінфармавалі.

Жонка Калугіна Людміла ў інтэрвію Радыё Свабода не хавала сваіх эмоцыяў:

(Калугіна: ) “Нікому не паведамілі, абсалютна нікому. Я ня ведаю, як гэтак можна зьдзекавацца зь людзей у нашай краіне. Спачатку забралі ў “дурдом”, нікому нічога не сказалі, цяпер гэтак жа бязь вестак забралі й зноў кінулі за краты. Ён здаровы і нармальны чалавек, а наколькі мне вядома, яго там трымалі разам з сапраўды ненармальнымі”.

Людміла Калугіна працягвае настойваць на тым, што яе муж ні ў чым не вінаваты. Яна адказала на мае пытаньні адносна дабрабыту сям’і Калугіных. У іх чатырохпакаёвая кватэра на вуліцы Максіма Танка, але, паводле Людмілы Калугінай, фэшэнэбэльнай і вялікай гэтую кватэру ніяк не назавеш — усяго 52 квадратныя мэтры. І абстаўленая яна вельмі сьціпла.

(Калугіна: ) “У нас зусім простая сям’я. Дома толькі што іконы ёсьць, а гэтак усё вельмі сьціплае, як ва ўсіх людзей. Іконы міліцыянты апісалі, але гэтыя іконы муж нават ня сам набываў — усе яму падарылі. Я пасьля арышту мужа тэлефанавала айцу Іаану, прасіла заступіцца, але ён сказаў, што лепш маўчаць. Але я не разумею, чаму трэба маўчаць, калі ён сапраўды дапамагаў праваслаўнай царкве”.

Людміла Калугіна мяркуе, што дактары пераканаліся ў псыхічным здароўі ейнага мужа і з гэтым дыягназам выпусьцілі яго са шпіталю ў Навінках, але дакладна яна ня ведае. Затое яна перакананая, што мужу ў Навінках не калолі ніякіх прэпаратаў. Людміла Калугіна спасылаецца на сваю дачку Ірыну, якая сустракалася з бацькам у шпіталі:

(Калугіна: ) “Калі я ў яе спыталася пасьля сустрэчы, то яна сказала, што яго нічым не калолі, а проста размаўлялі зь ім. Паўтару, мне вядома толькі, што ён быў там у адным пакоі разам з сапраўды псыхічна хворымі, але да яго дактары нармальна паставіліся”.

У ахоўным аддзяленьні псыхіятрычнага шпіталю мне пацьвердзілі, што Калугіна перавялі, але пастаўлены яму дыягназ паведаміць адмовіліся, спаслаўшыся на мэдычную таямніцу.

Адвакат Калугіна Аляксандар Пыльчанка ўхваліў тое, што ягонага падабароннага перавялі з Навінак. Ён пацьвердзіў свае былыя заявы адносна таго, што Калугін быў зьмешчаны ў псыхіятрычны шпіталь з шэрагам працэсуальных парушэньняў.

“Відаць, стан ягонага здароўя прызналі здавальняючым, але мне заключэньня мэдыкаў не паказвалі. Далей з Калугіным пачнуць сьледчыя дзеяньні, але дакладна нічога сказаць не магу. На маю думку, ён не вінаваты, і сьледзтва толькі губляе час”, — лічыць адвакат Пыльчанка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG