Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА 5 САКАВІКА ПЛЯНУЕЦЦА АГУЛЬНАРЭСПУБЛІКАНСКАЯ АКЦЫЯ ПРАТЭСТУ


Міхал Стэльмак, Менск

Ініцыятарам агульнарэспубліканскай акцыі пратэсту выступіў прафсаюз аўтасельгасмашу. Ягоны лідэр Аляксандар Бухвостаў заявіў на паседжаньні прэзыдыюму Фэдэрацыі, што далейшы дыялёг з уладамі наконт праблемы прафсаюзных складак беспэрспэктыўны. Вось як ён патлумачыў гэта нашаму радыё:

(Бухвостаў: ) “Людзі даўно чакаюць рашучых дзеяньняў. Марудлівасьць у прыняцьці рашэньня наконт пастановы стварае няпрыемную карціну. Нібыта кіраўніцтва Фэдэрацыі нядзеяздольнае. Месяц мінуў, а вынікаў няма, і трэба тэрмінова прымаць рашэньне. У нас прафсаюзны актыў ужо не атрымлівае заробкаў. Людзі на прадпрыемствах не разумеюць, чаму мусяць зьбіраць прафсаюзныя складкі ўручную. Людзі ставяць пытаньне: ці здольныя вы абараніць нас, калі ня можаце абараніць сябе? Калі б сёньня не было рашэньня, то гэта вельмі нэгатыўна адбілася б на іміджы Фэдэрацыі”.

Што гэта так, засьведчылі выступы на сёньняшнім паседжаньні прадстаўнікоў прафкамаў прадпрыемстваў. У прыватнасьці, вось што сказаў намесьнік старшыні прафсаюзнага камітэту трактарнага заводу Эдуард Грыхуцік:

(Грыхуцік: ) “У нас ёсьць сёньня гістарычнае права адстаяць сваю чалавечую годнасьць і гонар. Бо як бы мы ні згіналі галаву, нам яе ўсё роўна адсякуць, калі ня будзем абараняць сябе. Трактарны завод зараз у вельмі цяжкай сытуацыі. Прадпрыемства фактычна не працуе. Нам вельмі пашанцавала з генэральным дырэктарам, які выцягнуў прадпрыемства з багны. Новага дырэктара яшчэ няма. Кандыдатуры ж, якіх зараз сем, запісаныя, можна сказаць, валявым рашэньнем — камікадзэ”.

Сябры прэзыдыюму амаль аднадушна прагаласавалі за ініцыятыву правесьці агульнарэспубліканскую акцыю пратэсту 5 сакавіка. У якой форме мяркуецца акцыя? Вось што зазначыў на гэты конт нашаму радыё старшыня Фэдэрацыі Франц Вітко:

(Вітко: ) “Форма правядзеньня гэтай акцыі будзе залежаць ад таго, наколькі па рэгіёнах, абласных цэнтрах будуць падрыхтаваныя да яе й наколькі яна будзе мець падтрымку ў першасных прафсаюзных суполках. Мне здаецца, што калі будзе падтрымка першасных прафсаюзных суполак, шараговых сяброў прафсаюзу, то гэтая акцыя ў Менску можа выліцца ў агульнагарадзкі мітынг. Агульнагарадзкія мітынгі, пікеты, шэсьці могуць прайсьці ў абласных і раённых цэнтрах”.

(Карэспандэнт: ) “Ці чакаецца з боку сяброў Фэдэрацыі падтрымка заўтрашнім дзеяньням салігорскіх шахцёраў?”

(Вітко: ) “Падтрымка такая абавязкова будзе. Можа, часу было мала. Выяўлялася жаданьне і старшыняў прафкамаў, і шараговых сяброў прафкамаў падтрымаць дзеяньні салігорцаў”, — зазначыў Франц Вітко, старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў.
XS
SM
MD
LG