Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У БЕЛАРУСІ ЎСЯГО АДЗІН САМАЛЁТ АДПАВЯДАЕ ЭЎРАПЕЙСКІМ ПАТРАБАВАНЬНЯМ


Ігар Карней, Менск

1 красавіка на ўсёй тэрыторыі Эўразьвязу пачынаюць дзейнічаць новыя патрабаваньні да самалётаў грамадзянскай авіяцыі. Галоўныя прэтэнзіі, якія Эўракамісія выказвала дагэтуль — неадпаведнасьць найперш расейскай авіятэхнікі нормам Міжнароднай асацыяцыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) паводле аэрашумоў і шкодных выкідаў.

Якраз гэтымі днямі прадстаўнічая група расейскіх адмыслоўцаў вядзе перамовы ў Брусэлі наконт адтэрміноўкі жорсткіх санкцыяў. Беларусь таксама зацікаўленая ў станоўчым для Расеі выніку, бо, як ніводная постсавецкая краіна, цалкам залежыць ад расейскіх авіязаводаў.

Але Вадзім Мельнік, старшыня камісіі Дзяржаўнага камітэту авіяцыі, якая займаецца пытаньнем аднаўленьня паветранага парку Беларусі, кажа, што паніка пакуль заўчасная.

(Мельнік: ) “Што вядзе перамовы Расея — гэта так, але наконт забароны палётаў над краінамі Эўропы — такога рашэньня няма. Мы пакуль ня маем поўнай інфармацыі з Расеі: як ідуць перамовы. А гэта важна, бо Расея зьяўляецца вытворцам тых паветраных суднаў, на якія можа быць забарона. Але небясьпека забароны ёсьць ня толькі на расейскія самалёты. Гэта ўся паветраная тэхніка, якая сэртыфікаваная дадаткам 16 Чыкагскай канвэнцыі.

Мы актыўна працуем над пытаньнем замены тэхнікі, але якой яна будзе — гэта павінен вырашыць беларускі народ, урад. Пытаньне вельмі сур'ёзнае, бо яно грашовае. А што тычыцца патрабаваньняў Эўразьвязу, то 33-я сэсія ІКАО не зацьвердзіла гэта ў той ступені, у якой хацеў Эўразьвяз”.

Спадар Мельнік таксама распавёў, што ІКАО прапанавала, каб кожная краіна Эўразьвязу вырашала праблему самастойна: спыняць палёты самалётаў расейскай вытворчасьці над сваёй тэрыторыяй, альбо не.

Паводле некаторых зьвестак, зараз у Беларусі толькі адзін самалёт, які напалову адпавядае патрабаваньням Эўракамісіі. Але намесьнік кіраўніка авіякампаніі “Белавія” Ігар Ўранчаль упэўнены: у ізаляцыі Беларусь не застанецца.

(Ўранчаль: ) “ТУ-154М адпавядае большасьці эўрапейскіх патрабаваньняў. Ды паглядзім, можа яшчэ штосьці зьменіцца. Мы павінны ўдакладніць, што Расея атрымала ў выніку, бо менавіта Расея першай ініцыявала перамовы. Але, разумееце, гэтыя пытаньні — прэрагатыва Дзяржаўнага камітэту авіяцыі. Я не магу зараз адказваць за тое, якія перамовы надалей будуць весьці дзяржаўныя службоўцы”.

З кампэтэнтных крыніцаў таксама стала вядома, што ў другой дэкадзе студзеня эмісары Аляксандра Лукашэнкі накіраваліся ў ЗША, наўпрост на заводы кампаніі “Боінг”. Мэта — перамовы наконт набыцьця аэробуса ўсясьветна вядомай маркі для Лукашэнкі, які з 1994 году лётае на адмыслова вырабленым для яго ў Расеі ТУ-154. Такім чынам, у выпадку станоўчых перамоваў, “Боінг” Лукашэнкі будзе адзіным у Беларусі самалётам, які цалкам адпавядае патрабаваньням Эўразьвязу і Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі.
XS
SM
MD
LG