Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ЗРАБІЦЬ БЕЛАРУСКІ БЭСТСЭЛЕР


Валянціна Аксак, Менск

(Аксак: ) "Пэсымісты кажуць, што ў хуткім часе беларускіх чытачоў будзе столькі ж, колькі ёсьць беларускіх пісьменьнікаў. Я зьвяртаюся да Валянціна Акудовіча. Ці ёсьць такая беларуская сытуацыя ўнікальнай, ці гэта частка сусьветнай праблемы?"

(Акудовіч: ) "З майго гледзішча, тут мы маем досыць дзіўную сытуацыю. Сёньня кнігаў выдрукоўваецца непамерна болей, чым у 19-ым ці першай палове 20-га стагодзьдзя. У той жа час, нават аптымісты пагаджаюцца з тым, што мастацкая літаратура апынулася ў глыбокім сыстэмным крызісе. Уся праблема ў тым, што значэньне літаратуры выяўляецца ня ў колькасьці тэкстаў і чытачоў, а ў сацыяльна-культурнай ролі літаратуры. Калі ў папярэднія стагодзьдзі вялікі эўрапейскі раман быў тым сэкулярызаваным храмам, у якім зьбіралася ўсё эўрапейскае чалавецтва, прынамсі яго адукаваная частка, каб зразумець сябе як цэлае, як вялікую цывілізацыю духу, прагрэсу і спазнаньня ісьціны, то сёньня раманы нават самых папулярных аўтараў кожны чытае паасобку, сам для сябе і дзеля сябе, гэта значыць – дзеля проста чытаньня. Агульна прынята зьвязваць крызіс літаратуры зь неверагодным развоем тэхнічных магчымасьцяў аудыё- ды відэакультураў. Тут цяжка што-кольвек запярэчыць. Але я б зьвярнуў увагу на іншае, што можа быць зьвязана з развоем тэхнакратычнай цывілізацыі, а можа і не. Мне здаецца, сучасны чалавек страціў цікавасьць як да іншага чалавека, так і да самога сябе. Адсюль і страта цікавасьці да літаратуры як да крыніцы наталеньня чалавечай прагі да веданьня, чым ёсьць ён, чалавек".

(Аксак: ) "Калі ласка, Пятро Васючэнка, ці згодныя вы з такой думкай?"

(Васючэнка: ) "Можна часткова пагадзіцца з думкай спадара Валянціна пра тое, што літаратура перажывае крызіс у гісторыі свайго некалькітысячагадовага існаваньня, але гэта ня першы крызіс, і з папярэднімі яна спраўлялася пасьпяхова. Крызіснасьць заключаецца ў тым, што літаратура ў параўнаньні зь 19-ым стагодзьдзем, як слушна сказаў спадар Валянцін, уступіла ў новую сыстэму ўзаемаадносінаў з новымі відамі мастацтва, творчасьці і камунікацый. Але заўважу як аптымістычную дэталь тое, што і відэакультура, і культура тэлебачаньня, і кінэматограф, і іншыя віды культуры, якія могуць існаваць, пакуль што заснаваныя на тэксьце, на слове, на сцэнары – інакш кажучы, літаратура падпітвае іх і зьяўляецца тым грунтам, на якім вышэйпамянёныя віды мастацтва існуюць. Літаратура жыве, але ў нейкіх іншых, нязвыклых для сябе парамэтрах. Але з чаго пачынаюцца тыражаваныя творы масавай відэакультуры? Зноў-такі з тэксту, зь літаратуры. Пакуль што”.

(Аксак: ) "Дзякуй. Але вось перада мной лічбы індывідуальнай падпіскі на беларускія часопісы на першае паўгодзьдзе 2002-га году. Гэткім чынам, самы чытальны часопіс зь беларускіх – "Полымя" (387 індывідуальных падпісчыкаў). Часопіс, які перакладае беларускія тэксты, а таксама друкуе расейскамоўных беларускіх творцаў – часопіс "Нёман" – мае 107 падпісчыкаў. Дык вось з гэтых лічбаў вынікае, што беларускія тэксты не чытаюцца нават самімі пісьменьнікамі, бо ў Саюзе пісьменьнікаў, як вядома, больш за 500 сяброў. Спадар Акудовіч, калі ласка, чаму, на Вашую думку, не чытаюца беларускія часопісы?"

(Акудовіч: ) "Сапраўды, індывідуальны падпісчык беларускіх літаратурных часопісаў, здаецца, зьнік як від. Тыраж часопісаў і штотыднёвых літаратурных ды культурніцкіх газэт трымаецца толькі дзякуючы калектыўным падпісчыкам: біблятэкам, розным установам, грантам і гэтак далей. Уявіце: усе беларускія літаратурныя часопісы маюць сёньня ўсяго толькі крыху больш за тысячу індывідуальных падпісчыкаў. Нагадаю, што падчас перабудовы адна толькі "Крыніца" мела 14 тысяч беларускамоўнага накладу, а цяпер усе літаратурныя беларускамоўныя часопісы маюць толькі нейкую палову ад гэтай лічбы. Кніжка паэзіі з накладам у трыста асобнікаў лічыцца высокай літаратурнай нормай. Кніжка прозы ў тысячу асобнікаў не разыходзіцца гадамі. Можна казаць пра зьбядненьне насельніцтва, але ж ніколі раней нашыя людзі ня мелі лішняй капейчыны. Можна казаць, што перавяліся вартыя ўвагі пісьменьнікі, але, дзякуй Богу, многія з тых, хто прынёс славу нашай літаратуры, яшчэ жывыя і досыць актыўна працуюць. А колькі за апошнія паўтара дзесяцігодзьдзі зьявілася новых імёнаў!

А можа нашую літаратуру няма каму чытаць? Таксама ня так, бо толькі ў розных галінах гуманістыкі ў нашай краіне навучаецца ды працуе, бадай, больш за сотню тысяч чалавек. Адсюль атрымліваецца, што з гэтай сотні тысяч з добрым гакам у самым аптымістычным выпадку беларускай літаратурай цікавіцца адно толькі кожны дзясяты і то зрэдчас. У якой-небудзь Францыі мы б тут і спыніліся, каб пачаць разьбірацца, чаму гуманітарыі не чытаюць мастацкую літаратуру. Але ў нашым выпадку мяне больш цікавіць, чаму яе не чытаюць тыя 10-15% насельніцтва краіны – каля 1,5 мільёна чалавек – якія паводле ўсіх сацыялягічных апытаньняў, дый вынікі выбараў кажуць за тое, прагнуць незалежнай нацыянальнай Беларусі.

Як мне неаднойчы расказвалі эстонцы, калі пагроза русіфікацыі і дэнацыяналізацыі сталася для іх рэальнай, у іх узялося за норму прачытваць кожную новую кніжку эстонскага літаратара. У нас жа, у сытуацыі генацыду мовы, у сытуацыі адсутнасьці адзнакаў беларускай культуры, беларускага мысьленьня, беларускай ідэнтычнасьці, нашыя заангажаваныя ўпарта ігнаруюць прастору літаратуры. А навошта ім незалежнасьць? Навошта ім нацыянальная дзяржава, за якую яны мітынгуюць і галасуюць, калі яны абмінаюць тое нацыянальнае, што ёсьць побач іх сёньня? Папрокі іншым – апошняя справа. І таму я гатовы выбачыцца за мае папярэднія словы, але посьледам прашу кожнага, хто нас слухае: знайдзеце, калі ласка, колькі хвілін вольнага часу, каб шчыра разабрацца з самім сабой: "Чаму менавіта я не чытаю беларускую літаратуру? Чаму менавіта мне яна непатрэбная?" Я ня думаю, што пасьля гэткага роздуму нехта падхопіцца з услончыка ды пабяжыць у краму набываць беларускую кніжку. Але мне здаецца, што сам па сабе падобны досьвед самарэфлексіі будзе карысны кожнаму".

(Аксак: ) "Спадар Акудовіч згадаў Францыю. У гэтай краіне ў 2000-ым годзе выйшла 288 раманаў, сёньня там працуюць больш за 20 тысяч пісьменьнікаў. Калі ўлічыць, што насельніцтва Францыі ў 5 разоў перавышае колькасьць жыхароў Беларусі, то ў нас мусіла быць толькі ў 5 разоў менш мастацкай літаратуры і пісьменьнікаў, аднак у нас выходзіць ня болей за 10 раманаў штогод, і наклад іх зусім мізэрны. Вось, да прыкладу, кніжка, якая магла б быць бэстсэлерам, кніжка Юр’я Станкевіча "Любіць ноч – права пацукоў", якая выйшла накладам усяго толькі паўтары тысячы асобнікаў.

Спадар Васючэнка, дык чаму ж усё-ткі ў нас не чытаюць беларускую літаратуру? Калі ласка, вашае меркаваньне”.

(Васючэнка: ) "Маё меркаваньне такое, што беларускую літаратуру ў нас усё ж такі чытаюць. Ёсьць сталая катэгорыя чытачоў, мы не выключэньне тут, думаю, аналягічная сытуацыя і ў іншых краінах, гэтая катэгорыя – студэнцтва, якое чытае беларускую літаратуру. У асноўным гуманітарнае студэнцтва, хаця і ня толькі яно. Пакуль што гэтая аўдыторыя ня здрадзіла беларускай літаратуры, хаця падпісчыкамі яны зьяўляцца наўрад ці могуць”.

(Акудовіч: ) "А можа яны чытаюць таму, што ім трэба залікі ды іспыты здаваць?"

(Васючэнка: ) "Але ж чытаюць”.

(Акудовіч: ) "Хэ-хэ-хэ..”.

(Васючэнка: ) "Але чытаюць! Усялякае чытаньне – гэта працэс прымусу над сабой: чалавек адкідае іншыя справы і бярэцца за чытаньне. Ёсьць таксама катэгорыя аматараў беларускай літаратуры – даволі разнастайная і размаітая – якая купляе таксама беларускую кніжку, пра што сьведчыць хаця б тое, што ў кіёску Таварыства беларускай мовы заўсёды ёсьць пакупнікі”.

(Аксак: ) "І тым ня менш там прадаюцца кніжкі, наклад якіх не перавышае ў лепшым выпадку 5 тысяч асобнікаў. Дык ці магчымы ў такой сытуацыі беларускі бэстсэлер? Спадар Акудовіч, калі ласка”.

(Акудовіч: ) "Не складае праблемы разгарнуць аналітыку, выявіць тыя пазалітаратурныя прычыны, якія не даюць нам ніякіх шанцаў спадзявацца нават на магчымасьць беларускага бэстсэлера. Прынамсі, у традыцыйным разуменьні слова "бэстсэлер" – тэкста, які карыстаецца шырокай папулярнасьцю, аўтару прыносіць славу, а выдаўцу – добры прыбытак. У дужках заўважу, што ў ранейшы час прыкладаў беларускага бэстсэлера хапала, скажам, раман "Атлянты і Карыятыды" Івана Шамякіна ці раманы Ўладзімера Караткевіча. Але замест таго, каб аналізаваць сытуацыю, я проста разгарну адзін прыклад. Якраз перада мною спадарыня Валянціна ўзгадала кніжку Юр’я Станкевіча "Любіць ноч – права пацукоў". Дык вось, колькі гадоў таму гэты раман быў надрукаваны ў часопісе "Крыніца" і адразу займеў шырокую прэсу. У штотыднёвіку"ЛіМ" пад рэцэнзіі на яго далі цэлую разгортку. У досыць масавай газэце "Свободные новости" Сьвятлана Алексіевіч пісала пра гэты раман як "пра лепшы беларускі раман дзесяцігодзьдзя". І што б вы думалі?! Пры такім шырокім розгаласе і пры бясспрэчнай, з майго гледзішча, бэлетрыстычнасьці рамана па ўсіх парамэтрах часопіс "Крыніца" так і застаўся нераскупленым нават у цэнтры Менску, дзе ў безьлічы сноўдаецца палітычна заангажаваная інтэлігенцыя. Вось так”.

(Аксак: ) "Гэткім чынам, як я зразумела спадара Акудовіча, ён лічыць, што беларускі бэстсэлер у дадзенай сытуацыі немагчымы. Калі ласка, спадар Васючэнка”.

(Васючэнка: ) "Па-першае, давайце разьбярэмся, што ёсьсць бэстсэлер. Гэта кніга, якая купляецца, тыражуецца, і ў глябальным значэньні – гэта кніга, якая выдаецца вельмі вялікімі, мільённымі тыражамі. У такім парамэтры беларускі бэстсэлер на беларускай мове немагчымы. Такая моўная сытуацыя. Носьбітаў беларускай мовы няшмат. Таму будзем разглядаць дзьве магчымасьці: бэстсэлер на беларускай мове ў Беларусі і бэстсэлер у перакладзе на замежныя мовы па-за Беларусьсю. Бэстсэлеры апошняга тыпу ў нашай літаратуры ўжо былі: творы Шамякіна на расейскай мове калісьці чытала ўсё насельніцтва СССР – у іх дастаткова чульлівасьці, мэлядраматызму, інтрыгі, побыту; творы Караткевіча; творы Васіля Быкава ў перакладзе на 70 моваў сьвету, хаця мы ня скажам, што гэта чытанка для забаўкі. Было! Бо існавала савецкая тэхналёгія стварэньня твора для масаў. Цяпер сытуацыя зьмянілася. Савецкая тэхналёгія зьнікла, але ж існуюць іншыя. Мы мусім уявіць сабе нашую літаратуру ў стасунках са сродкамі масавай інфармацыі, зь відэакультурай, з тэлебачаньнем. Калі дазволіце, я дам некаторыя парады…”

(Аксак: ) "Так, калі ласка, рэцэпт беларускага бэстсэлера!"

(Васючэнка: ) "Як я ўжо казаў, бэстсэлер павінен узаемадзейнічаць з тэлевізіяй, зь іншымі сродкамі масавай культуры, і яму павінен спадарожнічаць сэрыял. Так і было з творамі Шамякіна, Чыгрынава, Івана Мележа – вось прыклады савецкага бэстсэлера і савецкіх сэрыялаў. Трэба шукаць спосабаў тыражаваньня літаратуры ў сёньняшніх варунках. І першая спроба, дарэчы, ужо была на беларускай тэлевізіі. Быў узяты твор не беларускага аўтара, але ў беларускім інтэр'еры. Я маю на ўвазе "Пракляты ўтульны дом" паводле паляка Жыромскага.

Па-другое, мне думаецца, што стварэньне бэстсэлера зьвязанае са стварэньнем новага нацыянальнага міту. Гляньце: лацінаамэрыканскі міт пра папялушку("Рабыня Ізаўра"), амэрыканскі міт – усьмешка на 32 зубы, ангельскі, зьвязаны з утульнасьцю хатняга агменю, савецкі – герой-разьведчык... Натуральна, што павінна быць тыражаваньне беларускага нацыянальнага міту. Беларускі міт, як я яго сабе ўяўляю, – гэта ў першую чаргу інтэр'ер беларускага дому, агменю, да якога беларус так прывязаны. Гэта можа быць 19-ае стагодзьдзе, дзеяньне адбываецца ў замку, у радавым гнязьдзе, ува ўтульным ціхім інтэр'еры. І нацыянальны герой. Вядома, мы ня можам дапусьціць, каб ён нагадваў нейкім чынам пра прыгнечанасьць, рабства, як гэта бывае ў посткаляніяльных краінах, дзе культывуецца рабства ("Рабыня Ізаўра"). Мы мусім мець вольнага чалавека.

Герой-мужчына павінен быць надзелены такімі якасьцямі як рэфлектыўнасьць, інтравэртнасьць, схільнасьць да самаіроніі; ён павінен быць мужным у экзыстэнцыйным выбары і кранальна кволым у побыце, у адносінах з жанчынамі, зь сямейнікамі. Гэта герой-рыцар, і прататыпам яго зьяўляецца герой-рыцар твораў Караткевіча. Жанчына зь беларускага міту таксама ня можа быць рабыняю, гэта панна, асноўная якасьць якой – зьменлівасьць. Яна ўвесь час розная. Характар дыктуецца свавольствам (купалаўская Паўлінка, загадкавыя жанчыны Уладзімера Караткевіча: Майка, Надзея Яноўская). Астатняе – гэта праблемы тэхнікі, праблемы раскручваньня. Да гэтага, на маю думку, павінны спрычыніцца і сацыяльныя, і грамадзкія інстытуты, каб дапамагчы аўтару самасьцьвердзіцца ды раскруціць свой твор. Гэта пытаньне тэхналёгіі, але перадусім трэба добра пісаць таксама”.

(Аксак: ) "Так. Пытаньне тэхналёгіі, грошай, часу і галоўнае – таленту. І пакуль гэтага ўсяго ў дастатковай колькасьці ня маем, але сёе-тое чытаем. Спадар Акудовіч, што вы цяпер чытаеце ды што параіце пачытаць нашым слухачам?"

(Акудовіч: ) "У папярэднім нумары штотыднёвіка "Літаратура і Мастацтва" надрукаваная новая паэма Леаніда Дранько-Майсюка "Характар Арменіі". Фармальна гэта эсэ, напісанае рытмізаванай прозай, але аўтар не памыліўся, назваўшы свой твор паэмай, бо канцэнтрацыя паэтычнага тут надзвычай высокая. Таму аматарам вяртаньня ў віртуальны Эдэм раю не прамінуць сваёй увагай новую паэму Леаніда Дранько-Майсюка "Характар Арменіі".

(Аксак: ) "Спадар Васючэнка, а вы цяпер што чытаеце?"

(Васючэнка: ) "У дадзены момант на маім пісьмовым стале ляжыць кніга ангельскага прафэсара Макміліна "Гісторыя беларускай літаратуры 50-60-ых гадоў". Пераклад зрабіла Алеся Ліцьвіноўская, выкладчыца беларускай літаратуры, добрая знаўца ангельскай мовы. Мяркую, што чытачу будзе цікава даведацца пра тое, што ўбачыў іншаземны прафэсар у нашай нібыта правінцыйнай літаратуры, пісанай у той час, калі эпоха Сталіна зьмянялася на эпоху хрушчоўскае адлігі”.

(Аксак: ) "Вы ня будзеце казаць, што менавіта ён убачыў, так?"

(Васючэнка: ) "Ён убачыў тое, чаго ня бачым мы, тутэйшыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG