Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАФСАЮЗЫ БУДУЦЬ ЗЬБІРАЦЬ СКЛАДКІ ГАТОЎКАЙ


Міхал Стэльмак, Менск

Адысловы пленум прызнаў надзвычайным фінансавае становішча прафсаюзу АПК. Хто ў ім вінаваты? Адказваючы на гэтае пытаньне, прафсаюзныя актывісты падзяліліся. Адна частка ўдзельнікаў пленуму адказнасьць за фінансавы крызыс усклала на ўладу.

Паводле меркаваньняў апанэнтаў, урадавая забарона цэнтралізаванага пералічэньня прафсаюзных складак сталася наступствам удзелу прафсаюзаў у палітыцы і, найперш, у леташніх прэзыдэнцкіх выбарах. У прыватнасьці, прагучалі папрокі на адрас старшыні аграрнага прафсаюзу Аляксандра Ярашука, які ня толькі браў актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі Ўладзімера Ганчарыка, але й сам быў сярод прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду.

Камэнтуючы гэтыя папрокі нашаму радыё, экс-прэтэндэнт назваў іх беспадстаўнымі:

(Ярашук: ) “Пытаньне з майго пункту гледжаньня ня ёсьць карэктным, бо любое востра пастаўленае пытаньне — так ужо адбываецца ў нашай краіне,-яно нібы аўтаматычна характарызуецца і як пытаньне палітычнае”.

Што згуртавала ўдзельнікаў пленуму, дык гэта згода пра неабходнасьць захаваць на вёсцы прафсаюзныя суполкі — каб дамагацца сацыяльнай абароны работнікаў АПК і найперш выплаты заробкаў ад уладаў і гаспадарнікаў. На думку прафсаюзных лідэраў, у гэтай галіне сёлета чакаецца рэзкае пагаршэньне эканамічнага становішча. Гаворыць Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “Я магу прагназаваць з пэўнай доляй верагоднасьці, якім чынам будзе ўсё адбывацца ў эканоміцы сельскай гаспадаркі. Я не выключаю, што будзе мець месца яшчэ большае падзеньне эфэктыўнасьці сельскай гаспадаркі, што для ўсіх нас будзе вельмі і вельмі пагрозьлівай зьявай”.

(Карэспандэнт: ) “На сёньняшнім паседжаньні з вашых вуснаў прагучала думка пра рэальнасьць пагрозы развалу галіновага прафсаюзу на тэрытарыяльныя структуры з падпарадкаваньнем іх мясцовай выканаўчай уладзе”.

(Ярашук: ) “Я не выключаю, ёсьць для гэтага пэўныя падставы, што ўлады якраз і маюць на ўвазе ў выніку гэтага ціску, які адбываецца на прафсаюзы, для таго, каб тут унутры самі сабой адбыліся працэсы распаду”.

Удзельнікі пленуму пагадзіліся з Аляксандрам Ярашуком, што ў сёньняшніх варунках трэба ратаваць прафсаюзныя структуры ад распаду, які можа стацца незваротным. Вырашылі распачаць збор прафсаюзных складак наяўнымі грашыма.

Аднадушна актывісты прафсаюзу выказаліся і ў падтрымку заплянаванага на 1 лютага страйку шахцёраў Салігорску. Прафсаюзныя лідэры паабяцалі правесьці сярод сваіх сяброў тлумачальную працу, каб правесьці ў гэты дзень на працоўных месцах 5-хвілінныя перапынкі.
XS
SM
MD
LG