Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭЛЕГАЦЫЯ РАБОЧАЙ ГРУПЫ Ў СПРАВАХ БЕЛАРУСІ ПА АБСЭ БУДЗЕ Ў МЕНСКУ 3–5 ЛЮТАГА


Уладзімер Глод, Менск

Паводле інфармацыі з Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі, разам са спадарыняй Цапф Менск наведаюць і іншыя сябры адмысловай рабочай групы. Гэта, у прыватнасьці, добры знаўца беларускіх справаў Урбан Алін cа Швэцыі, а таксама дэпутатка з Латвіі Хелена Дэмакова, якая ўпершыню пабачыць Беларусь як новая сяброўка рабочай групы.

Магчыма, да іх далучыцца яшчэ адзін новаабраны сябар групы — спадар Райс з Партугаліі. У гэтай краіне рыхтуюцца да датэрміновых парлямэнцкіх выбараў, і таму спадар Райс пакуль ня вырашыў, ці зможа ён прыляцець у Беларусь.

Зараз праграма знаходжаньня дэлегацыі ПА АБСЭ ўдакладняецца. Але цікава, што першыя сустрэчы міжнародных парлямэнтароў пачынаюцца адразу ж пасьля прыезду — у нядзелю, 3 лютага. Чым патлумачыць такую імклівасьць, якая робіцца яшчэ больш незразумелай, калі ўлічыць, што тыдзень таму прэзыдэнт ПА АБСЭ Адрыян Сэвэрын увогуле казаў, што згаданы візыт у Беларусь адмяняецца?

Вось як адказвае на гэтае пытаньне сябра сталай дэлегацыі Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня ў ПА АБСЭ Уладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) "Яшчэ не надышоў час, і няма той унутранай сытуацыі ў Беларусі, на якую можна было б абапірацца ў нейкіх кроках Эўропы. Таму Эўропа будзе ўсё ж рабіць павольныя крокі насустрач Беларусі (я ня маю на ўвазе ўладу). Насустрач Беларусі! Яны вельмі занепакоеныя тым, што зноў у Расеі новыя ініцыятывы нарадзіліся, і паскарэньне працэсу аб'яднаньня Беларусі з Расеяй. Таму Эўропа не пакіне Беларусь. Яна будзе ўсё роўна настойліва і пасьлядоўна рабіць. Я бачу тут толькі пргаматызм, эўрапейскі дыпляматычны прагматызм".

19–21 лютага ў Вене пройдзе чарговая сэсія ПА АБСЭ. Паводле інфармацыі Адрыяна Сэвэрына, разгляд беларускага пытаньня на ёй не прадугледжаны. Але лідэры Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў не выключаюць, што прыезд групы Цапф зьвязаны ня толькі з маніторынгам беларускай сытуацыі.

Ня выключана, што праблема "пустога крэсла" для Беларусі (на сёньняшні дзень у ПА АБСЭ не прадстаўленыя ні ВС 13 скліканьня, ні “палата прадстаўнікоў”) усё ж чарговы раз узьнікне на паседжаньні Сталага камітэту. І таму канкрэтная мэта прыезду дэлегацыі — гэта будзе першае, пра што лідэры апазыцыі хочуць спытаць спадарыню Цапф.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG