Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САРАКАВІНЫ СЬМЕРЦІ АНДРЭЯ ЗАЙЦАВА ЗУБРЫ АДЗНАЧЫЛІ ПІКЕТАМ


Казімер Яноўскі, Гомель

Калі а 16-й гадзіне 12 юнакоў і дзяўчын з партрэтамі памерлага Андрэя Зайцава прыйшлі ў сквер Дзяржынскага перад будынкам УКГБ, тут іх ужо чакаў чалавек у цывільным зь відэакамэрай.
Распавядае Вікторыя Купчанка.

(Купчанка: ) “Ён ў нас спытаў, што што гэта мы сьвяткуем? Мы адказалі, што калі саракавіны для вас – гэта свята, дык што ж вы за людзі такія?”

Апэратар здымаў ланцуг пікетоўцаў каля паўгадзіны. Калі журналісты паспрабавалі высьветліць, хто ён такі, ананімны апэратар пусьціўся на ўцёкі.

Спадарыня Купчанка паведаміла, што на саракавіны гомельскія праваслаўныя сьвятары, якія належаць да Маскоўскай патрыярхіі, адмовіліся праводзіць малебен на Рандоўскіх могілках, дзе пахаваны Андрэй Зайцаў. Прычына адмовы ў тым, што Зайцаў скончыў жыцьцё самагубствам.

Менскія сябры Зайцава зьвярнуліся да Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы:

(Купчанка: ) “Нашы сябры зь Менску зрабілі запыт, атрымалі дазвол на жалобу і прывезьлі зь Менску айца і дыякана. Яны і правялі на могілках жалобную літургію”.

Гомельскія прыхільнікі руху “Зубр” ня згодныя з рашэньнем пракуратуры Савецкага раёну Гомеля пра спыненьне даследаваньня прычынаў сьмерці Андрэя Зайцава.

(Дзяніс: ) “Я да гэтага стаўлюся адмоўна. Яны павінны былі дасьледаваць гэту справу. Яны да канца не вызначылі прычыны сьмерці Андрэя. Гэта быў чалавек, які змагаўся за свабодную Беларусь”.

Моладзь спрабавала сама высветліць, хто усё-такі ж вэрбаваў памерлага ў сакрэтныя інфарматары. Вось меркаванне Вікі Купчанкі.

(Купчанка: ) “Хутчэй за ўсё гэта Ястрэмскі, таксама супрацоўнік УКГБ. Імя ягонае – Алесь. Ён жыве ў трэцім інтэрнаце Ўнівэрсытэту транспарту. На ягонае імя быў зарэгістраваны і нумар пэйджара, які даваў супрацоўнік, які называў сябе Яўсьцігнееў, памерламу Андрэю Зайцаву”.

Сквер перад будынкам УКГБ, дзе адбываўся пікет, месца даволі ціхае. Да пікетоўцаў падышлі толькі двое маладых людзей і двое будаўнікоў у спэцвопратцы, што выйшлі з будынку ўправы. Адзін зь іх пытаўся, чаму пікетоўцы не крычаць, а стаяць моўчкі. Ніхто зь юнакоў на цынічнае пытаньне не адказаў.
XS
SM
MD
LG