Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УРАГАН НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ


Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць

У Жыткавіцкім раёне былі адключаныя чатыры аўтаматычныя тэлефонныя станцыі. У горадзе Жлобіне спынілася падача сьвятла ў дамы гараджанаў на пяці вуліцах.

Найбольш пацярпеў Лельчыцкі раён, дзе сёньня ўранку без электрычнасьці заставаліся 18 паселішчаў і 5 жывёлагадоўчых фэрмаў. У шасьці вёсках (у тым ліку Баравое, Дзяржынск) пашкоджаныя дахі вясковых хатаў. Пацярпелі асобныя дамы жыхароў райцэнтру Лельчыцы.

Старэйшы лейтэнант Уладзімер Міненка, прадстаўнік грамадзянскай абароны, якая зараз уваходзіць у структуру Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, паскардзіўся, што ня можа пакуль выехаць у пацярпелыя вёскі, бо няма паліва для аўтамашыны. Нават райвыканкам завінаваціўся за скарыстаны бэнзын 11 мільёнаў рублёў. Запраўляюцца для надзвычайных выездаў толькі пажарныя аўтамашыны атраду надзвычайных сытуацыяў.

Акурат сёньня ў абласным цэнтры праходзіла калегія Гомельскай управы надзвычайных сытуацыяў. Падводзіліся вынікі дзейнасьці за мінулы год. Начальнік управы Аляксандар Лужкоў абавязваў раённых кіраўнікоў аддзелаў надзвычайных сытуацыяў часьцей турбаваць асабіста старшыняў райвыканкамаў — каб яны дапамагалі забясьпечваць выратавальную службу адпаведнай тэхнікай, спэцадзеньнем ды іншымі матэрыяльнымі рэсурсамі. Бюджэтных грошай на гэта бракуе.

Летась з-за пажараў ды іншых надзвычайных здарэньняў Гомельшчына панесла страты на 1,7 мільярда рублёў. Больш за тое, пажары й надзвычайныя здарэньні спрычыніліся да пагібелі ў рэгіёне 145 чалавек, у тым ліку дзесяці дзяцей.

Дарэчы, чакалася, што на калегію прыедзе намесьнік міністра надзвычайных сытуацыяў, генэрал Барынгольц. Аднак па дарозе ў Гомель ён быў вымушаны зьмяняць маршрут і накіравацца ў райцэнтар Старыя Дарогі Менскай вобласьці. Там узарвалася кацельня. Безь цяпла засталіся тысячы месьцічаў.

Начальнік рэгіянальнай управы праматамнагляду Іван Агрызка паведаміў, што і ў Гомельскім рэгіёне ёсьць 22 “бомбы” — гэта старыя кацельні ў падвалах жылых дамоў.
XS
SM
MD
LG