Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІЦТВА "ПЕРШАГА МУЗЫЧНАГА КАНАЛУ" ЗЬБІРАЕЦЦА СУДЗІЦЦА З "ХАРТЫЯЙ-97"


Ігар Карней, Менск

Сустрэчу з журналістамі кіраўнікі "Першага музычнага каналу" прадставілі як прэзэнтацыю новага тэлевізійнага брэнду. Аднак прэзэнтацыя атрымалася не зусім адпаведнай стандартам, бо напрыканцы яе праграмны дырэктар Віталь Чыжоў абвесьціў пра намер судзіцца з грамадзянскай ініцыятывай "Хартыя-97" за зьмешчаныя на ейным сайце матэрыялы, якія быццам абразілі гонар і годнасьць арганізатараў праекту.

Назвалі й сума пазову — 3000 даляраў, гэта якраз памер стратаў, што панёс канал ад прыпыненьня дамоўленасьцяў на разьмяшчэньне рэклямы. Таму ў працяг тэмы я запытаў галоўнага рэдактара каналу і адначасна кіраўніка кампаніі "Добровидение", ранейшага арганізатара трансьляцыі праграмаў ТВ-6 у Беларусі Валерыя Краўчука: ці сапраўды ён спадзяецца, што рэклямадаўцы будуць мець большую цікаўнасьць да музычнага каналу, чым да ТВ-6?

(Краўчук: ) "ТВ-6 — гэта канал са сваім пэўным фарматам. Музычны канал — абсалютна іншы. У зьвязку з чым будзе пераразьмеркаваная кліенцкая база. Кагосьці зь ліку нашых кліентаў безумоўна зацікавіць разьмяшчэньне рэклямы на музычным канале, кагосьці, натуральна, — не. Хто будзе рэклямавацца? Мяркую, найперш, тыя брэнды, якія разьлічаныя на моладзь. Таму мы гатовыя ня толькі губляць старых партнэраў, але й набываць новых".

У якасьці галоўнага аргумэнту спадар Краўчук сказаў, што патэнцыйная аўдыторыя каналу — ня меней за мільён чалавек. Аднак, што будзе, калі ТВ-6 усё ж цягам часу вернецца ў эфір? Валеры Краўчук адказаў, што шмат будзе залежаць ад таго, хто ў Маскве завалодае “шостай кнопкай”. Але раней абвешчаны фармат вяшчаньня "Першага музычнага каналу" — ад сёмай раніцы да шостай увечары і потым яшчэ пяць гадзінаў ад 11-й, хутчэй за ўсё захаваецца.

А вось міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны, які ў гэты ж час праводзіў іншую прэсавую канфэрэнцыю, такі аптымізм яўна не падзяляў. Вяшчаньне музычнага каналу на цяперашнім этапе Падгайны наогул назваў незаконным і нават выказаўся, што няма ніякіх перашкодаў гэты канал зачыніць, пакуль ня будуць аформленыя адпаведныя дакумэнты. Чаму гэтага ня робіцца, міністар растлумачыў так: "Пусты экран усё ж горш, чым музыкалка".

Зьвяртаюся да дырэктара па інфармацыйным вяшчаньні музычнага каналу Барыса Штэрна: на якія пэрспэктывы ў эфіры ён разьлічвае?

(Штэрн: ) "Ідэя адкрыцьця музычнага каналу існуе апошнія 10 гадоў, таму мы думаем, што прыйшлі надоўга. У нас ёсьць сур'ёзныя прэтэнзіі да таго, якім чынам усё рабілася дагэтуль у беларускім тэлеэфіры. Мы вырашылі зьмяніць сытуацыю".

Да гэтае працы, паводле спадара Штэрна, будуць прыцягнутыя многія вядомыя ў музычным сьвеце асобы, у тым ліку пакінуты бяз працы на БТ сямейны тандэм тэлевядучых — Анатоль і Аксана Вечары. Далі папярэднюю згоду да супрацоўніцтва Аляксандар Ціхановіч, Сяргей Міхалок, Аляксандар Памідораў. Апярэджваючы наступнае пытаньне, Барыс Штэрн запэўнівае: беларускія кліпы ў эфіры таксама будуць.

(Штэрн: ) "Я перакананы, што беларускія музыкі, тыя, якія сьпяваюць па-беларуску, і тыя, якія сьпяваюць па-расейску ці па-ангельску, павінны прысутнічаць у эфіры".

(Карэспандэнт: ) "Дык ці плянуецца, што прынамсі раз на дзень будзе гучаць беларуская музыка?"

(Штэрн, іранічна сьмяецца: ) "Я пляную, што як мінімум раз на гадзіну".

На праектныя магутнасьці "Першы музычны канал" павінен выйсьці ў сакавіку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG