Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ФРАНЦУЗЫ БЫЛІ Ў ШОКУ АД ВЫГЛЯДУ БЕЛАРУСКІХ ВЯСКОВЫХ КРАМАЎ”


Валянцін Жданко, Менск

Тэма, якая цікавіць многіх нашых слухачоў і якаю часта гучыць у лістах на Свабоду – лёс нядоўгага нацыянальнага Адраджэньня, імклівы заняпад нацыянальнай мовы. Ці толькі дзяржаўная палітыка і сумна памятны плебісцыт 96-га году віной таму, што беларуская мова з грамадскага ўжытку выцесьненая да небясьпечных межаў? Вось які адказ на гэтае пытаньне знаходзіць наш сталы слухач настаўнік Бярнард Пакульніцкі зь вёскі Буйкі Мядзельскага раёна. Ён піша:

"Сумна і непрыемна на душы нават на сьвяты. Рэаліі жыцьця надаюць яшчэ больш расчараваньня і заклапочанасьці. Наведаў навагодні ранішнік і навагодні вечар у школе. Школа -- вясковая, лічыцца беларускай, а ўвесь сцэнар сьвята на расейскай мове. Толькі адна маленькая дзяўчынка прачытала прыгожы верш на беларускай мове, дзякуючы настаўніцы пачатковых класаў, якая дала ёй гэты верш вывучыць. Дзеці блытаюцца, калі пераходзяць на "велікій і могучій язык". Часам, сядзіш і адчуваеш сябе як дзесьці ў Тамбоўскай губерні. Але -- як цяжка ламаць гэтых беларусаў. Лічу, што вялікая віна настаўнікаў, бо ніхто сілай не змушае даваць дзецям сцэнар на расейскай мове. У сваёй большасьці настаўніцтва -- сацыяльна рахманы, лёгкакіруемы жаночы натоўп, зь якім у чынавенства няма асаблівых праблемаў”.

Да гэтай вельмі слушнай заўвагі настаўніка Бярнарда Пакульніцкага варта дадаць хіба тое, што, відавочна, ня толькі настаўнікі – увогуле, уся інтэлігенцыя адказная за гэта – і бібліятэкар, і чыноўнік, і доктар, і выхавацель. У большасьці сваёй усе яны выдатна ўсьведамляюць, якая небясьпека навісла над самім існаваньнем мовы. І вялікага ціску на іх з боку ўлады ў гэтым пытаньні сёньня няма – ніхто зь Менску дырэктыўна не загадвае весьці дакумэнты альбо размаўляць з наведнікамі толькі па-расейску. Пытаньне, відавочна, найперш у настроях і сутнасьці самой беларускай інтэлігенцыі, у тым як яе выхоўваюць.

А вось як Бярнард Пакульніцкі апісвае сёньняшнія рэаліі беларускай вёскі. Ён піша:

“За вакном вые завіруха. Нешта зіма разьюшылася, даўно ўжо не было такой завеі. Сьнегавое покрыва дасягнула вышыні плоту і вокнаў. Трэція суткі не працуе тэлефон. Аўталаўка з хлебам не прыехала, бо занесла сьнегам дарогу. ..
Калегі па працы мелі яшчэ наіўныя спадзяваньні, што мізэрны настаўніцкі заробак за сьнежань дадуць напярэдадні Новага году, каб набыць што-небудзь смачнейшае на навагодні стол. Даверлівы народ -- яны ніяк ня могуць зразумець, што справа не ў начальніках, на якіх грозна крычыць "бацька", а ў той сістэме, якую падтрымлівае той самы "бацька" і якая цягне Беларусь у бездань.
Успамінаюцца некаторыя эпізоды зь мінулага лета. Неяк завіталі да мяне ў школу французскія сябры, якія прыехалі сваім аўтамабілем з Францыі. Яны першы раз былі ў Беларусі, шмат што іх зьдзіўляла. Адзін з французаў убачыў цераз вакно школы афармленьне ваеннага кабінета, і запытаў дазволу наведаць гэты клас. Ён зь нейкім жахам і насьцярожанасьцю разглядаў тыповыя для ўсіх школаў наглядныя дапаможнікі з выявамі зброі і вайсковай тэхнікі. Потым запытаў: "А ці можна вывучаць у школе што-небудзь іншае?". Мне было вельмі цяжка даць тлумачэньне на яго пытаньне. Нядаўна трапіла ў рукі "Праграма патрыятычнага выхаваньня" -- там у кожным разьдзеле сустракаецца слова "ваенны".
Замежныя госьці праявілі цікавасьць і наведалі вясковую краму. Цяпер ужо я запытаўся ў іх -- пра асартымент тавараў. Адзін зь іх адказаў: "У нас шок ад вашай крамы".

Слухач таксама апісвае, як яго французскія госьці спрабавалі знайсьці паштоўку зь беларускімі краявідамі ці гістарычнымі мясьцінамі -- і дзеля гэтага аб'ехалі кнігарні і пошты ў радыюсе 50-ці кіламетраў. Але -- безвынікова.
На заканчэньне настаўнік зноў зьвяртае ўвагу на школьныя праблемы. Ён піша:

"Цяжка працаваць і назіраць за станам сучаснай вясковай школы. Асабліва цяпер, калі ўлада вырашыла пацешыцца школьнай рэформай. Ужо трэці год школьная бібліятэка не атрымлівае ні адной газеты і часопіса. Скардзяцца, што не хапае грошай на падпіску. Відавочна, улады лічаць, што ўкладваць грошы ў адукацыю -- недапушчальнае марнатраўства. Людзі далучаюцца да Інтэрнэту, а тут -- поўная інфармацыйная ізаляцыя падчас так званага "рэфармаваньня" школы. Дзякуючы добрым людзям, якія прысылалі на мой адрас некалькі асобнікаў "Нашай Нівы" і "Беларускай Маладзёжнай", інфармацыя ў школу ўсё ж трапляла. Што будзе далей -- ня ведаю, але ходзяць чуткі, што сёлета выдаткі на адукацыю яшчэ зьменшацца. Адзін чыноўнік ад адукацыі на гэта злосна сказаў аднойчы: "Ты дзякуй, што табе яшчэ заробак даюць".

Бярнард Пакульніцкі, спрабуючы знайсьці прычыны гэтага агульнага заняпаду, бачыць іх сярод іншага ў тым, што грамадства маўкліва пагаджаецца зь любымі дзеяньнямі ўлады, у тым ліку і з маніпуляцыямі ў часе выбараў. А калі так, разважае слухач, то, значыць, беларускаму народу падабаецца і патрэбна менавіта такое жыцьцё, без будучыні.

Ня думаю, спадар Бярнард, што вы сам згодны з гэтым сьцьвярджэньнем. Беларусы ня ёсьць нейкім надзвычайным выключэньнем і гэтак жа імкнуцца да лепшай будучыні для сябе і сваіх дзяцей, як і іншыя народы. Але імкненьне гэтае мае свае, часам вельмі сьпецыфічныя формы.

Вы слухаеце праграму "Паштовая скрынка 111" -- агляд лістоў на Свабоду. З вамі Валянцін Жданко.

Аляксандар Олесь зь мястэчка Ракітна Ровенскай вобласьці у сваім лісьце адгукнуўся на праграму “Праскі акцэнт” ад 23 сьнежня, у якой журналіст Сяргей Навумчык гутарыў са сьвятаром Сьвята-Духава катэдральнага сабору айцом Сяргеем Гардуном. Слухач піша:

“Айцец Сяргей Гардун сьцьвярджае, што адзінай Расейскай праваслаўнай царкве тысяча гадоў. Але ж гэта ня так, і казаць гэтак можа толькі той, хто ня ведае гісторыі ўтварэньня ні Маскоўскай патрыярхіі, ні РПЦ – гэтага прыдатку КГБ ды КПСС. Маскоўская патрыярхія ўтварылася толькі ў 16-м стагодзьдзі ў Маскоўскім княстве, у Масковіі. А саму назву “Расея” у дачыненьні да Масковіі ўвёў цар Пётр Першы, меўшы жаданьне пераканаць сьвет, што яны, азіяты, паходзяць ад Кіеўскай Русі. Хам захацеў стаць панам, украсьці нашую гісторыю, культуру, традыцыі. У тым яму актыўна дапамагала Маскоўская Патрыярхія”—

-- лічыць Аляксандар Олесь зь мястэчка Ракітна Ровенскай вобласьці, які падпісаўся як “хрысьціянін, украінец, бандэравец”.

На гэтую ж перадачу адгукнуўся і наш сталы слухач са Смалявічаў Эдуард Тобін. Ён піша:

"Сяргей Гардун заявіў, што РПЦ на Беларусі ... ёсьць царквой беларускай. Тое ж, што служба ва ўсіх храмах вядзецца на расейскай мове, а не на нацыянальнай, у разьлік не бярэцца. Мабыць, таму, што існуе канцэпцыя так званага "трыадзінства" -- тэза для дурняў.
Гардун жа сьцьвярджае, што іерархі РПЦ у Маскве і Менску не ўмешваюцца ў справы мірскія. Але ж усе ведаюць, якую ролю адыгрываў асабіста Філарэт ва ўсіх найбольш значных палітычных
крызісах у Беларусі, калі Лукашэнка дзеля ўтрыманьня асабістай улады выкарыстоўваў любыя спосабы, у тым ліку і магчымасьці царквы. А з чыёй дапамогай потым царква зарабляла грошы на гандлі сьпіртовымі напоямі?
Увогуле, пара паставіць пытаньне рубам: "Калі РПЦ сапраўды хрысьціянская і для яе не пусты гук -- "не пажадай дома бліжняга твайго, ні раба яго...", то што, апроч акупацыі, чыніць яна на Беларусі? Хрысьціянства ж да нас прыйшло яшчэ тады, калі Масквы і ў паміне не было”—

--напісаў наш сталы слухач Эдуард Тобін са Смалявічаў.

Магчыма, высновы, якія зрабілі ў сваіх лістах Аляксандар Олесь і Эдуард Тобін, гучаць занадта рэзка і катэгарычна, аднак праблема, сапраўды, існуе. Расейская праваслаўная царква ва ўмовах сёньняшніх палітычных рэаліяў Беларусі займае асаблівае месца і карыстаецца асаблівым спрыяньнем улады. Выразнае ейнае праўрадавае стаўленьне да вострых палітычных і культурных праблемаў многіх вымушае сумнявацца ў тым, што праваслаўная царква незалежная, што яна спрыяе разьвіцьцю незалежнай беларускай дзяржавы і не ставіць перад сабой палітычных мэтаў.

На заканчэньне – фрагмэнт ліста нашага слухача з Жыткавічаў Івана Даўжынскага. Ён піша:

“Сёлета давялося адмовіцца ад падпіскі на незалежныя газэты: зарплаты ледзь хапае на ежу. З абяцаных Лукашэнкам ста даляраў пакуль атрымліваю толькі сорак. Астатніх, напэўна, давядзецца чакаць да наступных выбараў. У гэтай сытуацыі Беларуская Свабода – адзіная магчымасьць дзеля таго, каб даведацца праўдзівыя навіны. Дзякуй Богу, што мой старэнькі Акіян пакуль не падводзіць і я штодня чую вашыя дарагія майму сэрцу галасы”—

-- напісаў Іван Даўжынскі з Жыткавічаў.

Дзякуй, спадар Іван, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG