Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭР БЕЛАРУСКАЙ ПАРТЫІ СВАБОДЫ АБВІНАВАЧВАЕ ЎЛАДЫ Ў СПРОБЕ ДЫСКРЭДЫТАВАЦЬ АБАРОНЦАЎ КУРАПАТАЎ


Любоў Лунёва, Менск

Першая такая бойка адбылася 15 студзеня ля помніка Янку Купалу, на месцы збору сяброў БПС. На восем чалавек (сярод іх былі дзьве дзяўчыны) напалі каля чатырох дзясяткаў падлеткаў, зьнешні выгляд якіх сьведчыць пра іхную прыналежнасьць да фашыстоўскіх арганізацыяў. Падчас бойкі ад іх гучалі воклічы: "Мы вам наладзім Курапаты!" У выніку зьбітыя сябры БПС з рознымі траўмамі трапілі ў шпіталь.

Праз тры дні на Кастрычніцкай плошчы скінгеды зноў напалі на сяброў БПС, калі тыя крочылі па праспэкце Скарыны. Гэтым разам вынік бойкі быў іншы — фашысты атрымалі адпор.

Праз чатыры дні пасьля гэтага скінгеды, апранутыя, як вайскоўцы, у ботах з мэталічнымі абцасамі, узброеныя кастэтамі, зноў напалі на сяброў БПС. Міліцыя ўмяшалася толькі ў трэцюю бойку. Сяржук Высоцкі разам з паплечнікамі напісаў заяву ў міліцыю, але пакуль ніякіх захадаў з боку праваахоўчых органаў у дачыненьні да хуліганаў няма. Сяржук Высоцкі лічыць, што КГБ спрыяе фашыстоўцам.

(Высоцкі: ) "Пакуль нашыя хлопцы знаходзіліся ў Курапатах, у гэты час падрыхтаваныя людзі атрымоўвалі фінансавую падрыхтоўку. Пакуль нашыя хлопцы хварэлі на запаленьне лёгкіх, на мэнінгіт, гэтыя людзі распрацоўвалі пляны, як яны будуць нападаць на абаронцаў Курапатаў. Пакуль мы там клаліся пад бульдозэры, спынялі падпітых рабочых, гэтых людзей "накачвалі", рыхтавалі й трэніравалі для гэтай справы.

Тое, што адбываецца цяпер — гэта невыпадкова. Сорак чалавек у нашай краіне можа сабраць ня кожная партыя. Сабраць вялікую масу людзей самых розных схільнасьцяў могуць толькі адпаведныя структуры. Гэтыя фашыкі зьяўляюцца толькі тады, калі ёсьць грошы".

Сяржук Высоцкі лічыць, што ўлады знарок ладзяць сутычкі з фашыстоўцамі, каб абаронцы Курапатаў выглядалі, як звычайныя хуліганы. Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец падтрымаў гэтую думку. Ён дадаў, што ўлады спрабуюць сапсаваць такім чынам імідж моладзевых дэмакратычных арганізацыяў напярэдадні вясновых вулічных акцыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG