Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПЫТАНЫЯ АПОШНІЯ СЬВЕДКІ Ў СПРАВЕ АБ ВЫКРАДАНЬНІ ЗЬМІТРА ЗАВАДЗКАГА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сьведкі выступалі пад зьмененымі прозьвішчамі, бо лічыцца, што ім пагражае небясьпека. Аднак іхныя сьведчаньні, на думку некаторых удзельнікаў працэсу, не дадалі пэўнасьці адносна віны групоўкі Валерыя Ігнатовіча.

На прыкладзе падобных сьведкаў абаронцы ізноў паставілі пад сумнеў мэтазгоднасьць сакрэтнасьці працэсу. Паказаньні гэтых сьведкаў падчас сьледзтва і цяпер, у судзе, істотна адрозьніваюцца.

Гэтак, грамадзянка Н. быццам бачыла чырвоны “Фальксваген” Ігнатовіча побач з домам Завадзкага напярэдадні ягонага зьнікненьня . Але ў матэрыялах справы ёсьць першыя паказаньні гэтай сьведкі, паводле якіх яна спачатку бачыла аўтамабіль маркі “Рэно” сіняга колеру. Потым колер зь сіняга пераўтварыўся ў бардовы, і толькі падчас трэцяга допыту ёю быў названы чырвоны “Фальксваген”. Выразна патлумачыць гэтыя неадпаведнасьці ў судзе сьведка ня здолела.

Другі сьведка быццам бачыў у двары дома Завадзкіх абвінавачанага Максіма Маліка, які, паводле сьледзтва, выконваў адмысловае заданьне Ігнатовіча. Аднак у тым, што сьведка сам, без дапамогі сьледчых, потым апазнаў Маліка, адвакаты сумняюцца, спасылаючыся на недасканаласьць працэдуры апазнаньня.

І трэці істотны момант. Калі гэтыя засакрэчаныя сьведкі нарэшце зьявіліся ў судзе, адвакаты спыталі ў іх, ці атрымлівалі яны якія пагрозы ад сяброў Ігнатовіча? Высьветлілася, што ім ніхто ніколі не пагражаў, а ініцыятыва засакрэціць іхныя імёны зыходзіла ад сьледчых. У выніку адвакаты зрабілі выснову, што сьледзтва наўмысна запалохала некаторых сьведкаў, каб засакрэціць працэс і гэтак схаваць ад грамадзкасьці ягоную асноўную мэту.

А гэтая мэта, паводле аднаго з адвакатаў — абвінаваціць і асудзіць групоўку Ігнатовіча за выкраданьне Завадзкага, каб закрыць гэтую гучную справу. На думку адваката, віна спэцназаўца Ігнатовіча ў гэтым злачынстве ніяк не была даказаная, бо пераканаўчых паказаньняў сьведкаў не прагучала, а рэчавыя доказы, сабраныя сьледзтвам з парушэньнем закону, ня вартыя даверу.

Адвакат, які выказаў мне гэтую пазыцыю, лічыць, што сьледзтва паводле зьнікненьня Зьмітра Завадзкага трэба пачынаць нанова. На ягоную думку, магчымасьці расьсьледаваць справу Завадзкага цалкам яшчэ ня скарыстаныя.
XS
SM
MD
LG