Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТЭРСТВА АХОВЫ ЗДАРОЎЯ ПАДРЫХТАВАЛА ПАЛАЖЭНЬНЕ АБ ПЛАТНАЙ МЭДЫЧНАЙ ДАПАМОЗЕ Й ПАСЛУГАХ


Галіна Абакунчык, Менск

Навукоўцы-мэдыкі канстатуюць, што кожная другая сьмерць у Беларусі здараецца з прычыны захворваньняў сэрца, а анкалягічных хворых толькі летась было выяўлена 33 тысячы. Імкліва расьце інваліднасьць, у тым ліку дзіцячая, прычым 3 тысячы немаўлятак штогод нараджаюцца інвалідамі. Спэцыялісты заяўляюць, што цяперашняя кваліфікацыя навукоўцаў-мэдыкаў дазваляе папярэджваць і лячыць многія захворваньні, аднак фундамэнтальная, а тым больш прыкладная навука церпіць ад недахопу грошай. Толькі за мінулы год за выкананую працу навукоўцы-мэдыкі недаатрымалі 40 мільёнаў рублёў. Гаворыць начальнік упраўленьня навукі Валеры Кіркоўскі.

(Кіркоўскі: ) "Летась на навуковыя праграмы было выдаткавана 6 мільярдаў 225 мільёнаў рублёў. Сёлета на 20 % больш, але інфляцыя зьядае гэтыя адсоткі. Таму сёлета мы маем вялікія праблемы ў фінансаваньні многіх праектаў".

Крытычнае матэрыяльна-фінансавае становішча сыстэмы аховы здароўя ўлада маецца выправіць за кошт шараговых грамадзянаў. Паводле ініцыятывы Лукашэнкі, які заявіў, што нават для беднага чалавека ня цяжка заплаціць тысячу рублёў за візыт да лекара, Міністэрства аховы здароўя падрыхтавала й перадало на экспэртызу ў Мін’юст Палажэньне аб платнай мэдычнай дапамозе й паслугах. Рассакрэціць свае напрацоўкі міністр аховы здароўя пакуль не жадае, але й зь ягоных ляканічных адказаў зразумела, што новаўводзіны закрануць кожнага жыхара Беларусі. Гаворыць міністар аховы здароўя Уладзіслаў Астапенка:

(Астапенка: ) "Міністэрства будзе займаць узважаную пазыцыю. У нас часта ў шпіталях ляжаць, а ня лечацца. А дакладных рацэптаў для нейкіх катэгорый ці рэгіёнаў няма. Вось гэта я й разумею пад узважанай пазыцыяй”.

Рэформа ў галіне мэдычных паслугаў будзе праводзіцца цягам бліжэйшых пяці гадоў. А пакуль з 1 студзеня з прычыны эканоміі сродкаў Міністэрства аховы здароўя закрыла Гервяцінскі й Кемеліскі ўчастковыя шпіталі, што на Гарадзеншчыне. З 1 сакавіка скарачаецца колькасьць стацыянарных месцаў у шпіталях Шчучына.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG