Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БУРУНДЗІ ЗАГІНУЎ БЕЛАРУСКІ ПІЛЁТ, А МЗС РАСЕІ НАЗЫВАЕ СФЭРУ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА ПРЫЯРЫТЭТАМ


Ул. інф.

Сёньня ў Кіеве афіцыйны прадстаўнік МЗС Украіны Ігар Далгоў паведаміў, што 15 студзеня ў Бурундзі загінуў у аўтакатастрофе лётчык не з украінскім грамадзянствам, як меркавалася раней, а зь беларускім.

Супрацоўніца ўкраінскага МЗС Надзея Петрычэнка працытавала афіцыйнае паведамленьне амбасады Ўкраіны ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы:

(Петрычэнка: ) "У выніку аўтакатастрофы 15 студзеня гэтага году ў Бурундзі загінуў грамадзянін Рэспублікі Беларусь Мікола Васільевіч Цімошын. Раненьні атрымаў адзін грамадзянін Расейскае Фэдэрацыі ды адзін грамадзянін Рэспублікі Беларусь. 20 студзеня цела беларускага лётчыка, які загінуў, было адпраўленае ў Беларусь для пахаваньня".

Аднак беларускае дыпляматычнае ведамства ні пра сьмерць Міколы Цімошына, ні пра іншага раненага ў Бурундзі беларуса нічога ня ведае. Хаця Беларусь таксама мае амбасаду ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, намесьнік начальніка консульскага ўпраўленьня МЗС Беларусі Валеры Дземянцей заявіў:

(Дземянцей: ) "Не, да нас ніякай інфармацыі не прыходзіла афіцыйнай. Таму мы ня маем нічога сёньня".

Начальнікі ж упраўленьняў гэтага ведамства сёньня разам зь міністрам Міхаілам Хвастовым былі ў Маскве, дзе прайшла супольная калегія міністэрстваў замежных справаў Беларусі й Расеі. Акрамя праграмы ўзгодненых дзеяньняў у галіне замежнае палітыкі гэтак званае саюзнае дзяржавы, калегія абмеркавала яшчэ шэраг пытаньняў.

Як паведаміла МЗС Расеі, "у полі агульнай прыярытэтнай увагі нязьменна занходзіцца сфэра правоў чалавека, у прыватнасьці, у пляне забесьпячэньня абароны правоў этнічных расейцаў і беларусаў, якія жывуць у трэціх краінах".

На жаль, датэлефанавацца да расейскай амбасады ў Бурундзі (якая абавязаная абараняць інтарэсы беларускіх грамадзян) не ўдалося — яе тэлефонныя лініі ўвесь час занятыя. Апэратарка "Белтэлекаму", паспрабаваўшы туды дазваніцца, заявіла, што сувязі з Бурундзі ўвогуле няма.

МЗС Украіны паведаміла падрабязнасьці аўтакастрофы ў бурундзійскай сталіцы Бужумбуры. На шашы, што вядзе з гораду ў аэрапорт, 15 студзеня ў мікрааўтобус зь лётчыкамі ўрэзаўся грузавік з паўднёва-афрыканскімі жаўнерамі са складу міратворчых сілаў. Беларускі інструктар займаўся падрыхтоўкай бурундзійскіх пілётаў. Разам зь ім у аўтакатастрофе сур'ёзна пацярпелі 12 мясцовых курсантаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG