Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“КРАІНА З ХАЛОДНЫМІ ЗІМАМІ І ГЛЫБОКІМІ ЯМАМІ НА ВУЛІЦАХ”,


Алена Панкратава, Менск

“За дзесяць апошніх гадоў у былой Беларускай ССР зьмянілася няшмат, — піша “Schaffhauser Nachrichten”. — Аўтарытарны прэзыдэнт Лукашэнка душыць любое імкненьне да пераменаў. Тым ня менш, ён на дзіва папулярны сярод насельніцтва.

Калісьці, у часе першых прэзыдэнцкіх выбараў, ён паабяцаў электарату: “Вы будзеце жыць кепска, але нядоўга”. Сеньня апанэнты рэжыму сьцьвярджаюць, што прароцтвы Лукашэнкі спраўдзіліся як мінімум напалову. Справы ў большасьці беларусаў — надзвычай дрэнныя. Жыцьцё іх лепш не параўноўваць з жыцьцём суседніх палякоў альбо жыхароў балтыйскіх краінаў. Параўнаньні магчымыя, калі глядзець на ўсход ці на поўдзень. Існаваньне ў суседніх Украіне і Расеі мала адрознае ад беларускага”.

Паводле швайцарскага журналіста, які меў шмат сустрэчаў, размоваў і кантактаў у Беларусі, многія жыхары краіны ва ўсім вінавацяць гарбачоўскую перабудову. У часе выбараў большасьць беларускіх апытаных швайцарскім журналістам галасавалі за Лукашэнку. Як піша аўтар, пра палітыку гэтыя людзі гавораць неахвотна. Тлумачаць, што мала разумеюць у ёй. У любым выпадку, для іх відавочнае адно: канец савецкім часам у Беларусі яшчэ не настаў і невядома, калі настане.

Сельскагаспадарчы сэктар краіны, — распавядаецца ў адным з артыкулаў швайцарскай “Schaffhauser Nachrichten”, — гэта калгасы, большасьць якіх штогоду становяцца ўсё больш стратнымі. Прамысловы сэктар недастаткова ліквідны для буйных інвэстыцыяў. Шмат нерэнтабэльных прадпрыемстваў у агоніі, аднак, так бы мовіць, пакуль дыхаюць дзякуючы штучнай падтрымцы дзяржавы.

Ва ўмовах Беларусі завод-банкрут можа жыць бясконца, — перакананы аўтар. — Бо той, хто мае вялікія пазыкі і той, хто выдае крэдыты, залежаць толькі ад аднаго ўладарніка — дзяржавы. Той, хто хоча інвэставаць у Беларусь альбо ладзіць у ёй нейкі бізнэс, пастаянна сутыкаецца з пэрманэнтнымі зьменамі ў заканадаўстве і самадурствам чыноўнікаў.

Дзяржава даўно, але малапасьпяхова працуе над паляпшэньнем надзейнасьці інвэстыцыяў. Існуюць шматлікія дзяржаўныя праграмы падтрымкі малога бізнэсу, аднак на справе такая падтрымка — як міласьціна жабраку. Яшчэ некаторы час таму шэраг замежных інвэстараў мелі нейкія надзеі ў зьвязку з Беларусьсю. Сёньня сярод буйных інвэстараў хіба што МcDonald's, МАN і Siemens, якія інвэстуюць наўпрост альбо ў сумесныя прадпрыемствы. Пры канцы 2000 году замежны капітал у такіх прадпрыемствах складаў усяго 466 мільёнаў даляраў.

Паводле аўтара, больш за ўсё краіна пакутуе ад палітыкі свайго прэзыдэнта Лукашэнкі. Беларускі лідэр увасобіў адразу тры інстытуты ўлады. Пад ягоным кіраўніцтвам пішуцца і прымаюцца законы, закрываюцца і перасьледуюцца незалежныя СМІ.

Вынікі апошніх парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў былі сфальшаваныя і не адпавядалі стандартам АБСЭ. Тым ня менш, — сьцьвярджае швайцарскі журналіст, — Лукашэнка па-ранейшаму карыстаецца даверам сярод сваіх суайчыньнікаў. Паводле даўняй традыцыі, тут і зараз лічаць, што цар можа і ня ведаць пра ўсе парушэньні ў дзяржаве, — піша швайцарская “Schaffhauser Nachrichten”.
XS
SM
MD
LG