Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ФЭРМЭР ШРУБ АДСТАЯЎ СВАЮ ЗЯМЛЮ


Казімер Яноўскі, Гомель

У аблвыканкаме свае меркаваньні адносна больш як двухгадовага канфлікту выказвалі старшыня аблсельгасхарчу Міхаіл Касюкоў, намесьнік старшыні камітэту дзяржкантролю сп. Тарасенка, старшыня Жыткавіцкага райвыканкаму Пётра Савіцкі ды іншыя прысутныя.

Раённы выканаўчы орган настойваў на тым, што ў гаспадарках Тураўскага раёну, дзе жыве і працуе фэрмэр Шруб, зямлі мала, і даваць яе ў арэнду прыватніку нельга, бо тады шараговыя вяскоўцы таксама захочуць дадаткова па 20-30 сотак зямлі. На думку Пятра Савіцкага, Шруб, зарабіўшы грошай, думае ўжо не пра зямлю, а пра набыцьцё палітычнага капіталу. Праўда, пацьвердзіць сваё меркаваньне раённаму “вэртыкальшчыку” не было чым. Фэрмэр Шруб на 160 гектарах зямлі зьбірае больш прадукцыі, чымся мясцовы калгас на 2000 гектарах. Фэрмэрская гаспадарка Шруба вырошчвае ў раёне траціну бульбы і палову гародніны, нягледзячы на існаваньне больш як двух дзясяткаў калгасаў і саўгасаў.

Камітэт дзяржкантролю ў асобе сп. Тарасенкі ўважае, што райвыканкам неаднаразова парушаў заканадаўства пры выдзяленьні зямлі фэрмэрскай гаспадарцы і пры пазьнейшым ануляваньні свайго рашэньня.

Сам фэрмэр Шруб перакананы, што, калі б райвыканкам хацеў па-людзку, без канфлікту выдзеліць зямлю ў арэнду, ён бы гэта зрабіў. Канфлікт выразна паказвае стаўленьне мясцовай улады да рэфармаваньня сельскай гаспадаркі, да прыватнай уласнасці і да тых 69 чалавек, што атрымалі ў фэрмэра працу і добры заробак.

Старшыня аблвыканкаму Аляксандар Якабсон выказаўся за тое, каб моўчкі замяць канфлікт, бо фэрмэр мае ня толькі высокія ураджаі, але і дакумэнты на карыстаньне зямлёю. Таму аблвыканкам у сваім рашэньні прапануе Жыткавіцкаму раённаму савету вярнуць фэрмэру 60 гектараў зямлі, адабраных на прапанову райвыканкама. Аблвыканкам адзначыў нізкую кваліфікацыю старшыні райвыканкаму Пятра Савіцкага, хоць камітэт дзяржкантролю ставіў пытаньне пра ягоную адпаведнасьць сваёй цяперашняй пасадзе.

Як ацэньвае фэрмэр Шруб такое рашэнне абласнога органа?

(Шруб: ) “Бяспрынцыпнае, бяззубае рашэньне. Што да мяне, я мог бы задаволіцца ім. Пытаньне пра зямлю як бы вырашанае. Але што тычыцца падтрымкі альтэрнатыўных калгасам формаў гаспадараньня і ролі тых, хто такой падтрымкі ім не аказвае, дык я чакаў большага. Не дзеля сябе, а дзеля тых, хто павінен пайсьці за мною”.
XS
SM
MD
LG