Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК АБАРАНЯЮЦЦА ПРЭЗЫДЭНТЫ


Мікола Іваноў, Прага

Гаворыць польскі адвакат Аляксандар Срэбракоўскі:

(Срэбракоўскі: ) “Сытуацыя ў Польшчы выглядае прыблізна так, як і ў кожнай іншай дэмакратычнай краіне. Кіраўнік дзяржавы знаходзіцца пад аховай Канстытуцыі. І немагчыма, каб нехта на падставе сваіх уласных перакананьняў бяскарна абражаў ці крыўдзіў кіраўніка дзяржавы. У Польшчы ёсць адпаведныя артыкулы Крымінальнага кодэксу. У спэцыяльнай частцы польскага Крымінальнага кодэксу ў 17 разьдзеле пад назвай “злачынствы супраць Польскай Рэспублікі” ёсць некалькі артыкулаў на гэтую тэму.

У артыкуле 134 чытаем: “Той, хто робіць замах на жыцьцё прэзыдэнта Польшчы, падлягае пазбаўленьню свабоды на тэрмін ад 12 да 25 гадоў альбо пажыцьцёваму зьняволеньню.” Далей, ёсць артыкул 135, дзе ў першым параграфе чытаем: “Той, хто дазваляе сабе фізычны напад на прэзыдэнта, падлягае пазбаўленьню свабоды на тэрмін ад 6 месяцаў да 5 гадоў”. Тут маюцца на ўвазе ўсе справы накшталт кіданьня яйкаў і іншых рэчаў падчас публічных выступаў. У другім параграфе гэтага артыкулу гаворыцца, што за публічную абразу прэзыдэнта Польшчы можна трапіць у турму на тэрмін да трох гадоў. Так выглядаюць справы ў сёньняшняй польскай дзяржаве”.

Аляксандар Срэбракоўскі таксама падкрэсьліў, што законы гэтыя, наколькі ён памятае, у Польшчы ніколі не ўжываліся. А калі аднойчы газэта Zycie абвінаваціла польскага прэзыдэнта Аляксандра Квасьнеўскага ў тым, што ён за камуністычным часам быў савецкім агентам. Прэзыдэнт падаў на газэту ў суд як звычайны грамадзянін. Працэс ён, дарэчы, выйграў, але не захацеў скарыстацца згаданым вышэй законам, таму што справа датычыла яго як асобы, а не як прэзыдэнта.

Аб тым, як выглядае літоўскае заканадаўства ў справе абароны правоў прэзыдэнта краіны, нам распавёў палітычны камэнтатар літоўскай рэдакцыі нашага радыё Лаймантас Янушыс:

(Янушыс: ) “У Літоўскай Рэспубліцы ёсць закон, які прадугледжвае адказнасьць за публічную абразу прэзыдэнта, а таксама за паклёп на кіраўніка дзяржавы. Але гэта не крымінальная адказнасьць, а адміністрацыйная. І, наколькі я памятаю, гэтыя законы яшчэ ніколі не ўжываліся на практыцы ў дачыненьні менавіта да прэзыдэнта, але ў дачыненьні да некаторых палітыкаў яны ўжываліся”.
XS
SM
MD
LG