Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДА КУРАПАЦКІХ ДОБРААХВОТНІКАЎ ПРЫХОДЗЯЦЬ НЕВЯДОМЫЯ ЛЮДЗІ З ПРАВАКАЦЫЙНЫМІ ПРАПАНОВАМІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У Менску пачалася моцная адліга й дабрацца да ляснога курапацкага мэмарыялу стала надзвычай складана. Новы дарожны насып настолькі разьмяк ад дажджу, што ні прайсьці, ні праехаць па ім амаль немагчыма. Пакуль я сёньня ішоў ад канцавога прыпынку Зялёны Луг да Курапатаў, я бачыў, як буксавалі й не маглі праехаць па дарозе цяжкія МАЗы будаўнікоў. Відаць, з прычыны такой непагоды ўсе будаўнічыя работы на курапацкім участку Менскай кальцавой дарогі спынілі.

У вайсковым намёце валанцёраў знаходзіліся чатыры хлопцы (ноччу іх было шэсьць чалавек), якія палілі печку й адпачывалі. У дождж нікому не хацелася выходзіць на вуліцу. Старшы ў лягеры Алесь Гетман паведаміў, што ноччу ў Курапатах зьявіліся невядомыя людзі зь дзіўнымі прапановамі.

(Гетман: ) "Уначы сёньня быў цікавы візыт. Прыйшлі тры хлопцы, ад якіх пахла гарэлкай. Яны прапаноўвалі й нам прынесьці гарэлкі. Я кажу: у нас сухі закон, мы сабе забаранілі. Але яны настойвалі. Мы тут абмяркоўвалі гэта й лічым, што, відаць, улады тут нешта зьбіраюцца рабіць. А мы ім як костка ў горле".

Нагадаю, што ў аўторак Алеся ды яшчэ некалькіх валанцёраў выклікалі на размову ў лясьніцтва Менскага раёну. У пятніцу ў Курапаты прыяжджалі лесьнікі й склалі на спадара Гетмана пратакол — нібыта за несанкцыянаваную вырубку лесу. Абаронцы Курапатаў лічаць, што ўлады празь лесьнікоў хочуць змусіць іх пакінуць урочышча. Хлопцы гавораць, што гэта спроба марная, бо выдаліць з Курапатаў іх можна толькі пры дапамозе грубай сілы.

На сёньня валанцёры плянавалі займацца прыборкай тэрыторыі й майстраваць новыя крыжы. Аднак апоўдні ў лягер прыйшлі некалькі жанчын, якія прынесьлі валанцёрам гарачай хатняй ежы. Гаворыць спадарыня Вера:

(Вера: ) "Мы заўсёды нешта прыносім хлопцам. Ці піражкі, ці пірагі, дранікі — што ёсьць. Робім ад шчырага сэрца, каб толькі ім дапамагчы. Мы прыхільніцы таго, што хлопцы робяць, і лічым абавязкам ім дапамагчы як можам".

Нягледзячы на кепскае надвор'е, прыйшоў у Курапаты й сьвятар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Леанід Акаловіч.

(Айцец Леанід: ) "Я абавязаны, бо мы дамовіліся, што кожную нядзелю — якое б ні было надвор'е, колькі б ні было тут нашых вернікаў — адзін, два ці тры. Хто прыходзіць у імя Хрыстовае, будзе й Бог з намі. Дык вось, прыходзім тут справіць малітву альбо абедніцу ды памянуць нявінна палеглых забітых нашых курапатцаў".

А сёньня ўвечары ў лягеры пройдзе нарада моладзевай курапацкай ініцыятывы. Валацёры будуць абмяркоўваць пытаньні мэмарыялізацыі Курапатаў, а таксама стварэньня разам з арганізацыяй "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты" кнігі пра гісторыю й абарону ўрочышча.
XS
SM
MD
LG