Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА МОЖА СТАЦЬ ПАДАЗРАВАНЫМ Ў КРЫМІНАЛЬНАЙ СПРАВЕ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Анатоля Лябедзьку сёньня выклікалі ў пракуратуру Савецкага раёну Менску. Сьледчы Іван Зелянкоўскі хацеў дапытаць спадара Лябедзьку як сьведку па справе публікацыі ў адным з восеньскіх нумароў "Народнай Волі" артыкула, дзе cа спасылкай на інфармацыю нямецкага агенцтва DPA, ішла гаворка пра нелегальныя пастаўкі беларускай зброі ісьлямскім тэрарыстам і недэмакратычным рэжымам.

У гэтай публікацыі быў зьмешчаны камэнтар лідэра АГП на тэму нелегальных паставак афіцыйным Менскам зброі ў гарачыя кропкі сьвету. Анатоль Лябедзька тады сказаў, што "Беларусь даўно пастаўляе зброю адыёзным недэмакратычным рэжымам. Гандаль зброяй ёсьць адным з прыярытэтных кірункаў прэзыдэнта Лукашэнкі. Гэты бізнэс знаходзіцца пад ягоным асабістым кантролем".

Яшчэ 27 лістапада летась, пракуратура Беларусі распачала па факце гэтай публікацыі крымінальную справу, паводле артыкулу 367, частка 1 Крымінальнага кодэксу — "Паклёп у адносінах да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь". Восеньню лідэра АГП ужо выклікалі ў гэтай справе ў пракуратуру Беларусі. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Зайшоў я туды сьведкам, а выйшаў фактычна падазраваным па крымінальнай справе. Сьледчы Іван Зелянкоўскі фактычна прапанаваў мне фармулёўку зь якой мы пагадзіліся, што адмаўляюся даваць нейкія тлумачэньні й паказаньні, бо лічу сябе падазраваным у гэтай справе. Словы сьледчага, што мы сустрэнемся, і ён выкліча мяне позвай, я разглядаю як прызнаньне дэ-факта, што я праходжу па гэтай справе як падазраваны".

Нагадаю, што найбольшае пакараньне па гэтым крымінальным артыкуле да 4 гадоў пазбаўленьня волі.

Намесьнік пракурора Савецкага раёну Менску Мікалай Платніцкі паведаміў сёньня нашаму радыё, што Анатоль Лябедзька пакуль праходзіць па гэтай крымінальнай справе як сьведка. Адказваць на пытаньне "Ці можа спадар Лябедзька быць пераведзены ў падазраваныя?", намесьнік пракурора адмовіўся ды спаслаўся на таямніцу сьледзтва. Анатоль Лябедзька так пракамэнтаваў дзеяньні пракуратуры:

(Лябедзька: ) "Сама тэма — калі супраць міжнароднага тэрарызму праводзяцца актыўныя дзеяньні, і гэта даволі небясьпечна для тых краінаў, што гандлююць зброяй, магчыма ў абыход санкцыяў ААН — гэтая тэма небясьпечная, і яе трэба закрыць. Для пачатку ў фармаце Рэспублікі Беларусь. А значыць, трэба расправіцца з тымі суб'ектамі, якія гэтую тэму прама ці ўскосна ўзьнімаюць. Я лічу, што менавіта гэта асноўная падстава распачатай крымінальнай справы".

Сёньня ж Аб'яднаная грамадзянская партыя накіравала ў пракуратуру Беларусі спэцыяльны зварот. У ім узгадваецца, што ў часе сэсіі “палаты прадстаўнікоў” міністар фінансаў Беларусі Мікалай Корбут у адказ на пытаньне дэпутата Івана Пашкевіча сказаў, што даходная частка дзяржаўнага бюджэту ня ўтрымлівае паступленьняў ад продажу зброі.

У зьвязку з гэтым АГП просіць пракуратуру высьветліць, якія сумы атрымлівала Беларусь ад продажу ўзбраеньняў ад 1996 году, прычыны, па якіх паступленьні ад продажу зброі ня трапілі ў бюджэт. А таксама хто й якім чынам патраціў гэтыя фінансавыя рэсурсы, ды дзе, на якіх рахунках цяпер знаходзяцца сродкі, атрыманыя ад продажу зброі.
XS
SM
MD
LG