Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"ГОЛАС ДУШЫ" ЗНОЎ ЗАГУЧЫЦЬ У РАДЫЁЭФІРЫ?


Галіна Абакунчык, Менск

Сэнсацыйную навіну пра хуткае вяртаньне "Голасу душы" ў эфір Беларускага радыё ксёндз-пробашч касьцёлу Сьвятых Сымона й Алены Ўладзіслаў Завальнюк паведаміў у нядзелю падчас набажэнства аб 11-й гадзіне. Менавіта гэтая імша восем гадоў трансьлявалася праз радыё на ўсю Беларусь. Гаворыць парафіянка пані Тэрэза:

(Тэрэза: ) “Ксёндз абвесьціў, што на 11 гадзінаў “Голас душы” будзе ў нас ужо ў гэтую нядзелю. Усе так во хлопалі. А я аж з процілеглага баку крычала: Ойчанька наш, — на ўвесь касьцёл. Усе людзі плакалі ад радасьці”.

Радасная падзея вяртаньня "Голасу душы" сталася для вернікаў не падарункам ад уладаў, а вынікам актыўных пратэстаў. Першай, так бы мовіць, перамогай стаўся дазвол на паўгадзінную трансьляцыю набажэнства з Катэдральнага касьцёлу, якое 27 сьнежня ўпершыню правёў біскуп Кірыл Клімовіч.

Але ў Чырвоны касьцёл і па сёньня прыходзяць дзясяткі лістоў з сотнямі подпісаў жыхароў розных куточкаў Беларусі з патрабаваньнямі аднавіць менавіта "Голас душы". Супраць закрыцьця праграмы працягваюць пратэставаць ня толькі каталікі, але й праваслаўныя, а таксама людзі сьвецкія. Да прыкладу Ядвіга Квяткоўская, выкладчыца мастацтва нядзельнай школы менскай царквы Пятра й Паўла, на закрыцьцё праграмы "Голас душы" напісала аднайменны верш. Гаворыць Ядвіга Квяткоўская:

(Квяткоўская: ) “Людзей пакрыўдзілі вельмі, многія плакалі. Мяне гэта вельмі ўзрушыла, бо маю шмат сваякоў-каталікоў. Бацька расказваў, што перад вайной іх сям’я за 40 кілямэтраў пешшу хадзіла ў Чырвоны касьцёл. Нядаўна патэлефанавала мая цётка й сказала, што людзі ад вёскі да вёскі па гэтаму засьнежжу ходзяць і зьбіраюць подпісы. Там, у маленьніх вёсачках, дзе ня кожны дзень даходзіць аўтакрама з хлебам, дзе няма ні царквы, ні касьцёла — што ім застаецца рабіць. Магчыма, гэта выпрабаваньне веры”.

Нагадаю, што прамая радыётрансьляцыя "Голасу душы" з Чырвонага касьцёлу была замененая на паўгадзінны запіс набажэнства з Катэдральнага касьцёлу Камітэтам у справе рэлігіяў і кіраўніцтвам дзяржаўнага радыё. Паводле чыноўнікаў, такое рашэньне прымалася на падставе артыкулу 25 Закону аб свабодзе веравызнаньня.

У адпаведнасьці з папраўкамі, унесенымі ў дакумэнт 22 лістапада 1999 году, заснавальнікам духоўных мас-мэдыяў (у тым ліку й асобных перадачаў) маюць права быць ня сьвецкія асобы ці ксяндзы, а каталіцкія цэнтры й іх кіраўнікі. Такім каталіцкім цэнтрам у Беларусі зьяўляецца Менскі катэдральны касьцёл Панны Марыі, якім кіруе кардынал Казімір Сьвёнтак. Атрымаць камэнтар на аднаўленьне "Голасу душы" з вуснаў кіраўніцтва радыё не ўдалося: зрабіць гэтага чыноўнікі не пажадалі, альбо не змаглі, спаслаўшыся на занятасьць.
XS
SM
MD
LG