Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАШЧАДКІ ФІЛЯМАТАЎ ПРАВЯЛІ ЎСТАНОЎЧЫ ЗЬЕЗД


Уладзімер Глод, Менск

Восеньню 1817 году студэнты Віленскага ўнівэрсытэту з ініцыятывы Адама Міцкевіча і Тамаша Зана правялі першае паседжаньне студэнцкага згуртаваньня філяматаў. Сваёй мэтай яны акрэсьлілі вывучэньне літаратуры, філязофіі ды іншых навук, узаемадапамогу.

Гэта ня быў гурток салённых навукоўцаў. За імі стаяла куды больш значная справа — адукацыя і творчае ўдасканаленьне ім былі патрэбныя, каб рабіць дабро для зьняволенай Айчыны.

Гэтая патрэба засталася такой жа актуальнай і сёньня. І менавіта пра гэта казаў былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў: без пашырэньня ведаў з гісторыі, культуры, асьветніцтва нельга й марыць пра перабудову Беларусі.

А прафэсар Юры Хадыка сваю ціквасьць да філяматаў патлумачыў тым, што каб выйсьці на шлях дэмакратызацыі грамадзтва, вучыцца вельмі важна.

Гісторык Валянцін Голубеў, якога сёньня абралі старшынём рады філяматаў, быў усхваляваны:

(Голубеў: ) "Вы бачыце, колькі прыехала людзей. Прыехалі й тыя, якія вылучаныя дэлегатамі, прыехалі людзі проста самі, каб паўдзельнічаць у сходзе, пагаварыць з намі. І людзі сапраўды хочуць атрымліваць інфармацыю, веды. Хочуць абмяркоўваць ня толькі культурныя падзеі, ня толькі гістарычныя, але й палітычныя, эканамічныя. Гэта паказчык таго, што ў нас ужо складваецца грамадзянская супольнасьць і зьяўляецца ўсё больш і больш людзей, якія хочуць займацца і прапагандысцкай, і навуковай, і асьветніцкай дзейнасьцю. І галоўнае, што гэта людзі з рэгіёнаў".

Прэзыдэнт Міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня "Беларуская пэрспэктыва" Валянціна Трыгубовіч, якая ўжо тры гады рэдагуе даведнік "Хто ёсьць хто ў Беларусі", зьвярнула ўвагу ўдзельнікаў зьезду на тое, што беларускае кіраўніцтва па сваёй адукацыі ў пераважнай большасьці аграрыі ды вайскоўцы. А вось філяматы маюць эканамічныя, гістарычныя, экалягічныя ды іншыя сучасныя веды. Таму й будучае належыць ім.
XS
SM
MD
LG