Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Мінула 1000 дзён ад выкраданьня Юрыя Захаранкі. Адвакат Сьвятланы Завадзкай робіць несуцяшальны прагноз адносна вынікаў судовага працэсу над Ігнатовічам. Зінаіда Ганчар заяўляе пра гатовасьць зноў і зноў зьвяртацца да прэзыдэнтаў зь лістамі пра лёс зьніклых.

Зінаіда Ганчар задаволеная тым, што ў Страсбургу, на паседжаньні Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, быў агалошаны ліст жонак зьніклых у Беларусі палітыкаў. Зінаіда Ганчар перакананая, што трэба выкарыстоўваць як мага больш магчымасьцяў, каб нагадаць сьвету, што кіраўніцтва Беларусі не выконвае сваіх абяцаньняў знайсьці зьніклых ці даць адказ, што зь імі здарылася.

"Мы будзем зноз і зноў пісаць падобныя лісты. І ў Эўропу, і ў Расею. Мы ня супакоімся", — запэўніла жонка зьніклага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Віктара Ганчара.


***
На гэтым тыдні споўнілася тысяча дзён, як у цэнтры беларускай сталіцы, пры шматлікіх сьведках невядомымі быў скрадзены вядомы апазыцыянэр, былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка.

Паводле сьведкаў, невядомыя зьбілі з ног Захаранку адмысловым прыёмам, уцягнулі ў "Жыгулі" й імкліва зьехалі зь месца злачынства. На наступны дзёнь жонка Захаранкі паведаміла ягонай маці Ўльяне Рыгораўне, што яе сын зьнік.

Паводле Ўльяны Рыгораўны, навіна была для яе як удар маланкі. З таго часу жанчына пачала хварэць. Кожны з тысячы дзён пакутлівага чаканьня адымаў у яе сілы. Ульяна Захаранка кажа:

(Ульяна Захаранка: ) "У мяне адразу быў інфаркт, як Юру схапілі. Потым я доўга праляжала ў вельмі дрэнным стане. А цяпер ў мяне ногі баляць, ніяк не магу хадзіць, толькі ў хаце, а на вуліцу амаль не выходжу. Мне б толькі дачакацца, як вернецца Юра. Але я баюся, што калі яго пабачу, то сэрца маё ня вытрымае, бо такая я ўжо слабая".

Ульяна Захаранка распавяла, што яе даглядае пляменьніца, ды й суседзі не пакідаюць без увагі. Наведваюць, прыносяць харчы, у тым ліку сьвежае малако. Гэтыя клопаты неяк дапамагаюць пераадолець праблемы самотнага жыцьця, але галоўны боль — боль за сына, застаецца.

Між тым, паводле зьвестак з гарадзкой пракуратуры, дзе расьсьледуецца справа Юрыя Захаранкі, ніякіх новых зьвестак пра ягоны лёс не атрымалі. Сьледчыя Сьвятлана Байкова і яе начальнік Ягор Сіняк кажуць, што нічога новага няма і адказваць на пытаньні журналістаў адмаўляюцца.


***
Працэс над групоўкай Ігнатовіча, якога судзяць у менскім абласным судзе, набліжаецца да завяршэньня. Гэтак кажуць крыніцы з суду. Паводле іхных зьвестак, на наступным тыдні будуць апытаныя апошнія сьведкі, якія не прыйшлі ў суд паводле пазоваў. А потым будзе абвешчаны перапынак дзеля падрыхтоўкі да судовых спрэчак.

Адвакат Сяргея Цурко, які на працэсе абараняе правы Сьвятланы Завадзкай, жонкі зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, кажа, што ўжо гатовы да спрэчак. Бо ягоная пазыцыя засталася нязьменнай.

(Адвакат Цурко: ) "Мая пазыцыя якой была раней, гэткай і засталася. Іншых доказаў віны Ігнатовіча, акрамя вядомай са сродкаў масавай інфармацыі рыдлёўкі, няма. Але на маю думку, і гэты доказ здабыты з парушэньнямі", — лічыць адвакат Цурко.

Ён тлумачыць, што паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, здабыты з парушэньнямі доказ судом не павінен прызнавацца як доказ. Адвакат не паведаміў, на падставе якіх фактаў ён лічыць, што рыдлёўка здабытая з парушэньнем. Сяргей Цурко спаслаўся на тайну судовага паседжаньня.

Але зь іншых крыніцаў удалося высьветліць гэты момант. Аказваецца, гэта тры міліцыянты былі сьведкамі таго, што рыдлёўка з рэшткамі біялягічнага матэрыялу, які паводле экспэртызы належыць Зьмітру Завадзкаму, была знойдзеная ў аўтамабілі Ігнатовіча. Атрымліваецца, што сьледчы аглядаў машыну і ў сьведкі ўзяў міліцыянтаў. Але закон забараняе выкарыстоўваць як сьведак зацікаўленых асобаў, якімі безумоўна можна лічыць супрацоўнікаў праваахоўчага ведамства. Ня выключана, што менавіта гэта лічыць парушэньнем адвакат Цурко.

Што да пастановы суду адносна віны Ігнатовіча, Цурко прадказаць яе не бярэцца, але не выключае, што суд не пагадзіцца з высновамі сьледзтва. Нагадаю, Цурко і раней заяўляў, што пры недахопе доказаў будзе лепш не прызнаць Ігнатовіча вінаватым у выкраданьні Завадзкага, бо гэта дасьць магчымасьць далей весьці сьледзтва паводле ягонага выкраданьня, а не схаваць справу ў архіве.


***
І напрыканцы добрая навіна ад Тацяны Клімавай. Паводле зьвестак зь менскай калёніі, на якія спасылаецца жонка дэпутата, там распачата падрыхтоўка да накіраваньня справы Андрэя Клімава на разгляд адмысловай камісіі, якая пераглядае віды пакараньня для асуджаных.

Праз два тыдні будзе 4 гады, як Андрэй Клімаў за кратамі. Гэта азначае, што ён адбыў дзьве траціны тэрміну пакараньня. Паводле закону, цяпер яго з турмы могуць перавесьці на іншы рэжым — на папраўчыя працы альбо працаваць на аб'екты гаспадаркі. Папраўчая праца азначае ў тым ліку і працу па месцы жыхарства з утрыманьнем часткі заробку на карысць дзяржавы.

Іншы варыянт — гэта праца пад наглядам міліцыі ў адмысловым месцы. У любым выпадку гэта значна вальнейшы рэжым, чым утрыманьне ў менскай калёніі УЖ 15/1.

Тацяна Клімава мяркуе, што загад рыхтаваць дакумэнты на перавод Клімава прыйшоў у турму зьверху.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG