Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ КУЛЬТУРЫ


Юрась Барысевіч, Менск

* Міністэрства інфармацыі радыкальна скараціла фінансаваньне часопісу “Крыніца” — адзінага зь дзяржаўных, дзе рэгулярна друкаваліся аўтары ўсіх эстэтычных і палітычных поглядаў, у тым ліку авангардысты й нацыяналісты. Цяпер часопіс будзе атрымліваць ад дзяржавы 3 мільёны рублёў на квартал, а гэтага хопіць толькі на друкаваньне часопісу без заробку для супрацоўнікаў рэдакцыі і без аўтарскіх ганарараў. Другі варыянт для “крынічанаў” — атрымліваць заробак, а часопіс не выпускаць. Супрацоўнікі рэдакцыі на сваім сходзе пастанавілі адмовіцца ад паловы заробку й на гэтыя грошы ўсё ж выпускаць “Крыніцу”, хоць і радзей.

* У Нацыянальным музэі гісторыі й культуры праходзіць выстава “Пэрсанажы пэкінскае опэры”. Экспануюцца каля 60 лялек у шыкоўных строях, некаторыя зь іх — у чалавечы рост. Групы лялек утвараюць сцэны са спэктакляў, якія ў жывым выкананьні спалучаюць сьпевы з акрабатычым баруканьнем і рытуальнымі жэстамі. Асноўныя тыпажы пэкінскае опэры ўвасабляюць тры чалавечыя полы: мужчыну, жанчыну й клёўна.

* У маскоўскім офісе Саюзу пісьменьнікаў “Россия” прайшла прэзэнтацыя двухтамовае “Анталёгіі беларускае паэзіі”, што выйшла ў выдавецтве “Русский Двор”. Укладальнік і перакладчык на расейскую мову Генадзь Рымскі ўключыў у гэтую анталёгію творы больш як 150 аўтараў, пачынаючы з Францішка Скарыны й Сымона Полацкага. Ёсьць у анталёгіі й пераклады з польскамоўных беларускіх паэтаў, у тым ліку Адама Міцкевіча і Яна Баршчэўскага.

* Найпапулярнейшы сталічны кінатэатар “Кастрычнік” зачыніўся на рамонт. Паказы фільмаў спыненыя, каб замяніць у глядзельнай залі паркет, які праляжаў там 27 гадоў. Апроч таго, “Кастрычнік” станецца першым у Беларусі кінатэатрам, дзе прыступкі сходаў будуць абсталяваныя адмысловымі ліхтарыкамі, каб гледачам было зручна шукаць у цемры свае рад і месца.

* Нацыянальны тэатар опэры Беларусі запрасіў выступіць у спэктаклі “Кармэн” турэцкіх сьпевакоў. Галоўных пэрсанажаў найвядомага музычнага твору Бізэ пагадзіліся выканаць салістка Стамбульскага тэатру опэры Жаклін Чаркчы, барытон Гёкхан Коч і дырэктар Ізьмірскага тэатру опэры Хакан Айсеў. Усе астатнія выканаўцы — беларускія. Спэктакль “Кармэн” з турэцкім акцэнтам можна будзе паслухаць 31 студзеня.

* 29 студзеня ў бібліятэцы імя Янкі Купалы мае адбыцца прэзэнтацыя кніжнае сэрыі, якую пачало выпускаць згуртаваньне авангардных літаратараў “Шмэрцвэрк”. Кніга Ільлі Сіна “Нуль” выйшла ў віленскім выдавецтве “Рунь”, а кніга Зьмітра Вішнёва “Тамбурны маскіт” — у пецярбурскім выдавецтве “Невский простор” пры ўдзеле беларускага выдаўца Ігара Логвінава. Дырэктарка бібліятэкі ў апошні момант абмежавала час прэзэнтацыі, і таму выступы запрошаных музычных гуртоў не адбудуцца. Вішнёў аздобіў сьцены бібліятэкі сваімі жывапіснымі палотнамі, але дырэктарка забараніла ладзіць адкрыцьцё гэтае выставы. На знак пратэсту Ільля Сін адмовіўся агучваць свае творы на прэзэнтацыі кнігі, а Вішнёў мяркуе прачытаць толькі адзін верш — пра злосных чыноўнікаў.
XS
SM
MD
LG