Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “ГРАМАДЗЯНСКІХ ІНІЦЫЯТЫВАЎ” КАНФІСКАВАЛІ КАМПУТАРЫ І ДАЛІ ШТРАФ 1 МІЛЬЁН РУБЛЁЎ


Казімір Яноўскі, Гомель

Памылкова ці наўмысна, але аб’яўляючы перапынак перад вынясеньнем пастановы, судзьдзя Новік заявіла, што “прысуд у адміністрацыйнай справе Карнеенкі будзе зачытаны а 16-гадзіне”. Нават не-юрысты зьвярнулі ўвагу на слова “прысуд”, бо ён выносіцца толькі ў крымінальных, а не адміністрацыйных справах.

Судзьдзя правяла цэлых сем паседжанняў у гэтак званай адміністрацыйнай справе “Грамадзянскіх ініцыятываў”. Віктар Карнеенка, ягоныя прадстаўнікі ў судзе – юрысты Леанід Судаленка і Ўладзімер Лабковіч, шматлікія сьведкі пацьвердзілі, што кампутаровая тэхніка гвалтоўна, з парушэннем юрыдычных нормаў была адабраная ў “Грамадзянскіх ініцыятываў” супрацоўнікамі КГБ незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў.

Ужо праз чатыры дні пасля гэтага гвалту на падставе агляду аднаго кампутара, дзе нават паводле пратаколу не было аніякай інфармацыі пра выбары, цяперашні начальнік УКГБ Анатоль Цакун даслаў у падатковую інспэкцыю Чыгуначнага раёну ліст. У ім кіраўнік УКГБ сьцьвярджаў, што атрыманая “Грамадзянскімі ініцыятывамі” ў выглядзе гуманітарнай дапамогі аргтэхніка скарыстоўвалася “насуперак статуту для арганізацыі назіраньня за парлямэнцкімі выбарамі 2000 году і выбарамі прэзыдэнта 2001 году ды іншай палітычнай дзейнасьці”.

Віктар Карнеенка заявіў у судзе, што такая беспадстаўная выснова КГБ была зробленая з мэтай дыскрэдытацыі “Грамадзянскіх ініцыятываў” і яго асабіста як старшыні грамадзкага аб’яднання. Да дыскрэдытацыі былі падключаныя ўправа сьледчага камітэту, а таксама падатковая інспэкцыя Чыгуначнага раёну, якая ўрэшце і склала пратакол адміністрацыйнага парушэння часткі 3 пункту 4 дэкрэту Лукашэнкі №8. Распавядае Віктар Карнеенка:

(Карнеенка: ) “Фактычна абвінавачваньнем займалася толькі ўправа КГБ па Гомельскай вобласці, а ўсё астатнія дзяржаўныя структуры наўпрост слухаліся іхных патрабаваньняў. Такія ў іх ролі: ёсць галоўны лялькавод і ёсць марыянэткі”.

На судзе прадстаўнікі падатковай інспэкцыі Аляксандар Краўцоў, Юлія Блінова, Марына Карцялёва сапраўды пацьвердзілі, што адміністрацыйны пратакол парушэння падрыхтаваны на падставе ліста з КГБ, у якім, дарэчы, пра парушэнне дэкрэту №8 нават не згадваецца.

Адсутнасьць пераканаўчых доказаў парушэньня дэкрэту, пропуск тэрміну для вынясеньня адміністрацыйнага пакараньня не перашкодзілі аднак судзьдзі Ганне Новік прыняць пастанову пра канфіскацыю 5 кампутараў, 2 прынтараў “Грамадзянскіх ініцыятываў” і прысудзіць штраф асабіста старшыню грамадзкага аб’яднання Карнеенку памерам у 1 мільён рублёў.

Адзін кампутар, ксэракс і прынтар вярнутыя назад як набытыя прыватным чынам.

Прадстаўнік Карнеенкі, юрыст Леанід Судаленка лічыць, што пры вынясеньні пастановы судзьдзя Новік ня толькі праігнаравала паказаньні адказчыка, сьведкаў, але і парушыла шмат законаў і нават асобныя артыкулы Канстытуцыі.

(Судаленка: ) “З майго пункту гледжаньня судзьдзя была залежнай падчас вынясення пастановы ў гэтай справе”.
XS
SM
MD
LG