Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАРК ЛЕНЗІ: “Я РАДЫ, ШТО МОЙ АРТЫКУЛ У “WASHINGTON POST” ПРА БЕЛАРУСКІ ГАНДАЛЬ ЗБРОЯЙ ЗЬЯВІЦЦА Ў КАНГРЭСЕ ЗША”


Ул. інф.

Мы патэлефанавалі ў Вільню аўтару артыкула “Эўрапейскі арсэнал для тэрарызму” Марку Лензі ды папрасілі яго пракамэнтаваць рэакцыю амбасадара Беларусі ў Вашынгтоне.

(Лензі: ) “Гэта настолькі савецкі водгук... Амаль як пацьвярджаць хлусьнёй свае абвяржэньні. Цалкам зразумела, што менавіта я напісаў у сваім артыкуле. Я меў шмат крыніцаў для гэтага й абсалютна падтрымліваю свой артыкул — на 100 адсоткаў. Я ня маю сумневу — я падтрымліваю тое, што напісаў.

Для мяне гэта ня стала нечаканым — вядома, яны будуць абвяргаць гэта, бо гэта вельмі сур’ёзныя абвінавачаньні Лукашэнкавага рэжыму. Таму для мяне не было нечаканым тое, што яны моцна выступяць супраць”.

Спадару Лензі мы таксама задалі пытаньне, як ён ставіцца да паведамленьня амбасадара Цапкалы наконт таго, што дзяржава “дала ўказаньне банкаўскім і фінансавым уладам у Беларусі праверыць банкаўскія рахункі й грашовыя патокі, каб вызначыць, ці маюць яны дачыненьне да фінансавых сетак тэрарыстаў”.

(Лензі: ) “Я не ўспрымаю гэта сур’ёзна, што б там ні было. Я думаю, гэта чыстае рэклямаваньне зь іхнага боку. Маю на ўвазе, што яны маглі скантактавацца зь некалькімі банкамі — толькі дзеля таго, каб сказаць, што яны зрабілі гэта. Аднак што да сур’ёзных захадаў з боку беларускага ўраду — я не ўспрымаю гэта сур’ёзна наагул”, — сказаў Радыё Свабода Марк Лензі, аўтар нашумелай публікацыі ў “Washington Post”.

А прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка распавёў:

(Латушка: ) “У адпаведнасьці з рэзалюцыяй Рады Бясьпекі ААН, у якой утрымліваўся шэраг патрабаваньняў, а таксама палажэньняў не для абавязковага выкананьня, Беларусь правяла адпаведную праверку банкаўскае сыстэмы на прадмет магчымай наяўнасьці грошай, якія былі б зьвязаныя з магчымымі тэрарыстычнымі групоўкамі”.

Мы пацікавіліся ў Марка Лензі, ці была для яго нечаканай лавіна публікацыяў пра беларускі гандаль зброяй пасьля ягонага артыкулу ў “WP”.

(Лензі: ) “Я пісаў ужо матэрыялы пра Беларусь раней, і я наведваў Беларусь. Дарэчы, я захоплены гэтай краінай, людзі там неверагодна дружалюбныя й вельмі талерантныя. Рэч, якая зьдзіўляе мяне, — краіна, якая цягам усяе гісторыі, цягам ХХ-га стагодзьдзя, асабліва ў Другой усясьветнай вайне, пацярпела больш, чым любая іншая краіна Эўропы, і гэта шмат пра што кажа, пасьля гэтага атрымала Чарнобыль, а цяпер вы маеце Лукашэнкаў рэжым. Нешчасьлівы бок — тое, што шматпакутны народ, як я думаю, насамрэч не заслугоўвае рэжыму Лукашэнкі.

Адказваючы на вашае пытаньне — так, я быў зьдзіўлены, таму што Беларусь не зьяўляецца ў заходняй прэсе ў такіх памерах. Тое, што засмучае мяне, — ніхто ня чуе пра Беларусь у маёй краіне — Злучаных Штатах. І, калі шчыра, у Нямеччыне, Вялікай Брытаніі й Францыі таксама ня чуюць пра Беларусь. Таму я быў вельмі зьдзіўлены”.

Марк Лензі адказаў і на пытаньне, што значыць прапанова сэнатара Кэмпбэла ўнесьці ягоны артыкул у Запісы Кангрэсу ЗША.

(Лензі: ) “Гэта насамрэч значнае разьвіцьцё падзеяў, наколькі я разумею. Запісы Кангрэсу — гэта фактычна стэнаграма ўсяго, што адбываецца ў Кангрэсе й Сэнаце ЗША, практычна кожнае прамовы й прапановы. Таму гэта будзе назаўжды ў гісторыі Злучаных Штатаў.

Мае абвінавачаньні — гэта праўда, і Лукашэнка ведае гэта. “Washington Post” падтрымала гэтыя абвінавачаньні, а гэта, мажліва, найбольш уплывовая газэта ва ўсім сьвеце. І я ў захапленьні, што гэта было прадстаўлена ў Запісы Кангрэсу. Эўрапейскія слухачы могуць ня ведаць пра гэта, але калі вы кажаце ў ЗША, што нешта было прадстаўлена ў Запісы Кангрэсу, — гэта вельмі прэстыжна і ўплывова”, — зазначыў Марк Лензі.

А вось рэакцыя на прапанову сэнатара Кэмпбэла з боку беларускага дыпляматычнага ведамства:

(Латушка: ) “На выступленьні асобных сэнатараў са старымі абвінавачаньнямі, нічым не пацьверджанымі, пра нібыта нелегальны гандаль Беларусьсю зброяй, у якіх не прыводзіцца ніводнага факту, урад Беларусі ня будзе зьвяртаць увагі.

Калі ў сэнатараў, якія абвінавачваюць Беларусь у гандлі зброяй, няма больш сур’ёзных абвінавачаньняў, апрача артыкулу ў “Washington Post”, гэта выклікае зьдзіўленьне й проста ўсьмешку”.

Якой можа быць рэакцыя афіцыйнага Вашынгтону на дыпляматычную ноту Міністэрства замежных справаў Беларусі з нагоды гэтай ды іншых публікацыяў пра менскі гандаль зброяй зь міжнароднымі тэрарыстамі? Вось як адказаў на гэтае пытаньне спадар Лензі:

(Лензі: ) “Я ня ведаю. Мне самому цікава ўбачыць, як Вашынгтон на гэта адрэагуе. Адна рэч — гэта тое, што артыкул, трэба спадзявацца, зьявіўся своечасова для ўраду ЗША, ён прымусіць іх задумацца. Я, дарэчы, ведаю гэта як факт — што ён ужо прымусіў іх задумацца пра Беларусь і, мажліва, выкарыстаньне некаторых іхных рэсурсаў, каб дакладна праверыць і расьсьледаваць гэтыя абвінавачаньні. Я не сумняюся, што ўрад ЗША ўспрымае іх сур’ёзна — гэта відавочна. Ня ведаю — мы ўбачым, што адбудзецца”, — сказаў Марк Лензі па тэлефоне зь Вільні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG