Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ РАСЬЦЕ КОЛЬКАСЬЦЬ ЗЛАЧЫНСТВАЎ, ЗЬВЯЗАНЫХ З НАРКОТЫКАМІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пашыраную нараду з абмеркаваньнем вынікаў барацьбы са злачыннасьцю ў мінулым годзе правяло сёньня кіраўніцтва міліцэйскага ведамства. Такія нарады традыцыйна прысьвечаныя таксама праблемам на пэрспэктыву, і сёньня, паводле міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, гэтаму надавалася ня менш увагі.

Паводле крыніцаў зь Міністэрства ўнутраных справаў, вызначаныя наступныя праблемныя кірункі. Гэта найперш барацьба са злачынствамі ў галіне наркотыкаў. Мінулы год даў тут рост у 13%, прычым, калі ўлічыць значны рост нарказлачынстваў і ў 2000 годзе, то атрымліваецца, што міліцыі не ўдалося пераламіць вельмі небясьпечную тэндэнцыю.

Адмыслоўцы канстатуюць, што Беларусь ужо стала зручным калідорам для наркотыкаў з Афганістану, Пакістану ды іншых азіяцкіх краінаў у Эўропу. Праўда, часам беларуская міліцыя паказвае неблагія вынікі ў барацьбе з наркакур’ерамі. Летась канфіскавалі ўдвая больш гатовых наркотыкаў і наркатычнай сыравіны, чым пазалетась. Але адначасова значна павялічылася колькасьць злачынстваў, зьвязаных з наркотыкамі, якія ўчынілі грамадзяне Беларусі.

А што да тэмпаў, зь якімі ў спажываньне наркотыкаў уцягваецца беларуская моладзь, то яны ўдвая большыя. Міліцыя б’е трывогу і просіць дапамогі ад іншых сілавых структураў, у тым ліку спэцслужбаў.

Другой вельмі небясьпечнай тэндэнцыяй назвалі рост побытавых злачынстваў. Гэта злачынствы, якія ўчыняюцца ў сем’ях у выніку сварак, рэўнасьці ці помсты. 238 забойств ці замахаў на забойствы сваякамі было зафіксавана летась — гэта абсалютны рэкорд. Міліцыя разводзіць рукамі, ня ведаючы, як зьбіць гэтую хвалю надзвычайнай жорсткасьці сярод “талерантных” беларусаў.

Наракаюць на тое, што ў міліцыянтаў няма магчымасьці кантраляваць людзей у іхных хатах. Яшчэ кажуць, што сваю справу робіць таннае віно і гарэлка. Беспрацоўе, нізкія заробкі й падзеньне ўзроўню культуры сярод прычынаў побытавай злачыннасьці наўпрост не называюць.

Між тым, падобна, што лячэньне ад згаданых хваробаў ізноў пойдзе выключна адміністрацыйнымі захадамі. Нездарма ў сёньняшняй калегіі Міністэрства ўнутраных справаў бралі ўдзел выключна сілавікі — генэральны пракурор Віктар Шэйман, старшыня Дзяржкантролю Анатоль Тозік ды кіраўнік Савету бясьпекі Генадзь Нявыглас.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG