Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРАМАДЗКІ КАМІТЭТ ДАМОГСЯ СПЫНЕНЬНЯ ПАХАВАНЬНЯЎ НА КАЛЬВАРЫЙСКІХ МОГІЛКАХ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Нядаўна Дзяржаўная навукова-мэтадычная рада ў справах захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны надала менскім Кальварыйскім могілкам статус помніка гісторыі першай катэгорыі. Цяпер усе старыя пахаваньні на гэтых могілках прызнаныя дзяржавай гістарычнымі помнікамі — ніхто ня мае права іх зносіць незалежна ад таго, ці даглядаюць гэтыя магілы сваякі памерлых.

Кальварыйскія могілкі, заснаваныя ў Менску манахамі-кармэлітамі яшчэ ў XVIII стагодзьдзі, былі закрытыя для пахаваньняў зь сярэдзіны 1960-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Аднак у 1997 годзе Менскі гарвыканкам прыняў рашэньне пра аднаўленьне пахаваньняў на старых сталічных могілках. У выпадку, калі магіла недагледжаная, яна зносіцца, а на яе месцы зьяўляецца новая. Кошт аднаго месца пад такую новую магілу — 300 даляраў.

Пасьля прыняцьця гэтага рашэньня менскіх уладаў на Кальварыі былі ліквідаваныя дзясяткі магілаў ХІХ-га і пачатку ХХ-га стагодзьдзяў, у тым ліку магіла княгіні Патоцкай, прадстаўнікоў іншых вядомых шляхецкіх родаў, а таксама пахаваньне аўстрыйскіх салдатаў часоў Першай усясьветнай вайны.

Першымі трывогу паднялі прадстаўнікі грамадзкасьці, якія стварылі адмысловы камітэт і зьвярнуліся з просьбай абараніць мэмарыял ад разбурэньня ў пракуратуру й Дэпартамэнт па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. І гэтыя звароты далі плён. Пасьля наданьня Кальварыі статусу помніка гісторыі 1-й катэгорыі у Менгарвыканкам быў накіраваны загад прыпыніць на гэтых могілках ўсялякія пахаваньні.

Гаворыць сябар рады грамадзкага камітэіту “Кальварыя” Ала Сакалоўская:

(Сакалоўская: ) “Пахаваньні на Кальварыі прыпыненыя дзякуючы ініцыятыве простых людзей. Грамадзкасьць не магла проста не зьвярнуць увагі на тое, што робіцца на Кальварыі. Як там нішчацца дрэвы, вывальваюцца чарапы — гэта ўсё я бачыла на свае вочы, таму што там пахаваныя каля 30 маіх родзічаў. Нармальны чалавек проста ня мог прайсьці міма ўсяго гэтага”.

Начальнік упраўленьня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Менскага гарвыканкаму Валеры Чэчнаневіч паведаміў сёньня нашаму радыё, што рашэньне Дзяржаўнай навукова-мэтадычнай рады выкананае, пахаваньні на Кальварыі прыпыненыя да таго часу, пакуль Дэпартамэнт па ахове гісторыка-культурнай спадчыны не правядзе інвэнтарызацыю ўсіх кальварыйскіх магілаў і ня вызначыць межы мэмарыялу. За выкананьнем гэтага рашэньня сочыць пракуратура.

Аднак гэтае рашэньне не вырашае праблемы цалкам. На іншых могілках, якія ня маюць статусу помніка гісторыі, зьнішчэньне старых магіл працягваецца. Ніяк не абараняе старыя могілкі ад зьнішчэньня й апублікаваны на гэтым тыдні закон “Аб пахаваньні й пахавальнай справе”. Там толькі запісана, што рэканструкцыя й пашырэньне могілак магчымыя толькі пры наяўнасьці адпаведнай праектнай дакумэнтацыі й станоўчага заключэньня дзяржаўных экалягічнай ды санітарна-гігіенічнай экспэртызаў.

Таму грамадзкі камітэт “Кальварыя” зьбіраецца распаўсюдзіць сваю дзейнасьць на ўсю Беларусь, каб абараняць ад разбурэньня ўсе гістарычныя месцы пахаваньня. А на Кальварыі сябры камітэту плянуюць стварыць сапраўдны мэмарыял, аднавіць зьнішчаныя надмагільлі й збудаваць там 12 каплічак з фрагмэнтамі пакутаў Ісуса Хрыста падчас Крыжовага шляху.
XS
SM
MD
LG