Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ ЧАРГОВЫ РАЗ ХОЧУЦЬ СТВАРЫЦЬ ІЛЮЗІЮ ПЕРАМЕНАЎ


Уладзімер Глод, Менск

Як значнае пашырэньне функцыяў і паўнамоцтваў парлямэнту беларускія ўлады прадстаўляюць згоду камісіі ў міжнародных справах і сувязях з СНД “палаты прадстаўнікоў” на прызначэньне амбасадара Беларусі ў Швайцарыі Ўладзімера Каралёва яшчэ й па сумяшчальніцтву ў Ватыкане. Такую згоду сябры камісіі далі падчас іх сустрэчы зь міністрам замежных справаў Міхаілам Хвастовым.

Права на такое ўзгадненьне было прадастаўленае міжнародным камісіям абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі ўказам Аляксандра Лукашэнкі ад 19 сьнежня 2001 году. Аднак камісіі пасьля абмеркаваньня кандыдатураў на пасады амбасадараў і сталых прадстаўнікоў пры міжнародных арганізацыях прымаюць рашэньні толькі рэкамэндацыйнага характару. А гэта азначае, што да іхнай думкі могуць прыслухацца, а могуць і не прыслухацца.

Дарэчы, на працягу двух-трох наступных месяцаў МЗС Беларусі плянуе правесьці значныя зьмены ў амбасадарскім корпусе. Згодна з інфармацыяй зь міністэрства, ратацыя кадраў ахопіць ня менш як тузін краінаў. Сярод іх, напрыклад, Злучаныя Штаты Амэрыкі, Ізраіль, Турцыя, Італія.

Сьцьвярджаюць, што ў Амэрыку накіруецца цяперашні міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў, а сярод ягоных пераемнікаў першым называюць імя цяперашняга амбасадара ў Кітаі Ўладзімера Русакевіча.

Вядома, што на некаторых новых амбасадараў ужо накіравалі запыт у краіны іх будучага знаходжаньня і цяпер чакаюць агрэмана — гэта значыць згоды замежнай дзяржавы на канкрэтную асобу. Але прозьвішчы новых патэнцыйных амбасадараў так і не былі названыя падчас сустрэчы зь міністрам Хвастовым. Вось вам і пашырэньне функцыяў і паўнамоцтваў так званага парлямэнту.
XS
SM
MD
LG