Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШ ЗА 17 МІЛЬЯРДАЎ РУБЛЁЎ ЗАРОБКАЎ НЯ ВЫПЛАЦІЛІ БЕЛАРУСКІМ НАСТАЎНІКАМ


Міхал Стэльмак, Менск

Гаворыць лідэрка Рэспубліканскага камітэту настаўніцкага прафсаюзу Тамара Чобатава:

(Чобатава: ) “У нас не было такой запазычанасьці. Хто мае найбольшую запазычанасьць? Традыцыйна — Магілёўшчына. Там практычна ня выплацілі 100% заробкаў. У Берасьцейскай вобласьці з 16 раёнаў ня выплацілі заработную плату ў 14 раёнах. На Віцебшчыне з 21 раёну ня выплацілі заробкі пэдагогам у 20 раёнах. У Гомельскай вобласьці чакаюць грошай настаўнікі 19 раёнаў. У Гарадзенскай — у 16 з 17, і ў Менскай — у 18 з 22”.

Паводле Тамары Чобатавай, гэтая сумная статыстыка сьведчыць пра масавыя парушэньні дзяржаўнымі органамі адукацыі калектыўных дамоваў з настаўніцкімі прафсаюзамі. У гэтай сувязі захаваньне прафсаюзаў у сыстэме адукацыі, як лічыць спадарыня Чобатава, рэч відавочная.

Менавіта права на існаваньне прафсаюзаў адстойвалі сёньня менскія настаўнікі — лідэры й актывісты сталічнай прафсаюзнай арганізацыі. Каля 100 чалавек правялі ў парку Дружбы народаў санкцыянаваны пікет супраць урадавай пастановы, што забараняе цэнтралізаваны збор прафсаюзных складак.

(Удзельніца акцыі: ) “Амаль кожны чалавек нашай галіны ёсьць сябрам прафсаюзу. Прафсаюз вельмі актыўны”.

(Карэспандэнт: ) “Навошта настаўнікам прафсаюз?”

(Баброва: ) “Як навошта? А прафэсійная абарона мусіць жа быць”.

(Карэспандэнт: ) “Што азначае прафэсійная абарона настаўнікаў?”

(Баброва: ) “Па-першае, мы можам зьезьдзіць кудысьці адпачыць. Прафсаюзы нам дапамогуць набыць пуцёўку. І нашы дзеткі таксама могуць зьезьдзіць адпачыць у санаторыі, дамы адпачынку. Потым мы можам атрымаць нейкую матэрыяльную дапамогу”.

(Карэспандэнт: ) “Назавіце сябе, калі ласка”.

(Баброва: ) “Баброва Ларыса Георгіеўна, дзіцячы сад №187, выхавальніца”.

(Манюк: ) “Мяне завуць Манюк Алена Мікалаеўна. Я намесьніца старшыні прафкаму студэнтаў Політэхнічнай акадэміі. Штосьці трэба рабіць. Сытуацыя такая, што ў нас на рахунку застаўся мізэр. Калі мы яго здымем, дык каб затым адкрыць рахунак нанова, зноў будуць патрэбныя грошы. Са студэнтамі трэба працаваць — гэта арганізацыя адпачынку, арганізацыя падпрацовак студэнтаў”.

(Карэспандэнт: ) “А зараз я зьвяртаюся да намесьніцы старшыні менскага гарадзкога прафсаюзу адукацыі спадарыні Ніны Еўтух. Што гэта за акцыя? Што яна азначае?”

(Еўтух: ) “Пастанова ўраду абазначае, што ўсіх нас, ня толькі сяброў прафсаюзу, прымушаюць думаць так, як хоча ўрад. А думае ён, як мне здаецца, ня вельмі правільна. Чалавек выказаў сваё жаданьне зрабіць, як ён хоча, а ўрад яму гэтага не дазваляе. Яны гавораць пра тое, што гэта “жыруюць” прафсаюзныя босы. А я мушу сказаць, што ў нас і ў прафкамах, і ў райкамах ляжаць сьпісы на людзей, якім патрэбная матэрыяльная дапамога.

Ідзе 8 сакавіка, мы кожны раз арганізоўвалі для жанчын да гэтага дня сьвята, каб яны адчувалі сябе сьвяточна і ў школах, і ў садках. Але зараз нас пазбавілі гэтага права. Зараз мы ня маем гэтых грошай, бо яны ня пералічваюцца”.

У акцыі пратэсту менскіх настаўнікаў супраць антыпрафсаюзных дзеяньняў ураду браў удзел і старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Франц Вітко.
XS
SM
MD
LG