Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЛОЎНЫ САКРЭТ ШЧАСЬЛІВАГА СЭКСУ


Мікола Іваноў, Прага

Герой старажытнага грэцкага міфу Тыфоніўс, закаханы ў багіню Аўрору, выпрасіў у Багоў несьмяротнасьць, але ён забыўся папрасіць аб вечнай маладосьці. І ў старасьці жыцьцё пераўтварылася для яго ў пакуты. Як жа можна жыць доўга, але захаваць добрае здароўе? Як зрабіць старасьць такім самым прыемным і плённым пэрыядам жыцьця, як і маладосьць? Пра гэта ў перадачы Міколы Іванова “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства”.

Шчасьлівы рэгулярны і бясьпечны сэкс – гэта ня толькі функцыя падаўжэньня роду й прыемнасць, але і ўнівэрсальная тэрапія такіх захворваньняў, як сардэчна-сасудавыя хваробы, рак, рознага кшталту нэўрозы, праблемы эндакрыннай сыстэмы ды шмат іншых.

Сэкс – эфэктыўны сродак актывізацыі сыстэмаў функцыянаваньня арганізму. Ён павышае крывяны ціск, павялічвае пульс, ачышчае лёгкія, стымулюе абмен рэчываў. Падчас сэксуальнага акту актывізуецца імунная сыстэма.

Але чаму, калі сэкс сапраўды такі надзвычайны сродак умацаваньня здароўя, для мільёнаў людзей ён не прыносіць задавальненьня, чаму шмат людзей нешчасьлівыя ў сэксуальным жыцьці? Часта бывае і так, што шчасьлівыя на першы погляд сем’і з дзецьмі не задаволеныя сэксам. І прычыны гэтага часта бываюць банальныя.

Вядомыя амэрыканскія сэксапатолягі з Каліфорніі Стыў і Кэты Броды, якія ўжо шмат гадоў вывучаюць псыхалёгію сэксуальных адносінаў, даюць усім адну простую, але вельмі эфэктыўную параду. Вось іхны адказ на пытаньне “як быць шчасьлівым у сэксе?”

- Калі вы сапраўды хочаце мець шчасьлівае сэксуальнае жыцьцё, паспрабуйце быць абсалютна шчырым з вашым сэксуальным партнэрам. Паспрабуйце падзяліцца зь ім сваімі сэксуальнымі сакрэтамі. Трэба адкрыта сказаць: чаго вы хочаце, а чаго ня хочаце ў сэксе.

На думку Броды, вельмі важна абмяркоўваць сэксуальны акт, адкрыта казаць аб тым, што атрымалася і што не. “Трэба памятаць”, – лічыць доктар Кэты Броды, што мэта сэксуальнага акту не аргазм, а дасягненьне вышэйшай ступені інтымнасьці”.

Мільёны людзей, як сьведчаць апошнія даследваньні, маюць вялікія праблемы з размовамі аб сэксе. У Іністытуце сэксалёгіі амэрыканскага штату Мічыган былі праведзеныя навуковыя даследваньні з удзелам 2000 асобаў. Высветлілася, што 9 з 10 мужчынаў маюць цяжкасьці ў шчырым выказваньні сваіх сэксуальных патрэбаў і жаданьняў, калі размаўляюць са сваімі сэксуальнымі партнэрамі. Сярод жанчынаў падобныя праблемы мела толькі палова ўдзельнікаў экспэрымэнту. Гэтыя дадзеныя датычаць усіх: ад моладзі да людзей сталага веку.

Высьветлілася таксама, што сярод удзельнікаў даследваньня было шмат такіх, якія жылі ў шлюбе па 20-30 гадоў і ніколі не размаўлялі са сваім сэксуальным партнэрам аб тым, які сэкс ім патрэбны.

Выявілася таксама, што асобы, якія маюць аднаполавую сэксуальную арыентацыю ў некалькі разоў больш шчырыя ў размовах са сваімі партнэрамі.

Барнабі Барат, прафэсар сэксалёгіі, дырэктар Інстытуту сямейнага жыцьця Ўнівэрсытэту Вэйн, так камэнтуе гэтую праблему: “У грамадзтве існуе перакананьне, што бальшыня людзей займаецца сэксам свабодна, нязмушана. Гэта філязофія “плэйбоя”. У сапраўднасьці, кожны мае канфлікты, хаця шмат хто імкнецца рабіць уражаньне, што ў яго ўсё ў парадку”.

(Барат: ) “З аднаго боку амаль усё ў нашай культуры моцна сэксуалізаванае. Але з другога, мы моцна саромеемся сэксу. Мы адчуваем нейкую віну за яго і часам мяркуем, што дэталёвыя размовы аб ім могуць пашкодзіць нашым стасункам з партнэрам”.

Амэрыканскія сэксолягі муж і жонка Броды зьяўляюцца аўтарамі бэстсэлера пад назвай “Аднавіце ваш шлюб у другой палове жыцьця”, прысьвечанай сэксуальнаму жыцьцю тых, каму за 40. У ёй яны падаюць шмат прыкладаў з свайго ўласнага сэксульнага жыцьця, даводзяць, што шчырасьць у сэксе ёсьць найлепшым стымулам для дасягненьня шчасьця і здароўя.

Кэты і Стыў жывуць у шлюбе ўжо 29 гадоў. Яны маюць трох дзяцей. Стыву 53 гады, а Кэты – 49. За гады супольнага жыцьця яны навучыліся так добра разумець адзін аднаго і тлумачыць свае сэксуальныя жаданьні і патрэбы, што часам, як сьцвярджае Кэты, яна адчувае сябе як 17-гадовая дзяўчына.

Часам яны займаюцца сэксам у аўтамашыне, часам робяць гэта ў лесе.

“Я хачу”, – зьвяртаецца часам Кэты да Стыва, – “каб ты мяне распранаў”. Альбо: “Давай лепш зробім гэта на падлозе, а ня ў ложку”, – прапануе Стыў.

Ёсць шмат спосабаў, каб з дапамогай шчырай размовы палепшыць вашае сэксуальнае жыцьцё. Сярод іх і наступныя некаторыя парады, якія мы падаем на заканчэньне першай часткі перадачы:

- Калі ваш партнёр робіць нешта вельмі прыемнае для вас, скажыце яму аб гэтым.

- Заўсёды рабіце канкрэтныя прапановы. Як напрыклад: трымай мяне наступным чынам. Альбо: пацалуй мяне. Какрэтнасьць значна больш эфэктыўная ў сэксе, чымся двузначнасьць, накшталт “Будзь рамантычным”.

- Паспрабуйце шчыра, інтэлігентна і мягка абмяркоўваць сэкс пасьля заканчэньня акту. Шчыра кажыце, што атрымалася, а што не. Заўсёды старайцеся засяроджваць увагу партнёра на станоўчых момантах. Пачынайце фразы “Мне спадабалася, калі ты зрабіў мне …” Пазьбягайце фразаў накшталт “Ты заўсёды робіш гэта дрэнна…”

Шчырасьць у размовах пра сэкс – ёсьць грунтам для гарманічных сэксуальных адносінаў. Ня варта гуляць з вашым сэксуальным партнёрам у здагаданкі. Шчырасьць і адданасьць – гэта наўпросты шлях да шчасьця і здароўя.

А цяпер некаторыя парады амэрыканскай арганізацыі Realage: як жыць доўга і ў добрым здароўі:

1. Чырвоныя памідоры – адзін з найлепшых прыродных антыоксыдантаў. У іх утрымліваецца лікапэн – рэчыва, якое дапамагае прадухіліць сардэчна-сасудавыя захворваньні. Апошнія даследваньні амэрыканскіх навукоўцаў сьведчаць аб тым, што лікапэн амаль цалкам захоўваецца ў памідорах нават падчас іх кансэрваваньня ці іншай перапрацоўкі. Такім чынам марынаваныя памідоры з вашага дачнага гароду ці кетчуп таксама карысныя для вашага здароўя. Realage сьцвярджае, што добразбалянсаваная багатая на вітаміны дыета можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.

2. Калі зь векам вас пачынаюць непакоіць чорныя кропкі, якія зьяўляюцца на скуры, ня трэба хвалявацца. Супраць іх цяпер ёсць эфэктыўны прафіляктычны сродак. Гэта крэм, у склад якога ўваходзіць рэтыноідная кіслата. Падобны крэм здольны ўжо пасьля некалькіх ужываньняў адбельваць скуру, і чорныя кропкі спачатку сьвятлеюць, а потым цалкам зьнікаюць. Realage сьцвярджае, што сталы догляд за скурай і своечасовае выкрыцьцё скураных хваробаў можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 1,5 гады маладзейшым.

3. Калі вы стала займаецеся спортам і шукаеце, што піць падчас трэніровак, ня можа быць нічога лепшага за натуральныя сокі. Экспэрты Realage падаюць вынікі аднаго даследваньня. У спартоўцаў, якія напярэдадні трэніроўкі пілі напоі ў склад якіх уваходзіла глюкоза і іншыя багатыя на калёрыі рэчывы, падчас фізычных практыкаваньняў амаль не павялічылася трываласьць. Затое тыя, хто піў сокі, быў больш трывалы. Realage сцвярджае, што амаль усе сокі пераўзыходзяць паводле сваіх вартасьцяў фабрычныя напоі з штучнымі інгрыдыентамі.

4. Ведаеце, які самы просты спосаб пахуднець? Realage раіць: проста трэба выключыць тэлевізар. Вынікі аднаго экспэрымэнту амэрыканскіх навукоўцаў сьведчаць, што калі праводзіць каля тэлевізара на дзьве гадзіны менш, можна страціць некалькі кіляграмаў залішняй вагі. “Realage” сьцвярджае, што трыманьне вагі вашага цела ў норме можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост ажно на 6 гадоў маладзейшым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG