Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АФГАНСКІ ДЗЁНЬНІК: ЧАМУ ВАЙНА ДЛЯ АФГАНЦАЎ СТАЛА СПОСАБАМ ІСНАВАНЬНЯ


Віктар Дзятліковіч, Афганістан

Кажуць, што пад час амэрыканскіх бамбаваньняў Кабулу, мясцовыя жыхары не хаваліся ў сутарэньні ды склепы. Наадварот, яны сядзелі на дахах сваіх дамоў ды назіралі за вайной як быццам гэта быў нейкі спэктакль. Сьведкам падобнае сытуацыі я стаўся ў горным раёне Тора-Бора.

Людзі бяз зброі як мурашкі абляпілі ўсе пагоркі, зь якіх было добра бачна, як амэрыканцы скідваюць свае бомбы на талібаў. Яны ж хадзілі побач з танкамі Паўночнага Альянсу, якія абстрэльвалі пазыцыі сваіх ворагаў. Час ад часу жаўнеры палкамі адганялі людзей ад танкаў, але праходзіла паўгадзіны, і сытуацыя паўтаралася. Іх не пужала нават тое, што талібы могуць страляць у адказ. За гады вайны у тутэйшых жыхароў проста згубілася пачуцьцё страху. Як сказаў мне адзін вясковец: “Калі бомба выбухне побач са мной, дык гэта воля Алаха. Ёй немагчыма супрацьстаяць, ад яе немагчыма схавацца”. Чалавек казаў гэта, і не адводзіў цікаўнага позірку ад самалёта B-52, які якраз зьбіраўся скінуць чарговы камплект бомбаў.

Афганскі народ ваяваў заўжды. Часьцяком з ворагамі зьнешнімі – арабамі, манголамі, дынастыяй Тымураў, Ангельшчынай. У перапынках паміж тымі агрэсіямі звонку пасьпявалі ваяваць і міжсобку.

У нядаўняй гісторыі можна нават убачыць паралелі зь сёньняшняй вайной супраць талібаў. У 1928 годзе рэфарматарскі ўрад караля Аманулы дазваляе жанчынам хадзіць з адкрытым тварам, забараняе гарэмы й уводзіць сьвецкія суды замест шарыяцскіх. Як вынік – паўстаньне, на чале якога стаять рэлігійныя лідары. Яны выдаюць маніфэст, дзе сьцвярджаюць наступнае: “Мы распачалі паўстаньне ў спробе зьмяніць лад кіраваньня краінай, адхіліць кіраўнікоў, якія схільныя да хабарніцтва, карупцыі, праводзяць паганскія рэформы і выдаюць законы, што супярэчаць шарыяту”.

Напачатку 1929 году тагачасныя талібы прыйшлі да ўлады, захапіўшы Кабул. Зачыняюцца амаль усе школы, астатнія патрапляюць пад кантроль ісьлямскіх сьвятароў, жанчынам зноў забараняюць здымаць паранджу. Праходзіць яшчэ год, і чарговая паралель – дзякуючы вайсковай ды фінансавай дапамозе Вялікай Брытаніі праціўнікі ісьлямістаў вяртаюць сабе уладу.

Гартаючы кнігі па гісторыі Афганістану немагчыма знайсьці нават анаго году, каб не было нейкай вайны ці паўстаньня. Кагосьці можа нават зьдзівіць, як яшчэ на гэтае зямлі застаўся хтосьці жывы. Але цуду тут няма. Я б сказаў, што афганцы прыдумалі новы спосаб вядзеньня вайны, які зьмяньшае страты да мінімуму.

Прыехаўшы у Афганістан, замежныя журналісты не адразу гэта зразумелі. Амаль не чуваць было стрэлаў, ня бачна забітых і параненых, але кожны дзень сытуацыя на фронце мянялася. Вёскі і нават гарады пераходзілі то ў рукі талібаў, то Паўночнага Альянсу. Неяк мы выехалі на лінію фронту. Салдаты былі вельмі упэўненыя ў сваіх сілах, казалі, што будуць стаяць да апошняга і крычалі “Алах акбар”.

Што ж адбылося празь некалькі дзён? Той самы горад адышоў да талібаў без аніводнага стрэлу. “Не зьдзіўляйся”, – сказаў мне чалавек, дасьведчаны ў сытуацыі. – “У Афганістане вайна ідзе збольшага з дапамогай ня зброі, а даляраў”. Гарады і вёскі пераходзяць на бок талібаў ці Альянсу, гледзячы па тым, хто прапануе мясцоваму палявому камандыру большы хабар, і большыя прэфэрэнцыі на будучыню.

Афганцы любяць сьпяваць патрыятычныя песьні. Але без патрэбы не націснуць на курак стрэльбы. Пра яшчэ адну дзіўную заканамернасьць тамтэйшай вайны мне распавядаў у Маскве былы камандуючы 40-й савецкай арміяй у Афганістане Віктар Ермакоў. Лічылася, што савецкія жаўнеры знаходзяцца ў Афганістане толькі з мэтай дапамогі войскам прэзыдэнта Наджыбулы, і пад час любых апэрацыяў яны займалі пазыцыі па-за атрадамі ўрадавых афганскіх войскаў. “Але вось дзіўная справа”, – успамінаў Віктар Ермакоў, – “як толькі чуліся першыя стрэлы, нашыя саюзьнікі раптам кудысьці зьнікамі, і савецкія жаўнеры апыналіся на першай лініі агню”.

Савецкага генэрала трэба разумець так, што пры любой небясьпецы, афганскія жаўнеры папросту хаваліся за савецкімі танкамі. А дызертырства ды пераход на бок ворагаў тут наагул ня лічыцца вялікім злачынствам. Пад час працы я сутыкаўся з палявымі камандзірамі, якія за апошнія шэсьць гадоў вайны пераходзілі з аднаго лягера ў іншы па тры-чатыры разы.

Праўда, сёньняшняя сытуацыя адрозьніваецца ў лепшы бок. Людзі, якія даўно вывучаюць Афганістан, гавораць, што тут у рэшце рэшт можа усталявацца мір. Нямецкі журналіст Міхаэль Мартэнс тры гады таму вандраваў па Афганістане, размаўляў і з прадстаўнікамі Паўночнага Альянсу, і з талібамі. Вось ягоная думка.

(Мартэнс: ) “Калі гаворыш пра Афганістан, ніколі нельга быць упэўненым, што не пачнецца вайна, бо гэта вайна праходзіць чырвонай ніткай праз усю гісторыю краіны. Аднак зараз я ня бачу ў ніводнага палявога камандзіра дастаткова сілаў для таго, каб дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне”.

Тая ж думка прасочваецца і падчас размоваў з афганскімі вайскоўцамі. Вось што сказаў мне адзін зь іх: “Я ня думаю, што пачнецца новая вайна, бо занадта людзі стаміліся. Да таго ж вы бачыце – таджыкі і пуштуны падзялілі ўладу. Здаецца, усе засталіся задаволенымі”.

Можна пагадзіцца з тым камандзірам, але адчуваньне спакою можа быць і падманлівым. Дзесьці праз тыдзень пасьля першага прыезду ў Афганістан мне прапанавалі купіць аўтамат. За 100 даляраў – добры, расейскай вытворчасьці, альбо за 50 – трохі горшы, бо кітайскі. Чалавек, які прапанаваў зброю, сказаў, што сабе ён аўтамат даўно набыў, паклаў у скрыню, і закапаў ва ўласным садзе. Паходжаньнем Хаджы быў з гэтых мясьцінаў, але жонка і дзеці жывуць у Душанбэ. Туды ён хуткім часам выпраўляўся і сам. “Дык навошта табе аўтамат, калі ты зьяжджаеш з краіны?” – запытаўся я.

“На будучыню. На будучыню,” – паўтарыў ён, і паглядзеў на мяне так, што я зразумеў – ён нават і не ўяўляе, што вайна ў ягонай краіне можа калі-небудзь скончыцца назаўсёды.
XS
SM
MD
LG