Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УТА ЦАПФ УСЁ-ТКІ ПРЫЕДЗЕ Ў МЕНСК


Алена Панкратава, Менск

(Карэспандэнтка: ) “Спадарыня Цапф, што стала галоўнай прычынай такога нечаканага разьвіцьця падзеяў: яшчэ ўчора ў вашым бюро паведамілі, што візыт не адбудзецца і што новая паездка ў Менск пакуль не плянуецца, цяпер ўсё мяняецца?”

(Цапф: ) “Як прычыну я назаву тое, што спадар Хвастоў напісаў мне вельмі дружалюбны ліст з запрашэньнем прыехаць у Менск, і гэтае запрашэньне я прыняла”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вядома, напярэдадні Менск паставіў дэлегацыі АБСЭ наступныя ўмовы: сустрэчы й перамовы без удзелу супрацоўнікаў місіі АБСЭ ў Менску. Ці вы прынялі гэтыя ўмовы?”

(Цапф: ) “Не, гэтых умоваў больш няма. Спадар Хвастоў у сваім лісьце падкрэсьліў, што зацікаўлены ў канструктыўным дыялёгу, што менавіта праз АБСЭ Беларусь і Эўропа змогуць разьвіваць добрыя стасункі... Такім чынам, наш візыт адбудзецца — як раней было заплянавана”.

(Карэспандэнтка: ) “У якім стане знаходзіцца пытаньне адносна прызначэньня новага кіраўніка місіі АБСЭ ў Менску?”

(Цапф: ) “Беларускі ўрад, як я ведаю, яшчэ не акрэдытаваў спадара Эбэргарда Хайкена. Спадар Хайкен быў прапанаваны на гэтую пасаду міністрам АБСЭ, і я перакананая, што гэтае пытаньне вырашыцца вельмі хутка. Я ўпэўненая, што спадар Хайкен хутка будзе прадстаўляць місію АБСЭ ў Менску”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці адбудуцца нейкія зьмены ў праграме вашага візыту, а таксама ў складзе дэлегацыі, якая павінна прыехаць разам з вамі 3-га лютага?”

(Цапф: ) “Як і заплянавана, мы будзем сустракацца з апазыцыяй, прэсай, адміністрацыяй і гаварыць на тыя тэмы, якія мы абмяркоўвалі ў часе нашага мінулага візыту ў Менск. У прыватнасьці, размова будзе пра ўмацаваньне правоў парлямэнту (гэта вельмі важны момант), адносна пытаньня свабодаў СМІ, адносна будучага Закону аб прэсе і Закону аб выбарах, які зараз абмяркоўваецца. І, вядома, мы будзем гаварыць пра тое, як разьвіваць і ўсталёўваць цывілізаваныя дачыненьні паміж уладай і апазыцыяй ў Беларусі.

У складзе дэлегацыі адбудуцца пэўныя зьмены. Не прыедзе прадстаўнік Украіны. Адносна прыезду іншых дэлегатаў (з Латвіі, Швэцыі і Гішпаніі) пакуль канчаткова ня ведаем. Што да мяне, то я прыеду ў любым выпадку, нават калі й адна”, — паведаміла Свабодзе кіраўніца працоўнай групы АБСЭ Ута Цапф.

Паводле Уты Цапф, посьпех любых перамоваў залежыць ад кампрамісу, і яна спадзяецца, што гэты кампраміс будзе дасягнуты.

Спадарыня Цапф таксама паведаміла, што падчас размовы зь міністрам Хвастовым яна ня будзе абмяркоўваць адмову ў беларускай візе былому кіраўніку місіі АБСЭ ў Менску спадару Віку. Гэта, мяркуе яна, сувэрэннае рашэньне МЗС Беларусі адносна прыватнага візыту прыватнай пэрсоны, і гэтае пытаньне ня мае ніякага дачыненьня да АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG