Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЭНСІЯНЭРКА ЗАСТАНЕЦЦА ЖЫЦЬ У БАРАКАХ


Алесь Горбач, Баранавічы

Памяшканьні, дзе жыве Марыя Анойкіна са сваімі суседзямі ўжо 40 гадоў, кватэрамі можна назваць умоўна. Ніхто нават дакладна ня ведае, калі былі ўзьведзеныя гэтыя драўляныя будынкі — вядома толькі, што да 1917 году (менавіта так і значыцца ва ўсіх дакумэнтах). Кажуць, што за царскім часам гэта былі стайні, а савецкая ўлада прыстасавала іх пад жытло. Дасёньня ў чатырнаццаці бараках пражывае 183 сям’і.

Марыя Анойкіна кажа, што іхны барак найгоршы. Яшчэ ў 1992 годзе дом па вуліцы Камарова, 10, аб якім і йдзе размова, Баранавіцкі гарвыканкам прызнаў не прыгодным для пражываньня. Аднак знаходзіцца ён на балянсе Міністэрства абароны, а значыць, яму і вырашаць жыльлёвае пытаньне. Затым жыхарам паабяцалі даць кватэры ў новым доме, які будаваўся побач, але не далі. Затым абяцалі ў 1998 годе зрабіць капітальны рамонт, але не зрабілі. Сёньня барак знаходзіцца ў аварыйным стане, але ніякіх захадаў ніхто ня робіць.

Судовае разьбіральніцтва пазову Марыі Анойкінай да Міністэрства абароны пачалося яшчэ два месяцы таму, аднак судзьдзя Баранавіцкага гарадзкога суда Іосіф Салавей прыпыніў справу ў сувязі з тым, што кіраўнік гарадзкой вэртыкалі Віктар Дзічкоўскі разам зь міністрам абароны Мальцавым зьвярнуліся да кіраўніка ўраду Генадзя Навіцкага з просьбай выдзяліць з рэспубліканскага бюджэту больш як 3 мільярды рублёў на будаўніцтва новага жылога дому для жыхароў царскіх стайняў. Таму судзьдзя вырашыў дачакацца рашэньня прэм’ера.

Аднак за два месяцы Генадзь Навіцкі нічога не адказаў. Старшыні гарвыканкаму Віктару Дзічкоўскаму давялося яшчэ адным лістом нагадаць міністру абароны аб справе, аднак у адказ ізноў цішыня.

Прадстаўнік адказчыка не пагадзіўся з патрабаваньнем Марыі Анойкінай, бо барак, маўляў, на сёньняшні дзень мае больш за 90% зносу і ня можа быць адрамантаваны.

З гэтым пагадзіўся і суд. У рашэньні, якое абвесьціў сёньня судзьдзя Салавей, гаворыцца, што пазоў Марыі Анойкінай да Міністэрства абароны аб прымусе да капітальнага рамонту задаволіць немагчыма, бо дом па вуліцы Камарова, 10 знаходзіцца ў аварыйным стане.

Юрыст Баранавіцкага аддзяленьня Беларускага Гельсынскага камітэту Юры Бунееў, які прадстаўляў інтарэсы пэнсіянэркі ў судзе, кажа, што такое рашэньне дае Марыі Анойкінай права патрабаваць ад мясцовых уладаў тэрміновага высяленьня яе з аварыйнага будынку і прадстаўленьня жылога памяшканьня, якое адпавядала б усім спажывецкім стандартам. Штопраўда, ніхто ня верыць, што такое патрабаваньне будзе выкананае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG