Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У СТРАЗБУРЫ АБМЯРКОЎВАЮЦЬ БЕЛАРУСКІЯ СМІ


Валер Каліноўскі, Стразбур

Гэтыя слуханьні выклікаюць вялікую зацікаўленасьць у парлямэнтарыяў, у праваабарончых арганізацыяў, у журналісцкіх зьвязах. Зь Менску ў Стразбур прыехалі 5 незалежных журналістаў і прадстаўнікоў Беларускай Асацыяцыі Журналістаў (БАЖ) на чале зь ейным старшынём Жаннай Ліцьвіной. Таксама прыехаў міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны.

Зразумела, асноўная дыскусія разгарнулася паміж двума беларускімі бакамі, але замежныя назіральнікі таксама выказваліся на гэты конт. Прадстаўнікі БАЖ распавядалі пра апошнія выпадкі парушэньня сваобды слова ў Беларусі, пра закрыцьцё газэты “Пагоня”, пра закрыцьцё рэлігійнай радыё перадачы “Голас душы”, пра крымінальныя справы супраць газэтаў. Цягам дыскусіі прадстаўнікі БАЖ вылучылі некалькі істотных патрабаваньняў да беларускіх уладаў, якія былі падтрыманыя прадстаўнікамі Рады Эўропы.

Першае, гэта патрабаваньне грамадзкага абмеркаваньня новага закона аб сродках масавай інфармацыі Беларусі. Другое, гэта дэманапалізацыя тэлебачаньня і радыё ў краіне. Трэцяе, стварэньне роўных умоваў для дзяржаўных і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі.

Сутнасьць падыходу ўлады да гэтых пытаньняў мы можам зразумець зь сёньняшняй прамовы міністра Падгайнага:

(Падгайны: ) “Мы ёсьць крайнай, дзе дэмакратыя пакуль толькі ўсталёўваецца, і ў свой час мы былі папросту вымушаныя прыняць жорсткія захады па цэнтралізацыі, каб унікнуць нутраных канфліктаў. На сёньняшні дзень гэты этап скончаны. Сёньня мы імкнемся наблізіць сваё законадаўства, свае дзеяньні да эўрапейскіх стандартаў. Калі гэта ў нас атрымаецца, то я мяркую, гэткія слуханьні мы будзем праводзіць ня тут у Радзе Эўропы, а ўсё ж будзем разьбірацца ўдома”.

Сапраўды міністар Міхаіл Падгайны адказваў на пытаньні нібыта вельмі канструктыўна. Ён казаў, што многія “рэпрэсіўныя” артыкулы закона аб СМІ ўжо пераглядаюцца, што другі нацыянальны канал будзе недзяржаўным, а акцыянэрным, што ў этэры Беларускага тэлебачаньня хутка зьявяцца апазыцыйныя палітыкі, маўляў, рыхтуецца адмысловая сэрыя перадача.

Старшыня Камітэту ПАРЭ ў справах культуры, навукі і адукацыі Луі-Мары Пуі быў вельмі зьдзіўлены гэтымі выказваньнямі спадара Падгайнага. Ён сказаў, што нідзе ў сьвеце міністар ня можа абяцаць зьменаў у тэлепраграме канкрэтных каналаў, бо вяшчаньне адбываецца без умяшаньня ўладаў, і, маўляў, гэтую сытуацыю ў Беларусі трэба мяняць у адпаведнасьці стандартам Рады Эўропы. А аргумэнтацыя дэпутата “палаты прадстаўнікоў” Лосева аб тым, што яны быццам бы ня могуць даць дазволу на доступ да дзяржаўнага тэлебачаньня і радыё прадсатўнікам апазыцыі паколькі яны не прызнаюць новую канстытуцыю, прадстаўнікі Рады Эўропы ня ўспрынялі ўвогуле.
XS
SM
MD
LG