Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПРАВА ПРА АБРАЗУ ГОНАРУ І ГОДНАСЬЦІ ПРЭЗЫДЭНТА ЗАЦЯГВАЕЦЦА


Казімер Яноўскі, Гомель

Чатыры з паловай месяцы вывучае Рэчыцкая пракуратура віншавальную скрынку з падарункамі Аляксандру Лукашэнку. Яе перадала Натальля Брэль 30 жніўня мінулага году ў гарвыканкам да дня народзінаў кіраўніка дзяржавы.

Аднак загадчык арганізацыйна-кадравага аддзелу гарвыканкаму Ўладзімер Вядзьгун не накіраваў пакунак адрасату. Ён адчыніў скрынку і, убачыўшы там вяроўку, завязаную пятлёй, ды іншыя дробныя рэчы з запіскамі, перадаў віншавальны пакунак у пракуратуру.

13 верасьня старшы сьледчы пракуратуры Юрый Дзям’янчык распачаў супраць маладой актывісткі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Натальлі Брэль крымінальную справу нібыта за публічную абразу Аляксандра Лукашэнкі.

Пазьней да першапачатковых абвінавачаньняў сьледчы прыбавіў яшчэ адзін артыкул Крымінальнага кодэксу (367 — паклёп на прэзыдэнта).

Хаця Натальля Брэль правяла амаль трое сутак за кратамі, абвінавачаньняў яна не прызнала. Не прызнае і зараз. Яна толькі запакавала падрыхтаваныя рэчычанамі падарункі ў шыкоўную скрынку і перадала ў гарвыканкам.

Паводле словаў пракурора Будкова, справу сьледчы Дзям’янчык мог накіраваць у суд яшчэ ў лістападзе. Аднак на тое не было распараджэньня “зьверху”, паколькі, як выказаўся Будкоў, закранаюцца інтарэсы высокай асобы — кіраўніка дзяржавы.

На падставе ўласных паўнамоцтваў пракурор Будкоў падоўжыў дасьледаваньне крымінальнай справы на месяц. Наступным разам прыйшлося прасіць дазвол на працяг дасьледаваньня яшчэ на два месяцы ў абласнога пракурора. У лютым сыходзіць і гэты тэрмін, а справа ўсё яшчэ знаходзіцца ў пракуратуры.

На такое зацягваньне дасьледаваньня, паводле меркаваньня адваката Іванішкі, магчыма, ня варта было б зьвяртаць увагі. Але з Натальлі Брэль узялі падпіску пра нявыезд, што перашкаджае ёй як асьпірантцы Інстытуту гісторыі займацца навуковай працай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG