Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСТУЦЬ ЧЭРГІ Ў ПАЛІКЛІНІКАХ


Любоў Лунёва, Менск

У Беларусі пасьля моцных маразоў надышла адліга, а зь ёю і чэргі ў паліклініках. Загадчыца тэрапэўтычнага аддзяленьня 34-й менскай гарадзкой паліклінікі Людміла Фіцнер распавяла нашаму радыё:

(Фіцнер: ) “Апошнім часам паток хворых у нашу паліклініку рэзка павялічыўся. Павялічылася і колькасьць візытаў лекараў на дом. З чым гэта зьвязана? Мы мяркуем, што перш за ўсё, з надвор’ем. Вельмі многа хворых дзяцей, школьнікаў. Паміж імі больш цесныя кантакты. Трэба адзначыць, што прышчэпка робіцца бясплатна. Яе робяць людзям сталага ўзросту, тым, у каго грып выклікае цяжкія наступствы”.

Менчукі прызвычаіліся да таго, што напярэдадні эпідэміі мэдыкі праз сродкі масавай інфармацыі агітуюць насельніцтва зрабіць прышчэпкі. Многія памятаюць час, калі на прадпрыемствах прымушалі рабіць прышчэпкі. Кіроўцаў грамадзкага транспарту не выпускалі на лінію без адпаведнай даведкі.

Але сёлета ўсё кардынальна зьмянілася: няма заклікаў мэдыкаў “Усе на прышчэпкі!” па тэлебачаньні і ў дзяржаўным друку. Чаму? Мы зьвярнуліся ў Менскі гарадзкі цэнтар гігіены й эпідэміялёгіі да доктаркі Марыны Вараксы, каб высьветліць гэтае пытаньне.

(Варакса: ) “Нам вакцыну выдалі толькі на прышчэпкі людзям сталага веку і тым хворым, у якіх грып выклікае вельмі небясьпечныя наступствы. Далёка ня кожны жадаючы можа зрабіць сабе прышчэпку ад грыпа. Яе папросту не хапае. На буйных прадпрыемствах адміністрацыя прапаноўвае рабіць прышчэпкі ў “Ладэ” за грошы. Чаму ў “Ладэ”? Таму што менавіта гэтая фірма закупала вакцыну.

Калі вы так жадаеце зрабіць прышчэпку ў паліклініцы, то цяпер ужо запозна. Эпідэмія вось-вось пачнецца, а прышчэпку трэба рабіць за два тыдні. Акрамя таго, прышчэпка не гарантуе ад захворваньня грыпам, яна толькі спрыяе таму, каб захворваньне прайшло ў больш лёгкай форме. У гэтым годзе мы чакаем грыпа, як заўсёды з поўдня, прычым у так званай мяшанай форме — тыпу “А” і “В”. Грып для нас абсалютна звычайная зьява. Людзі з нармальным імунітэтам яго перанясуць адносна лёгка. Мы мяркуем, што гэтым разам будзе мяшаная эпідэмія”.

У мэдычным цэнтры “Ладэ” нам паведамілі, што людзі да іх ідуць рабіць прышчэпкі, але ў асноўным ім трэба даведка для сваёй адміністрацыі пра тое, што яны тут былі. Увогуле мэдыкі лічаць, што насельніцтва ў Беларусі недастаткова пісьменнае ў пытаньнях прафіляктыкі захворваньняў. Яно ніколі й не імкнулася рабіць прышчэпкі па ўласнай ініцыятыве, а цяпер, калі няма прымусу, як за савецкім часам, — тым больш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG