Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАЛЁКА НЯ ЎСЕ ГАЛІНОВЫЯ ПРАФСАЮЗЫ ВЫРАШЫЛІ ПАДТРЫМАЦЬ АБ’ЯЎЛЕНЫ СТРАЙК САЛІГОРСКІХ ШАХЦЁРАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Ініцыявала разгляд справы адміністрацыя “Беларуськалію”. Паводле ейнага меркаваньня, рашэньне 6-тысячнага мітынгу працоўных Салігорску, які адбыўся 11 студзеня й абвесьціў аб правядзеньні 5-хвіліннага страйку шахцёраў “Беларуськалію”, незаконнае.

Сёньня ў суд выклікалі арганізатараў згаданага мітынгу пратэсту — лідэраў двух прафсаюзаў, якія дзейнічаюць на прадпрыемстве. Вось што паведаміў нашаму радыё старшыня 17-тысячнага прафсаюзу хімікаў “Беларуськалію” Леанід Зайцаў:

(Зайцаў: ) “Адным з пунктаў рэзалюцыі было пытаньне абвесьціць папераджальны 5-хвілінны страйк. Гэтае пытаньне сёньня і абмяркоўвалася. Судзьдзя сёньня абмяркоўваў і законнасьць пастановы ўраду. Я спадзяюся, што праўда будзе на нашым баку.

Што тычыцца нашай прафсаюзнай арганізацыі, то мы ўчора падрыхтавалі прадстаўленьне на імя генэральнага дырэктара, дзе зазначылі пра шэраг парушэньняў наймальнікам калектыўнай дамовы. Ёсьць шмат варыянтаў, дзе можна дамовіцца й весьці працэс перамоваў. Мы гатовыя прыпыніць страйк і мы гатовыя не ўступаць з наймальнікам у калектыўную працоўную спрэчку пры ўмове, што літара закону наймальнікам будзе выконвацца”.

Пасьля судовага паседжаньня, якое прадоўжыцца 29 студзеня, прадстаўнікі салігорскіх прафсаюзаў накіраваліся ў Фэдэрацыю прафсаюзаў, дзе сёньня адбылася нарада старшыняў прафкамаў найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі. Леанід Зайцаў зьвярнуўся да іх за салідарнай падтрымкай — правесьці па ўсёй краіне акцыі пратэсту супраць незаконнага, на яго думку, рашэньня ўраду.

Аднак падтрымаць шахцёраў паабяцалі далёка ня ўсе прафсаюзныя лідэры. Такая пазыцыя, трэба сказаць, моцна расчаравала кіраўнікоў салігорскіх прафсаюзаў. Леанід Зайцаў на нарадзе заявіў аб здрадніцтве Фэдэрацыі прафсаюзаў у дачыненьні да ініцыятывы работнікаў “Беларуськалію”. Вось як пракамэнтаваў гэта нашаму радыё цяперашні старшыня Фэдэрацыі Франц Вітко:

(Вітко: ) “Калі гаварыць пра тую акцыю, якую хацелі б правесьці шахцёры Салігорску, трэба, вядома, каб яна прайшла ў рамках заканадаўства. Каб мы ня выйшлі з-пад таго “парасончыка” заканадаўчага, за якім на нас абрынецца “град камянёў зь неба”. Дык вось, што тычыцца акцыі падтрымкі, я вам гаварыў, што сёньня ў нас няма такога аднадушша, аднадумства, аднадзеяньня, паколькі сытуацыя ў розных працоўных калектывах розная. Кожны на сабе па-рознаму адчувае ўзьдзеяньне таго, што адбываецца ў грамадзтве. Таму мы сёньня дамовіліся, і ніхто супраць ня быў, што кожны, зыходзячы са сваіх магчымасьцяў, правядзе нейкую акцыю салідарнасьці 1 лютага”.
XS
SM
MD
LG