Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БУШ ДАЕ ПЭНТАГОНУ ДАДАТКОВА 48 МІЛЬЯРДАЎ


Мікола Іваноў, Прага

Прапанова прэзыдэнта Джорджа Буша нават больш значная, чым маглі меркаваць некаторыя кіраўнікі Пэнтагону. Гэта найбуйнейшае павелічэньне выдаткаў на вайсковыя патрэбы ад часу вялізных ваенных выдаткаў пэрыяду прэзыдэнта Рэйгана.

Прадстаўляючы свой новы бюджэт Буш заявіў:

(Буш: ) “Мой новы бюджэт прадугледжвае дадатковыя 48 мільярдаў даляраў на ваенныя выдаткі. Гэта будзе самае значнае павелічэньне ваенных выдаткаў за апошнія 20 гадоў, і яно будзе ўключаць у сабе павелічэньне заробкаў нашых мужчынаў і жанчын у мундзірах”.

Мітчэл Дэніэлс, дырэктар аддзелу распрацоўкі дзяржаўнага бюджэту адміністрацыі прэзыдэнта, паведаміў, што Буш хоча павялічыць сёлетні ваенны бюджэт на 38 мільярдаў даляраў, а таксама стварыць рэзэрвовы фонд памерам 10 мільярдаў даляраў на патрэбы вайны супраць тэрарызму. Кангрэс ужо выдаткаваў на гэтыя мэты 17 мільярдаў дадатковых грошаў, але магчыма, што да канца бюджэтнага году, які скончваецца 30 верасьня, і гэтых сродкаў ня хопіць.

Сёлетні ваенны бюджэт ЗША – 348 мільярдаў даляраў. І тое, што прапануе Буш – гэта павелічэньне амаль на 12%.

Толькі нязначная частка з запрапанаваных дадатковых выдаткаў Пэнтагону пойдзе непасрэдна на патрэбы вайны супраць тэрарызму. Дадатковыя грошы пойдуць пераважна на павелічэньне заробкаў вайскоўцаў, паляпшэньне іхных жыльлёвых умоваў, падвышэньне боегатовасьці амэрыканскага войска. Як выказаўся на гэтую тэму міністар абароны краіны Дональд Рамсфэльд, ЗША патрэбнае вельмі “элястычнае” войска, якое будзе мець менш базаў, але будзе валодаць зброяй новага пакаленьня.

Сам прэзыдэнт Буш, выступаючы перад афіцэрамі рэзэрву амэрыканскай арміі заявіў, што ён як прэзыдэнт разглядае падобнае павелічэньне ваенных выдаткаў як свой галоўны абавязак. Ён падкрэсьліў, што дадатковыя грошы пойдуць на закупкі новай звышдакладнай зброі, беспілётных самалётаў, высокатэхналягічнага абсталяваньня ў галіне камунікацыі ды іншыя патрэбы.

(Буш: ) “Мы аддаем перавагу патрэбам нашага войска. Галоўная задача – абараніць наш народ з дапамогай умацаваньня нашага войска. І гэта будзе прыярытэтам бюджэту, які я перадаю на разгляд кангрэсу ЗША”.

Прадстаўнікі рэспубліканскай партыі ў кангрэсе, да якой належыць прэзыдэнт Буш, з энтузыязмам адгукнуліся на гэтыя прапановы. “Амэрыканскі народ акажа прэзыдэнту моцную падтрымку,” – заявіў сэнатар Джон Варнэр, галоўны прадстаўнік рэспубліканцаў у камісіі па ўзброеных сілах. – “а гэтая падтрымка павінна ператварыцца ў моцную двухпартыйную падтрымку ў Кангрэсе”.

Дэмакраты прынялі новыя прапановы прэзыдэнта больш стрымана. “Зразумела мы падзяляем абавязак гарантаваць нацыянальную бясьпеку”, – падкрэсьліў сэнатар Кент Конрад, дэмакрат, старшыня сэнацкай бюджэтнай камісіі. – “і мы знойдзем патрэбныя рэсурсы. Але прэзыдэнт павінен нам сказаць: якім чынам ён зьбіраецца заплаціць за ўсё гэта”.
XS
SM
MD
LG