Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“КРЫНІЦА” ЗАСТАЛАСЯ БЯЗ ГРОШАЙ


Валянціна Аксак, Менск

Навіна гэтая ня сталася нечаканай для спадарыні Канапелькі, бо размовы пра закрыцьцё “Крыніцы” шляхам яе зьліцьця зь іншымі выданьнямі альбо спыненьнем дзяржаўнага фінансаваньня вяліся ў Міністэрстве інфармацыі цягам некалькіх апошніх месяцаў.

Але на паседжаньні сваёй калегіі 21 сьнежня чыноўнікі згадзіліся, што паколькі ўжо была завершаная падпіска на першае паўгодзьдзе 2002 году, нельга нечага мяняць у парадку выхаду часопісаў да чытача.

Але, відаць, пра гэтыя свае аргумэнты на карысьць чытачоў чыноўнікі ўжо забыліся. І сёньняшняя нарада ў Міністэрстве інфармацыі пачалася з ранейшай прапановы аб’яднаньня ў адзін часопіс “Крыніцы”, “Першацвету” і “Маладосці”.

Пасьля таго, як Генрых Далідовіч, якому было прапанавана стаць галоўным рэдактарам аб’яднанага часопіса, эмацыйна давёў чыноўнікам немажлівасьць зрабіць адным тры розныя паводле канцэпцыі й кола чытачоў выданьні, чыноўнікі абвесьцілі пра спыненьне іх фінансаваньня. Праўда, у дачыненьні “Маладосці” гэтае рашэньне кранае толькі сэрыйную бібліятэчку, у якой выдаваліся першыя кнігі маладых аўтараў, а сам часопіс пакуль што пакінулі на дзяржаўнай датацыі. Якой, аднак, ня хопіць на штомесячны выхад да чытача.

Нейкую разавую дапамогу цягам першага паўгодзьдзя абяцалі й “Крыніцы”. Аднак ейная сума і прапановы чыноўнікаў, як ёю распарадзіцца, выклікае ў галоўнае рэдактаркі Алы Канапелькі сумны сьмех.

(Канапелька: ) “Самыя галоўныя траты — заробак, ганарар аўтарам і падаткі на гэта. Дык вось калі ад гэтага адмовіцца... (сьмяецца). Будзем шукаць шляхоў выжываньня часопіса...”

Сярод індывідуальных падпісчыкаў часопіс “Крыніца” займае другую пасьля “Полымя” пазыцыю. Ягоны высокі рэйтынг сярод беларускіх інтэлектуалаў раздражняе чыноўнікаў. Не дадае ім любові да выданьня і ягоная беларусаскіраваная арыентацыя, адмова рэдакцыі друкаваць расейскамоўных аўтараў, а таксама шырокае прызнаньне сярод замежных чытачоў.

Творы пісьменьнікаў беларускага замежжа часта друкаваліся ў “Крыніцы”. Можа, і таму дзяржава вырашыла дапамагаць прэзыдэнцкім часопісам кшталту “Всемирной литературы” і “Беларусі” і пакінуць на вырак лёсу “Крыніцу”. Аднак ейны рэдакцыйны калектыў намераны захаваць сваё выданьне. Як ён гэта будзе рабіць, пакуль што не разгалошваецца.
XS
SM
MD
LG