Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫХАРЫ БЕЛАРУСІ НЯ ХОЧУЦЬ БУДАЎНІЦТВА АЭС


Галіна Абакунчык, Менск

Заявы найвышэйшых дзяржаўных асобаў пра неабходнасьць будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі частка жыхароў Беларусі ня чула, многія ўвогуле не цікавяцца палітыкай, але значная колькасьць грамадзянаў імгненна адрэагавала на новыя ініцыятывы ўладаў. У гэтым яшчэ раз давялося пераканацца, пагутарыўшы з выпадковымі мінакамі на вуліцах гораду.

На тры ўмоўныя групы падзяліліся й меркаваньні адносна пэрспэктывы АЭС: ад гарачай падтрымкі да няўпэўненай згоды й рэзкага пратэсту. Найменшую групу склалі прыхільнікі атамнай энэргэтыкі — людзі пераважна сталага ўзросту альбо супрацоўнікі адміністрацыйнага апарату. Яны перакананыя, што адной з умоваў эканамічнага пад’ёму краіны зьяўляецца разьвіцьцё атамнай энэргэтыкі.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да ідэі будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі?”

(Сяргей Іванавіч: ) “Энэргетыка Беларусі ўсё роўна патрэбная. У ХХІ-м стагодзьдзі жывем. Можна выйсьці на міжнародны энэргетычны рынак, можна ж выйсьці”.

(Выкладчык: ) “З погляду продажу электраэнэргіі за мяжу бачу ў гэтым вялікі сэнс”.

(Малады чалавек: ) “Я — за. Будзем жыць як літоўцы, і гора ня будзем ведаць. Зірнеце — Швэцыя, Нямеччына, усе краіны маюць, а чаму мы не павінны мець?”

(Пэнсіянэр: ) “Трэба будаваць. Францыя на атамнай энэргетыцы. Расея. Ну, дзесьці народ бавіцца, пратэстуе — працаваць зь ім трэба”.

Зь меншым захапленьнем пра пэрспэктывы атамнагага разьвіцьця выказалася другая ўмоўная група людзей, якія згодныя, што без АЭС Беларусі не абысьціся, хоць і ёсьць іншыя крыніцы энэргіі. У выпадку ж будаўніцтва атамнай станцыі яны чакаюць ад уладаў гарантыяў бясьпекі.

(Карэспандэнтка: ) “Вашае меркаваньне адносна ідэі будаўніцтва АЭС?”

(Дзяўчына: ) “Гэта, канечне, патрэбна — хоць гэта й вельмі небясьпечна. Трэба ўсё добра пралічыць. Я лічу, што трэба”.

(Энэргетык: ) “У нас у Белаазёрску на Бярозаўскай станцыі колькі трэба газу, мазуту, а тут — бясплатная энэргія. Іншая рэч: трэба, каб яны далі гарантыі, што яна будзе небясьпечная”.

(Студэнт: ) “Калі яна патрэбная, значыць, трэба яе будаваць”.

(Вячаслаў: ) “Калі будзем бязь сьвета й цяпла, то лепей, каб была станцыя. Але калі можна купіць энэргію, то лепш безь яе”.

(Мужчына: ) “Рэч добрая, але ж тры дзейныя атамныя электрастанцыі знаходзяцца амаль што на нашай тэрыторыі”.

Найбольшая ж колькасьць грамадзянаў выказалі вельмі нэгатыўнае стаўленьне да магчымага будаўніцтва АЭС. Акрамя таго, яны перакананыя, што ў Беларусі існуюць іншыя крыніцы энэргіі, якія дзяржава ня можа альбо ня хоча выкарыстоўваць.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да ідэі будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі?”

(Мужчына: ) “Кепска стаўлюся. Мы ня можам справіцца зь бядой яшчэ на той электрастанцыі. Не дарасьлі яшчэ да такога аб’екту. Мы можам перайсьці на энэргію штучнага паліва, і гэтую працу могуць рабіць нафтавікі. Цяпер яны займаюцца пустой і непатрэбнай справай”.

(Другі мужчына: ) “Мы й так паміраем. У мяне двое дзяцей — не скажу, што ў іх добрае здароўе”.

(Студэнт: ) “Дрэнна стаўлюся. У нас і так у Беларусі кепскае экалягічнае становішча. А тут яшчэ й электрастанцыя. Я сёлета быў у Нямеччыне, дык там усталяваныя ветракі. Забясьпечваюць у гарадах амаль усе патрэбы”.

(Жанчына: ) “Канечне, адмоўна. Я толькі што зрабіла апэрацыю на шчытападобнай залозе. Я з Гомельскай вобласьці”.

(Вайсковец: ) “Адмоўна. У мяне трое дзяцей. Ня хочу, каб паўтарылася”.

(Жанчына: ) “Ужо столькі гэтай радыяцыі ад Чарнобылю. Людзі й так хварэюць і паміраюць. Не, не, не”.

(Іншая: ) “Вядома, ня варта. Нам дастаткова й Чарнобыльскай АЭС”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці можна знайсьці іншыя крыніцы энэргіі?”

(Жанчына: ) “Для гэтага павінны працаваць навукоўцы. А каб яны працавалі, ім трэба стварыць неабходныя ўмовы. У такіх умовах, у якіх жывуць і працуюць нашыя навукоўцы, нічога стварыць немагчыма. У іх думкі пра хлеб надзённы й больш нічога”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС радыяцыйным попелам забруджана 23% ад агульнай тэрыторыі Беларусі. У “зоне” цяпер пражывае 5-я частка насельніцтва краіны. А гэта амаль 2 мільёны чалавек, у тым ліку дзеці.

Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, цяпер у Беларусі 85% дзяцей маюць захворваньні. Тым часам экспэрты ААН прагназуюць, што ў наступныя гады выпадкаў захворваньня шчытападобнай залозы будзе ня меньш за 8 тысяч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG