Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ ТЭХНАЛЁГІІ І ІНТЭРНЭТУ


Сяргей Шупа, Прага

* САН-ФРАНЦЫСКА. Вытворчасьць пэрсанальных кампутараў у 2001 годзе ўпершыню ад 1985 году зазнала спад – продаж кампутараў у сьвеце скараціўся на 4.6%. Пра гэта паведамляецца ў справаздачы фірмы Gartner Dataquest. Найбольш скараціўся закуп кампутараў у сфэры бізнэсу, а краінай найбольшага спаду ў продажы сталі Злучаныя Штаты, дзе адпаведная лічба скарацілася на 11%. Усяго за 2001 год у сьвеце было прададзена 128 мільёнаў кампутараў. Найбуйнейшымі фірмамі на рынку кампутараў летась былі Dell Computer, Compaq, Hewlett-Packard, IBM i Fujitsu Siemens.

* ГЁТЭБОРГ. Выступаючы на кірмашы сучасных тэхналёгіяў у Гётэборгу, прадстаўнікі фірмы Nokia паведамілі, што празь некалькі гадоў на зьмену дыгітальным фотаапаратам прыйдуць адмысловыя фотаапараты, далучаныя да мабільных тэлефонаў. Гэта станецца магчымым дзякуючы ўвядзеньню стандарту мультымэдыйнага абмену MMS. Новая паслуга дазволіць карыстальнікам мабільных тэлефонаў пасылаць фотаздымкі, музычныя файлы й тэксты гэтаксама, як яны цяпер пасылаюць кароткія тэкставыя паведамленьні SMS. Першыя тэлефоны з гэткімі магчымасьцямі - Nokia-7650 - паступяць у продаж у другім квартале сёлета.

* ЛОС-ГАТАС (КАЛІФОРНІЯ). Стыў Возьняк, адзін з заснавальнікаў кампаніі «Apple Computer» выступіў з плянамі стварэньня новых прыладаў мабільнай сувязі, каб, як ён сказаў, дапамагчы «простым людзям вырашаць штодзённыя сытуацыі». Возьняк паведаміў, што новая прылада будзе належыць да найноўшае клясы спажывецкай электронікі, у якой будуць выкарыстаныя дасягненьні сатэлітнага пазыцыянаваньня, мабільнай сувязі і магутных працэсараў. Што канкрэтна зьбіраецца стварыць Возьняк – пакуль што застаецца таямніцай.

* ОСТЫН (ШТАТ ТЭКСАС). Група навукоўцаў і буйныя тэхналягічныя карпарацыі заклікалі людзей ва ўсім сьвеце выкарыстаць іхныя пэрсанальныя кампутары для разьвіцьця мэтадаў лячэньня антраксу. Тыя, хто захоча ўдзельнічаць у праекце, мусяць загрузіць у свае кампутары адмысловыя праграмы, якія дазволяць выкарыстоўваць іхныя свабодныя рэсурсы. У выніку над праектам будзе працаваць вітруальны супэркампутар, здольны аналізаваць мільярды малекулаў за долі сэкунды. Тая самая ідэя была ўжытая ў дасьледным праекце лячэньня раку, калі 1 мільярд 300 мільёнаў кампутараў ва ўсім сьвеце злучыліся ў адзін звышмагутны супэркампутар.

* ВАТЫКАН. Інтэрнэт задавальняе найлепшыя і найгоршыя патрэбы чалавечай натуры і патрабуе кантролю, каб кібэрпрастору не запаўнялі распуста і грэх, заявіў у аўторак папа рымскі Ян Павел ІІ. 81-гадовы папа, які летась паслаў празь Інтэрнэт сваё першае пасланьне, назваў яго «цудоўным інструмэнтам», які варта выкарыстоўваць для пашырэньня слова Божага і захаваньня міру на плянэце. Аднак Ян Павел ІІ папярэдзіў, што хоць Інтэрнэт і дае доступ да бязьмежных ведаў, ён не абавязкова нясе з сабою мудрасьць і можа лёгка быць выкарыстаны для прыніжэньня чалавечай годнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG