Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗУСІМ МАЛЫ АДСОТАК АД АГУЛЬНАГА ЗАПАСУ ПІТНОЙ ВАДЫ Ў БЕЛАРУСІ МОЖНА ЎЖЫВАЦЬ У ЧЫСТЫМ ВЫГЛЯДЗЕ


Ігар Карней, Менск

На якасьць вады ў Беларусі пачалі зьвяртаць увагу нядаўна. Дагэтуль, на фоне куды больш надзейных пытаньняў з працаўладкаваньнем ды нявыплатай заробкаў, праблема здавалася занадта дробнай. Іржавую ды хляраваную ваду з-пад крану людзі ўспрымалі як непазьбежнасьць.

І толькі пасьля шэрагу выпадкаў, калі “звычайная” вада стала прычынай вострых інфэкцыйных кішэчных захворваньняў, легкадумныя адносіны пачалі пакрыху зьмяняцца больш сур’ёзным стаўленьнем. Але агульная сытуацыя наўрад ці карэнным чынам зьмянілася. Старшыня аднаго зь менскіх каапэратываў Сяргей Саевіч даўно назірае за сытуацыяй вакол Першага водазабору ў Хмелеўцы пад Менскам і кажа, што сьмецьце як плыло ў сталіцу раней, так плыве й зараз.

(Саевіч: ) “Каб вывезьці сьмецьце на заслаўскую звалку, трэба зрабіць папярэднюю аплату камунальным службам. Адкідаў вельмі шмат. Піларамы тут стаяць магутнейшыя. Усё сьмецьце — пілавіньне, будаўнічае сьмецьце — везьці на звалку дорага. Каб зэканоміць (альбо можа грошы ў кішэню пакласьці) усё скідвалася побач, у кінуты некалі кар’ер, які коштам прыродных крыніцаў пачаў запаўняцца вадой. Уся гэтая вада павінна кудысьці выходзіць. Адразу ж за чыгункай працякае вялейска-менская водная сыстэма, альбо першы менскі водазабор. Іншымі словамі, усё, што з гэтых адкідаў можа трапляць у ваду, усё цячэ туды”.

Паводле спэцыялістаў, ужываньне няякаснай вады выліваецца ў шэраг алергічных хваробаў. Але вінаватая ў гэтым ня толькі брудная вада, што йдзе ад водазабораў: 60% трубаў, па якіх паступае вада ў кватэры, даўно адслужылі свой тэрмін. Штогод аднаўляецца толькі 5% ад неабходнага. І пакуль на дзяржаўным узроўні да якасьці вады будуць ставіцца як да нечага другараднага, наўрад ці можна чакаць у гэтым кірунку прарыву.

Тамара Шчапёткіна зь Берасьцейшчыны сьцьвярджае, што нават для мыцьця спажываць ваду амаль немагчыма.

(Шчапёткіна: ) “Зусім не ачышчаецца вада, бо не працуе станцыя абезжалезьваньня. Такая іржавая вада! Памыўся, і трэба добра церціся, бо ўвесь руды. Прыкладам, у нас у вадзе чатыры адзінкі жалеза, а трэба, каб было 0,01. Мы нават ня маем мінімуму таго, што павінен мець чалавек”.

Не нашмат лепшыя справы ў вёсцы, хоць, натуральна, вясковыя студні ня йдуць ні ў якое параўнаньне з гарадзкімі водаправодамі. Галоўнай праблемай на вёсцы па-ранейшаму застаюцца жывёлагадоўчыя комплексы, большасьць зь якіх збудаваная ў непасрэднай блізкасьці ад вадасховішчаў. Гаворыць былы галоўны аграном гаспадаркі на Гарадзеншчыне Людміла Лабко:

(Лабко: ) “Фэрмы будаваліся, як правіла, каля вадасховішчаў, чым наносілі вялізныя страты прыродзе. Усе сьцёкі траплялі ў ваду — у рэкі, азёры. Гэта заўсёды так было. Неаднаразова калгасы штрафавалі, але ж комплекс не перанясеш; усё роўна ён заставаўся на тым месцы, дзе яго пабудавалі. Ня надта хто клапаціўся, што наносіць страты жывой прыродзе”.

Зрэшты, іншыя катэгорыі грамадзянаў, падобна, гатовыя спажываць любую ваду, абы яна толькі была. Прынамсі, да жніўня мінулага году такі значны горад як Барысаў атрымліваў ваду літаральна порцыямі — па некалькі гадзінаў на дзень. Гаворыць лекар Юры Дзядулевіч:

(Дзядулевіч: ) “Адключалася вада паўсюдна: ва ўстановах аховы здароўя, у дзіцячых садках, школах. Адзіны быў раён, бліжэйшы да так званага блатнога, дык там вада быццам была, бо кіраўнікі будаваліся бліжэй да сьвідравіны. А так вады не было наогул днямі: чым болей новабудоўляў, тым меней вады. Горад спажываў болей, чым вады ўваходзіла”.

Каб навесьці парадак у галіне водазабесьпячэньня, дзяржаве патрэбна выдаткаваць не адзін мільён даляраў. Але з боку кіраўніцтва краіны стаўленьне да здароўя нацыі пакуль не зьмянілася. А таму пытаньне “піць ці ня піць з-пад крану” застаецца актуальным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG