Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ ХІТРУЮЦЬ З ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕЯЙ АБСЭ


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня прэсавы сакратар замежнапалітычнага ведамства Беларусі Павал Латушка ня толькі пацьвердзіў факт пасланьня міністра да спадарыні Цапф, але й падкрэсьліў, што, па-першае, спадар Хвастоў надае вялікае значэньне гэтаму візыту, а, па-другое, міністар хоча сустрэцца з Утай Цапф падчас яе прыезду ў Менск.

Спадар Латушка сказаў, што, на думку міністра, галоўнай задачай рабочай групы ёсьць наладжваньне канструктыўнага дыялёгу паміж кіраўніцтвам Асамблеі і Нацыянальным сходам Беларусі, які, як падкрэсьліваецца ў лісьце міністра, ёсьць адзіным законна абраным парлямэнтам Беларусі. Да таго ж, Хвастоў хоча, каб група на чале з Утай Цапф дапамагла распрацаваць мэханізм, як ён піша, “падключэньня беларускіх парлямэнтароў да актыўнай дзейнасьці ў рамках ПА АБСЭ”.

Між тым, прэзыдэнт ПА АБСЭ Адрыян Сэвэрын, які зараз знаходзіцца ў Страсбургу, дзе праходзіць сэсія іншай міжнароднай парлямэнцкай структуры — Рады Эўропы — заявіў, што дэлегацыя на чале з Утай Цапф, якая мусіла прыехаць у Менск на пачатку лютага, туды не паедзе. Прычына — беларускія ўлады выставілі непрымальныя для візыту ўмовы.

Я спытаўся ў спадара Латушкі, як можна спалучыць гэтыя факты. Аднак выразнага адказу не было. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС:

(Латушка: ) “Я не гатовы пакуль што гэта камэнтаваць. Я думаю, што ў адпаведнасьці з дыпляматычнай практыкай трэба чакаць адказу на ліст міністра замежных справаў спадарыні Уты Цапф”.

А вось сябра сталай дэлегацыі Вярхоўнага Савета Беларусі 13 скліканьня ў ПА АБСЭ Ўладзімер Нісьцюк лічыць такую палітыку крывадушнай.

(Нісьцюк: ) “Беларускія ўлады адну руку працягваюць Захаду, каб Захад можа ня вельмі моцна, але яе паціснуў, а другая рука ў гэты час мае камень за сьпіной і гатовая ў любы момант, нават самы нязручны, даць па галаве таму, каму працягваецца рука. Гэта самы яскравы прыклад двайных стандартаў у палітыцы. Гэта ёсьць, на маю думку, самагубства.

Калі толькі нешта зрушылася зь месца, калі зьявіліся, можа, першыя кроплі даверу, калі Сусьветны банк пачаў нейкую працу тут у Беларусі, і нейкія надзеі зьявіліся, калі АБСЭ, тая ж АБСЭ, ніхто іншы, зьявілася ініцыятарам, каб у дакумэнце па выніках прэзыдэнцкіх выбараў зьявілася тэза такая, што нельга ізаляваць Беларусь… І ў гэты час той самай арганізацыі камянём, пра які я казаў”.

Менавіта ў такую, акрэсьленую спадаром Нісьцюком палітыку, упісваецца тлумачэньне адмовы ў выдачы візы на ўезд былому кіраўніку КНГ АБСЭ ў Беларусі амбасадару Віку. Сёньня Павал Латушка ўпершыню афіцыйна сказаў, чаму Гансу-Георгу Віку адмовілі ва ўезьдзе ў Беларусь.

(Латушка: ) “У сваёй дзейнасьці былы старшыня Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі амбасадар Ганс-Георг Вік страціў давер ураду краіны”.
XS
SM
MD
LG