Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МАЙКІ “СКАЖАМ ДУРНЮ – НЕ” ЎЛАДАЛЬНІКУ НЕ ВЯРНУЛІ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Міліцыянты адабралі гэтыя майкі ў жніўні непасрэдна з камэры захоўваньня заводу “Зэніт”. Як яны патлумачылі судзьдзі Галіне Кужалевай, да іх патэлефанавалі й папярэдзілі, што ў гэтай торбе знаходзіцца скрадзеная з прадпрыемства прадукцыя. Яны адкрылі камэру і знайшлі майкі з выявай Лукашэнкі. Як яны лічаць, майкі выкарыстоўвалі ў агітацыйных мэтах падчас прэзыдэнцкай кампаніі, і таму яны ня могуць быць асабістымі рэчамі прафсаюзнага лідэра.

З такой трактоўкай не пагадзіўся Аляксандар Каралёў. Ён цьвердзіць, што гэтыя майкі яму падарыў журналіст Уладзімер Лапцэвіч, які зараз знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі. Потым Каралёў завёз торбу з майкамі да сябе на працу, на завод, адкуль яна й зьнікла. Факты падарунка і разьмяшчэньня ў камэры пацьвердзілі чатыры сьведкі, у тым ліку і гардэробшчыца прадпрыемства.

Ініцыятар пазову запатрабаваў, каб суд прызнаў ягонае права ўласнасьці на гэтую маёмасьць, альбо каб міліцыянты вярнулі кошт маек — 700 тысяч беларускіх рублёў. Пасьля шматгадзінавага разгляду судзьдзя Галіна Кужалева пастанавіла: торбу вярнуць, а ў просьбе вярнуць майкі адмовіць.

Вось якую ацэнку рашэньню суда даў старшыня Свабоднага прафсаюзу заводу “Зэніт” Аляксандар Каралёў:

(Каралёў: ) “Парадокс атрымаўся — суд прызнаў права на маёмасьць у выглядзе торбы, але суд не прызнаў права на майкі ў торбе. Атрымалася, што адна частка пастановы суда супярэчыць другой. Таму надалей буду абскарджваць рашэньне суда ў вышэйшых судах. Спадзяюся, што рашэньне суда зьменіцца — мне аддадуць і майкі”.
XS
SM
MD
LG