Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ НАВУКІ


Сяргей Шупа, Прага

* НУКУАЛЁФА (ТОНГА). У астраўной краіне Тонга ў паўдзённай частцы Ціхага акіяну можа разьмясьціцца прыватны касьмічны порт, зь якога на арбіту будуць выпраўляцца турысты, якія буцуь гатовыя заплаціць за падарожжа па 2 мільёны даляраў. Каліфарнійская кампанія «Інтэрарбітальныя сыстэмы» наведала тангійскі востраў Эўа, дзе было б найбольш зручна разьмясьціць касмапорт. Паводле праведзенага ў 1998 годзе агенцтвам NASA дасьледаваньня, індустрыя касьмічнага турызму, коштам ад 10 да 20 мільярдаў даляраў, можа быць распрацаваная на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў.

* АМГЭРСТ (ШТАТ МАСАЧУСЭТС). У гарачых геатэрмальных крыніцах у гарах Бэвэргед у штаце Айдага на глыбіні 170 мэтраў былі знойдзеныя бактэрыі, якія жывуць ва ўмовах, блізкіх да марсіянскіх. Спэцыялісты Масачусэцкага Ўнівэрсытэту ў Амгэрсьце ўпершыню выявілі мікраарганізмы, якія жывуць пры адсутнасьці сонечнага сьвятла і арганічных рэчываў, ужываючы ў якасьці крыніцы энэргіі вадарод, якія выпрацоўваецца ў зямных глыбінях. Навукоўцы лічаць, што знойдзеныя бактэрыі могуць быць узорам таго, якія формы жыцьця могуць існаваць на Марсе.

* СТАКГОЛЬМ. Найбольшы ў Эўропе ляднік – Ватнаёкуль у Ісьляндыі – растае і з кожным годам робіцца танчэйшы прыблізна на 1 мэтар з прычыны пацяпленьня клімату. Гляцыёлягі лічаць, што калі раставаньне будзе працягвацца такімі тэмпамі, ад ледніку да канца стагодзьдзя нічога не застанецца. Ляднік Ватнаёкуль займае 8 працэнтаў тэрыторыі Ісьляндыі і застаецца адным з найпапулярнейшых у краіне турыстычных аб’ектаў. Калі глябальнае пацяпленьне спрычыніць далейшае раставаньне ледніку, гэта можа выклікаць катастрафічныя паводкі ва ўсходняй частцы Ісьляндыі.

* НАЙРОБІ. Экспэрты лічаць, што нядаўняе вывяржэньне вулькану Ньірагонга можа прынесьці істотную шкоду навакольнай фаўне. Прадстаўнікі Ўсясьветнага Фонду Прыроды непакояцца, што стыхійнае бедзтва закране ўсе ўзроўні экасыстэмы рагіёну – ад чарвякоў да прыматаў. Галоўная праблема палягае ў фізычным зьнішчэньні натуральнага асяродзьдзя і ў выкідах серных газаў. Найбольш непакоіць эколягаў лёс горных гарылаў, якіх у сьвеце засталося ўсяго 650 асобінаў, палова якіх жыве ў пацярпелым рэгіёне.

* ЛОС-АНДЖЭЛЕС. Касьмічны апарат «Галілей», які распачаў апошні пралёт міма спадарожніка Юпітэра – Іё – памылкова выключыў бартавыя кампутары і таму ня здолее зрабіць апошнія здымкі спадарожніка. Спробы навукоўцаў паслаць апарату каманды ўключэньня кампутараў посьпеху не прынесьлі. «Галілей», запушчаны ў 1989 годзе, перавыканаў сваю першапачатковую місію на чатыры гады і перанёс у 3 з паловай разы большую радыяцыю, чым было разьлічана. У канцы місіі «Галілей» будзе разьбіты аб паверхню Юпітэра, каб пазьбегнуць выпадковага сутыкненьня зь іншым спадарожнікам плянэты – Эўропай.

* СЫДНЭЙ. Аўстралійскія навукоўцы распрацавалі навігацыйны апарат вагою 75 грамаў, у якім выкарыстаныя электронныя мадэлі вока страказы і арыентацыйнай сыстэмы пчалы, якая дапамагае пазьбягаць сутыкненьняў зь іншымі аб’ектамі. Гэтыя штучныя насякомыя будуць выкарыстаныя ў дасьледнай місіі на Марс у 2007 годзе. Агенцтва НАСА выдаткавала на іх распрацоўку 310 тысячаў даляраў. Выпрабаваньні новых апаратаў адбудуцца ў наступным годзе. Праца аўстралійскіх навукоўцаў – дасягненьне ў новай галіне тэхналёгіі - гэтак званай «біямімэтыцы» або імітацыйнай біялёгіі.
XS
SM
MD
LG