Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ САЦЫЯЛЬНЫ КЛЮБ У МЭЛЬБУРНЕ: ЯК ЖЫВУЦЬ АЎСТРАЛІЙСКІЯ ПЭНСІЯНЭРЫ


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Рыгор Шэйпак, Надзея Яўневіч, Алег Шнэк, Янка Яшчанка.

(Шэйпак: ) “Гэты клюб яднае нас, гуртуе ўсіх самотных старэйшых людзей. Мы зьбіраемся кожныя два тыдні ў прыцаркоўнай залі – гуляем у бінго, гутарым, таксама ў нас ёсьць адмысловая лятарэя. Кожнага разу, як мы гуляем, то мы альбо купляем рэчы, альбо людзі прыносяць нешта, і мы разыгрываем гэта ў лятарэі.

Езьдзіць нам добра разам, мы езьдзім па цэлай Вікторыі, да Адэляйды езьдзім і нават далей, на ноч ці на дзьве ночы. Вельмі выгодна, калі хапае здароўя. Для людзей гэта патрэбная справа – зьведаць краіну, бо самі людзі старыя нікуды можа ўжо не паедуць і ня пойдуць самотныя, а ў кампаніі – яны яшчэ дзейныя”.

Найбольш актыўнае ў беларускай справе старэйшае пакаленьне эміграцыі паволі перадае ініцыятыву ўтрыманьня нацыянальнага жыцьця на чужыне маладзейшым нашчадкам. Але і сёньня гэтыя людзі даюць прыклад жыцьцёвай трываласьці, самадапамогі, аптымізму ў пераадоленьні тых праблемаў, якія непазьбежна ставіць перад кожным чалавекам жыцьцё ў сталым веку.

Сёньня мы гутарым з актыўнымі сябрамі клюбу пра дзейнасьць гэтай грамадзкай суполкі, а таксама і пра тое, як пачуваюць сябе старэйшыя людзі ў аўстралійскім грамадзтве, чым дапамагае ім дзяржава і што робяць яны самі, каб іх жыцьцё заставалася цікавым і напоўненым. На пачатку нашай перадачы вы пачулі старшыню клюба Рыгора Шэйпака, размову працягвае Алег Шнэк.

(Шнэк: ) “Гэты клюб ёсьць цэнтрам, дзе мы разам зьбіраемся і праводзім час. Гэта вельмі, вельмі патрэбная нам рэч, якраз гэты сацыяльны клюб, ён самы патрэбны ў Мэльбурне”.

Колькі сяброў налічвае зараз клюб? На гэта пытаньне адказвае сакратарка клюбу Надзея Яўневіч.

(Яўневіч: ) “У клюбе зараз 65 чалавек, звычайна прыходзяць чалавек 25-30 на зборкі”.

Сетка сацыяльных клюбаў у Аўстраліі складаецца як бы зь дзьвюх частак: адна прадстаўляе ўласна аўстраліўцаў, другая – клюбы, створаныя нацыянальнымі мяншынямі. Улады краіны падтрымліваюць апошніх нават матэрыяльна, выдзяляюць ім сродкі на культурныя патрэбы. Ізноў гаворыць Алег Шнэк.

(Шнэк: ) “У Аўстраліі дзяржава гэта вельмі падтрымоўвае. Аўстралійскія не падтрымлівае, а менавіта толькі нацыянальныя. Іх вельмі шмат, я маю даведнік, дык там указана, дзе і які клюб працуе. Калі ўсё палічыць, то на ўсю Вікторыю можа будзе 200 ці 300 клюбаў”.

Сярод гэтай шматнацыянальнай грамады Беларускі клюб таксама займае сваё пачэснае месца, але яго часам даводзілася адстойваць. Рыгор Шэйпак успамінае:

(Шэйпак: ) “Калі я быў на агульным сходзе сацыяльных клюбаў усіх нацыянальнасьцяў, напрыканцы пачалі чытаць сьпіс, якія нацыянальнасьці належаць да клюбаў. Чыталі ўсіх, але я ня чуў, каб назвалі ўкраінцаў, мальтыйцаў і беларусаў. Калі скончылі, я падняў руку і спытаў, чаму беларусаў ня ўспомнілі. Арганізатары сказалі, што ваша камуніты замалая. Я запярэчыў, што мясцовы ўрад прызнае нашу камуніты, а тут дыскрымінацыя атрымліваецца. Яны пачырванелі і не мелі чаго адказаць. Пасьля заканчэньнья да мяне падыходзілі шмат людзей і ціснулі мне руку. Калі быў пачастунак, тыя дзяўчаты прыходзілі да мяне і прасілі прабачэньня. Цяпер, калі робяць якія імпрэзы нацыянальныя, то заўсёды беларусаў запрашаюць як і ўсіх”.

Зьберагаючы на чужыне сваю нацыянальную годнасьць, старэйшая генэрацыя беларусаў у Аўстраліі заўсёды адзначае нацыянальныя сьвяты. Слова Алегу Шнэку.

(Шнэк: ) “Мы заўсёды сьвяткуем, не прапусьцілі за 50 гадоў ніводнага разу. У нас тры самыя галоўныя сьвяты – 25 Сакавіка (я ўжо пачаў рыхтавацца), Слуцкі Збройны Чын і Другі Ўсебеларускі Кангрэс, для нас гэта таксама як і 25 Сакавіка, бо гэта ёсьць працяг. Поўная заля заўсёды на гэтых сьвяткаваньнях”.

(Карэспандэнтка: ) “Сп. Алег, а пра сёньняшнія падзеі на Бацькаўшчыне ці ёсьць нейкая інфармацыя для сяброў клюбу?”

(Шнэк: ) “Ёсьць абавязкова. У нас зараз зьявіўся новы сябра ў клюбе, які працуе з кампутарам. Ён атрымоўвае беларускія газэты з Інтэрнэту і друкуе іх для ўсіх. Мы ў курсе справаў, ведаем, што робіцца ў Беларусі”.

Сябры Беларускага сацыяльнага клюбу ў Мэльбурне – аўстралійскія пэнсіянеры, якія знаходзяцца пад сацыяльнай абаронай гэтай дзяржавы. Мы пацікавіліся, якую пэнсію там атрымліваюць? Гаворыць Надзея Яўневіч.

(Яўневіч: ) “Дзяржаўная пэнсія, якая складае 25 адсоткаў ад сярэдняга заробку працоўнага ў краіне, прыкладна 200 даляраў на тыдзень”.

(Карэспандэнтка: ) “Сп. Надзея, ці залежыць памер пэнсіі ад працоўнага стажу і ўзроўню заробку?”

(Яўневіч: ) “Не залежыць, працавалі вы ці не, усё адно атрымліваеце пэнсію, усе аднолькава, як споўніцца 65 гадоў мужчыну і 60 –жанчыне, праўда, ім цяпер зрабілі 61 з паловай. Калі людзі маюць з чаго жыць, даходы якія-кольвек, тыя пэнсыю альбо не атрымліваюць альбо атрымліваюць часткова, можа быць лекар бясплатным, мэдыцына”.

(Карэспандэнтка: ) “А як наагул мэдыцынскае забясьпячэньне для пэнсіянераў?”

(Яўневіч: ) “Мэдыцына… Плацім толькі тры з паловаю даляры за кожны рэцэпт. Усё бясплатна, толькі на апэрацыю, калі не тэрміновая, трэба ў чарзе стаяць, бывае 1-2 гады нават”.

(Карэспандэнтка: ) “А калі, напрыклад, хтосьці ня мае ўласнага жытла ў пэнсійным узросьце, ці дапамагае тут дзяржава?”

(Яўневіч: ) “Калі яны ня маюць, яны атрымліваюць большую пэнсію. І калі хворы чалавек, муж ці жонка хворыя, то другому плацяць дадаткова за тое, што даглядае хворага, 30 ці 50 даляраў”.

(Карэспандэнтка: ) “Вядома, што ў Беларусі многія пэнсіянэры жадаюць працаваць, а як у Аўстраліі, ці магчыма адначасова працаваць і атрымліваць пэнсію?”

(Яўневіч: ) “Магчыма. Ён атрымлівае пэнсію, але калі ён заробіць больш як 2 тысячаў даляраў у год, то мусіць зь іх плаціць падатак на прыбытак”.

(Карэспандэнтка: ) “Нашыя суродзічы доўгія гады працавалі на карысьць новай радзімы, і сёньня яны могуць быць упэўненымі ў сваёй забясьпечанай будучыні. Паслухаем ізноў Алега Шнэка”

(Шнэк: ) “Нам выдаюць новую пэнсіянэрскую картку. З гэтай карткай – усё таньней. Даюць квіток, што можаш езьдзіць па ўсяе Вікторыі адзін раз бясплатна. Рэгістрацыя машыны – бясплатная і шмат чагосьці такога. Так што самая добрая прафэсія – быць пэнсіянерам”. (сьмяецца)

(Карэспандэнтка: ) “Увага і пашана да старэйшых людзей традыцыйна падтрымліваюцца ў аўстралійскім грамадзтве. Алег Шнэк працягвае…”

(Шнэк: ) “Вось у нас праз два тыдні будзе сьвята старэйшых людзей. Для ўсіх старэйшых людзей, каму за 60 гадоў, бясплатна можна будзе езьдзіць па цэлай Вікторыі. На адкрыцьцё, зьедуцца тысячы пэнсіянэраў, будзе бясплатна барбекю. Усе клюбы будуць там прысутнічаць, сьвяткаваць. Мы таксама паедзем туды”.

(Карэспандэнтка: ) “Вернемся да размовы пра Беларускі сацыяльны клюб. На якія сродкі існуе гэтая грамадзкая арганізацыя? Гэтую таямніцу адкрыў нам ягоны скарбнік Янка Яшчанка”.

(Яшчанка: ) “5 даляраў на год мы маем сяброўскія складкі з кожнага. Раз у два тыдні маем бінго, граем лятарэю і гэта ўсё ідзе ў агульную касу. Нам дапамагае і дзяржава, даюць 500 даляраў на год. Робім паездкі, маёўкі, наймаем аўтобус – гэта за кошт дзяржавы, гэтыя грошы толькі на культурныя расходы. Калі ідзем на абед, клюб плаціць прыкладна палову альбо нават 2/3 кошту. Фінансава мы “зводзім канцы з канцамі”, нават яшчэ трошкі застаецца”.

(Карэспандэнтка: ) “Сп. Янка, апрача культурнага занятку для пажылых людзей, пэўна, важная дапамога і сяброўская ўвага, калі, скажам, чалавек захварэе?”

(Яшчанка: ) “Заўсёды ў шпіталі адведваюць, дасылаюць паштоўкі. Наш сьвятар – айцец Кулакоўскі таксама езьдзіць у шпіталь да нашых людзей”.

(Карэспандэнтка: ) “Часам здараецца, што і ў апошні шлях ёсьць каму праводзіць?”

(Яшчанка: ) “Тады ўсе беларусы прыходзяць”.

Аўстралія – багатая краіна, яна можа забясьпечыць сваіх грамадзянаў матэрыяльна. Але толькі самыя людзі могуць дапамагчы сабе на схіле жыцьця пераадолець самоту, адарванасьць ад грамадзтва, аказаць адзін аднаму сяброўскую падтрымку. Менавіта ад самоты, беспэрспэктыўнасьці пакутуюць сёньня многія пэнсіянэры ў Беларусі. Яшчэ далёка не старыя людзі, што ідуць на пэнсію адпаведна беларускім законам у 55 ці 60 гадоў, аказваюцца па-за актыўным жыцьцём. Прывучаныя ва ўсім спадзявацца на дзяржаву, яны амаль не спрабуюць самааргнізавацца, каб палепшыць сваю сытуацыю хаця бы так, як гэта робяць беларусы Аўстраліі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG