Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРШЫНЯ АБСЭ ВЫРАШЫЎ ЗЬВЯРНУЦЦА ПА ДАПАМОГУ ДА РАСЕІ Ў СПРАВЕ ПРЫЗНАЧЭНЬНЯ КІРАЎНІКА КНГ АБСЭ Ў МЕНСКУ


Юры Сьвірко, Менск

Прэсавы рэліз АБСЭ не ўдакладняе, якое менавіта беларускае пытаньне выклікае занепакоенасьць "тройкі" міністраў замежных справаў – Румыніі, Партугаліі й Нідэрляндаў, – што цягам двух дзён сустракаліся ў Лісабоне.

Мы запыталі партугальскага дыплямата Луіша Кабасу, які ў адмысловай групе дзейнага старшыні АБСЭ адказвае за краіны Ўсходняе Эўропы, у тым ліку за Беларусь, што якое праблемнае беларускае пытаньне абмяркоўвалі ў Лісабоне?

(Кабаса: ) "Гэта Кансультацыйна-назіральная група. Таму што зараз мы насамрэч спрабуем прызначыць новага кіраўніка групы, і гэты працэс ня рухаецца так хутка, як хацелася бы АБСЭ. Такім чынам, гэта было пытаньнем парадку дня”.

Мы спыталіся ў спадара Кабасы, калі можа быць прызначаны новы кіраўнік групы АБСЭ ў Менску.

(Кабаса: ) “Мы ня маем дакладнай даты, бо мы ладзім зараз пашыраныя кансультацыі ў гэтым пытаньні з урадам у Менску ды зь беларускай дэлегацыяй у Вене. Такім чынам, кантакты працягваюцца, але мы яшчэ ня маем канкрэтнай даты”.

Прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ выклаў афіцыйную пазыцыю наконт праблемы з прызначэньнем новага кіраўніка КНГ у Беларусі.

(Кабаса: ) “Мы лічым, што гэта вельмі важная група. Мы надаем вялікае значэньне прысутнасьці АБСЭ ў Беларусі. І мы, безумоўна, я магу сказаць вам гэта, тут няма сакрэту – лічым гэта адным са сваіх прыярытэтаў цяпер. Маю на ўвазе гэтае прызначэньне”.

Заўтра ў Лісабон прыяжджае міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў. Ці будзе ягоны партугальскі калега Жаймэ Гама прасіць у яго дапамогі ў справе разьвязаньня праблемы з групай АБСЭ ў Беларусі? Вось як адказаў на гэтае пытаньне спадар Кабаса:

(Кабаса: ) “Ён будзе мець сустрэчу заўтра раніцай зь міністрам Гамам. Беларусь будзе абмяркоўвацца. Гэта будзе абмрякоўвацца – гэтае пытаньне стаіць высока ў нашым парадку дня”.

Гэта быў Луіш Кабаса, супрацоўнік МЗС Партугаліі, прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG