Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЙСКОВЫЯ КАМАНДЗІРЫ ХАВАЮЦЬ ЗЛАЧЫНСТВЫ СВАІХ ПАДНАЧАЛЕНЫХ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ажно на 22% павялічылася за мінулы год вайсковая злачыннасьць. Больш стала крадзяжоў вайсковай маёмасьці, павялічылася колькасьць выпадкаў дзедаўшчыны, больш вайскоўцаў загінулі ці атрымалі траўмы падчас службы. Гэтыя зьвесткі прагучалі сёньня на калегіі Беларускай вайсковай пракуратуры, якая падвяла вынікі мінулага году.

Беларускі вайсковы пракурор Вячаслаў Любавіцкі быў вымушаны прызнаць “шэраг нэгатыўных тэндэнцыяў у беларускім войску, а таксама ў памежных, унутраных і чыгуначных войсках”.

Найбольшую небясьпеку ўяўляе, паводле Любавіцкага, павелічэньне ажно ўтрая колькасьці так званых схаваных злачынстваў. Гэта тыя злачынствы, пра якія стала вядома выключна дзякуючы апэратыўнай дзейнасьці пракуратуры й спэцслужбаў. Любавіцкі абрынуўся з крытыкай на вайсковых камандзіраў, якія хаваюць злачынствы, каб рабіць выгляд, што ў іхных частках справы ідуць добра. Такіх выпадкаў было 38.

Аднак вайсковы пракурор ня лічыць адказным за гэта міністра абароны Леаніда Мальцава ды камандуючых памежных, унутраных ды чыгуначных войскаў. Паводле Любавіцкага, ва ўсіх хібах вінаватае сярэдняе зьвяно.

Пакуль начальнікі высьвятляюць, хто зь іх вінаваты ў пагаршэньні становішча са злачыннасьцю, шарагоўцы нагамі галасуюць супроць службы ў войску. Летась у некалькі разоў павялічылася колькасьць вайсковых дэзэртырстваў і ўхіленьняў ад службы. Калі ў 2000 годзе быў зарэгістраваны толькі адзін выпадак дэзэртырства, то летась з частак зьбеглі сем вайскоўцаў. На 12% павялічылася і колькасьць юнакоў, якія спрабавалі ўхіліцца ад службы.
XS
SM
MD
LG