Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІХАІЛ МЯСЬНІКОВІЧ ПАДТРЫМЛІВАЕ БУДАЎНІЦТВА Ў БЕЛАРУСІ АТАМНАЙ ЭЛЕКТРАСТАНЦЫІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прэсавая канфэрэнцыя Міхаіла Мясьніковіча й старшыні Камітэту па навуцы й тэхналёгіях Анатоля Лесьніковіча была прысьвечаная Дню навукі й праблеме рэфармаваньня Акадэміі навук. На думку Мясьніковіча, у Беларусі няма належнай сыстэмы разьвіцьця навукі, а цяперашняя сыстэма зарыентаваная на патрэбы няіснай дзяржавы — СССР.

Таму Міхаіл Мясьніковіч і ягоныя падначаленыя цяпер займаюцца стварэньнем дзяржаўнай вэртыкалі кіраваньня навукай, і да 1 лютага яны мусяць падаць Аляксандру Лукашэнку праект адпаведнага дэкрэту ў гэтай справе.

Сам Лукашэнка сьцьвярджае, што Акадэмія навук ня мусіць пераўтварыцца ў дзяржаўнае міністэрства, але прэзыдэнта акадэміі, віцэ-прэзыдэнта й сяброў прэзыдыюму будзе прызначаць менавіта ён. Ніякага дэмакратычнага абраньня кіраўніцтва акадэміі ня будзе й пасьля яе рэфармаваньня.

(Мясьніковіч: ) “Акадэмія навук ніколі не прэтэндавала й ніколі не плянавала ператварацца ў міністэрства навукі. Гэта найвышэйшая дзяржаўная навуковая арганізацыя Беларусі. Што да прызначэньняў і абраньняў. Я вас прама адрасую да словаў кіраўніка дзяржавы, які сказаў, што склад прэзыдыюму будзе зацьвярджацца прэзыдэнтам краіны пасьля шырокага абмеркаваньня гэтых кандыдатураў з навуковай грамадзкасьцю”.

Прэзыдэнт Акадэміі навук лічыць, што гэтага абмеркаваньня з грамадзкасьцю дастаткова — каб не лічылася, што кіраўнікі акадэміі прызначаюцца адміністрацыйным чынам. Кіраўніцтва акадэміі хутчэй за ўсё, будзе прызначаць дырэктараў галіновых інстытутаў, але Мясьніковіч выступае за тое, каб новых акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў абіралі самі акадэмікі й членкоры.

Міхаіл Мясьніковіч, які ёсьць толькі доктарам навук, лічыць, што прэзыдэнт акадэміі абавязкова мусіць мець званьне акадэміка і добра валодаць беларускай мовай. Сам спадар Мясьніковіч будзе займацца ў акадэміі ня толькі адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасьцю, але й навуковымі дасьледаваньнямі ў галіне дзяржаўнага кіраваньня. Спадар Мясьніковіч выступае за хутчэйшае будаўніцтва ў Менску помніка Францішку Скарыну, але не каля Акадэміі навук, а каля новага будынку Нацыянальнай бібліятэкі.

Прэзыдэнт Акадэміі навук абяцае стварыць навукоўцам вельмі добрыя ўмовы для працы, каб тыя не зьяжджалі за мяжу. Бо за мінулыя 5 гадоў Беларусь часова ці назаўсёды пакінулі каля 400 супрацоўнікаў акадэміі.

Міхаіл Мясьніковіч актыўна падтрымлівае агучаную ўчора Аляксандрам Лукашэнкам ініцыятыву пра неабходнасьць будаўніцтва ў Беларрусі атамнай электрастанцыі.

(Мясьніковіч: ) “Мы, калі гаворым пра пад’ём нашай эканомікі і дабрабыт людзей, павінны адчуваць, што гэта адразу пацягне за сабой рэзкае павелічэньне спажываньня энэргарэсурсаў. І быць залежнымі ды сядзець на пакупных рэсурсах — гэта таксама нядобра. Мы ня можам быць спажыўцамі толькі арганічнага паліва. Таму патрэбныя й нетрадыцыйныя крыніцы, і другасныя рэсурсы, і ядзерная энэргетыка. Францыя на дзьве траціны забясьпечвае свае патрэбы коштам ядзернай энэргетыкі, і ніхто не зьбіраецца эміграваць з гэтай краіны, а наадварот”.

Міхаіл Мясьніковіч і Анатоль Лесьніковіч лічаць, што гэты праект трэба дасканала падрыхтаваць і параіцца з народам. Прэзыдэнт Акадэміі навук не выключае, што адзін атамны энэргаблёк можна пабудаваць за 5 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG